Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскія прадпрымальнікі: «Мы ня хочам бегаць па вуліцах з транспарантамі!»


Праца «Віленскага» рынку ў Магілёве паралізаваная

Праца «Віленскага» рынку ў Магілёве паралізаваная

Магілёўскія прадпрымальнікі ня выйдуць на працу, пакуль ня будзе мараторыю на праверкі альбо пакуль не прыпыняць дзейнасьць указу № 222. Заклікі аднавіць гандаль на рынках і ў гандлёвых цэнтрах яшчэ да таго, як указ прыпыняць і ўвядуць мараторый, варта расцэньваць як правакацыю. Пра гэта заявілі сёньня на прадпрымальніцкім сходзе больш за сотню бізнэсоўцаў. Яны сабраліся на самым вялікім рынку гораду — Віленскім. Ініцыявалі сход удзельнікі прадпрымальніцкага антыкрызіснага форуму, які адбыўся ў Менску напярэдадні.

Пачаўся сход са справаздачы тых, хто браў удзел у прадпрымальніцкім форуме. Пра ягоныя вынікі бізнэсоўцы казалі са спадзевам на пазытыўныя зьмены.

«Скажу вам шчыра, што ў мяне да ўчорашняга дня не было ўпэўненасьці, што мы будзем працаваць, — зьвярнуўся да сваіх калегаў адзін з прадпрымальнікаў. — Учора ў мяне гэтая ўпэўненасьць зьявілася. На форуме было блізу паўтары тысячы народу. Былі двое чыноўнікаў, якія, будзем гэтак казаць, заявілі, што будуць з намі працаваць».

«У мяне зьявілася надзея на перамены пасьля форуму», — магілёўскі прадпрымальнік

«У мяне зьявілася надзея на перамены пасьля форуму», — магілёўскі прадпрымальнік

«На форум, зразумела, запрашалі прадстаўнікоў ураду, але ніхто не прыйшоў, — працягнуў удзельнік менскага форуму. — Ва ўрадзе ж усе баяцца толькі аднаго чалавека. А гэтаму чалавеку не да нас зусім. Спэцслужбы ўсё адно манітораць: хто працуе, а хто не».

«Яны хацелі, каб мы выйшлі на працу, — дадаў яшчэ адзін удзельнік форуму. — Але ўся заля сказала, што гэтага больш ня будзе, пакуль у нас ня будзе канкрэтнага рашэньня».

Паводле ўдзельнікаў форуму, на ім агучваліся зьвесткі, што прадпрымальнікам, якія наважыліся гандляваць, падаткоўцы нібыта дазваляюць працаваць безь неабходнага пакету дакумэнтаў. Магілёўскія бізнэсоўцы расцанілі такія дзеяньні як правакацыю і заклікалі сваіх калегаў не паддавацца на яе.

«Гэта робіцца для таго, каб людзі выйшлі на працу.

Да 25 студзеня нічога ня вырашыцца. Вы разьлічвайце на доўгае стаяньне. Калі мы выстаім, дык пераможам.

Мараторый да 25 чысла ня будзе падпісаны. Ня трэба паддавацца на правакацыі. Калі прэзыдэнт краіны нам скажа: „Вось вам мараторый на праверкі, працуйце“, дык мы можам выйсьці на працу. Калі ж гэта скажа нейкі чыноўнік і ў друку ня будзе такога распараджэньня, то гэта правакацыя», — казалі ўдзельнікі Менскага форуму.

Грамада ўхвальна адрэагавала на такія заклікі. Некаторыя згадалі леташняе супрацьстаяньне, выкліканае ўказам № 222, і тагачасную веру ў чыноўніцкае слова:

«Тады нам сказалі, што ўсё будзе добра, і мы выйшлі на працу, а ўказ пра дазвол на гандаль быў падпісаны пры канцы сакавіка і не на нашу карысьць», — выказалася адна з прадпрымальніц.

Прадпрымальнікі зьбіраюцца на сход

Прадпрымальнікі зьбіраюцца на сход

Магілёўскія ўдзельнікі форуму зьвярнуліся да сваіх калегаў-прадпрымальнікаў з прапановаю пісаць на зачыненых павільёнах сапраўдную прычыну, чаму яны не працуюць: «Напісаць на ралетах, што мы не працуем не таму, што мароз, як кажуць чыноўнікі, а таму, што мы ня можам працаваць. Нам не даюць».

Удзельнікі сходу пастанавілі дэлегаваць сваіх прадстаўнікоў на другі прадпрымальніцкі форум. Акрамя таго, заняцца пытаньнямі юрыдычнай дапамогі тым прадпрымальнікам, у якіх падатковыя і фінансавыя органы канфіскавалі тавар і наклалі штраф.

«Я думаю, што сытуацыя зьменіцца, — выказвае меркаваньне адзін з удзельнікаў сходу. — Урад пачуе нас і пойдзе хоць на нейкія саступкі. Мы ж многага не патрабуем».

Прадпрымальнікі падпісваюцца, што гатовыя дапамагаць калегам, якія апынуліся пад ціскам падатковых і фінансавых органаў

Прадпрымальнікі падпісваюцца, што гатовыя дапамагаць калегам, якія апынуліся пад ціскам падатковых і фінансавых органаў

Наступныя суразмоўцы выказаліся скептычна адносна таго, што ўлада пойдзе на саступкі прадпрымальнікам: «Няма ў нас даверу. Гэта ж ня першы год ката за хвост цягнуць. А сэнсу ня бачым мы. Цяпер во пойдзем у службу занятасьці займаць чаргу. Трэба станавіцца на ўлік на працу».

На пытаньне, ці вернуцца на рынак, калі сытуацыя зьменіцца, суразмоўцы адказвалі:

«У людзей няма грошай ужо на рынкі хадзіць. Дый мы стаміліся маральна.

Мы б мо і працавалі яшчэ, але з такімі падаткамі... Толку няма. Дык і людзей няма. Няма каму купляць», — заключае прадпрымальнік.

Пакуль прадпрымальнікі праводзілі сход, пакупнікі ў разгубленасьці блукалі па пустым рынку

Пакуль прадпрымальнікі праводзілі сход, пакупнікі ў разгубленасьці блукалі па пустым рынку

Пэўнасьці, што ўлада саступіць, ня мае і наступная суразмоўніца. Паводле яе, дробныя прадпрымальнікі ствараюць канкурэнцыю буйным вытворцам, а паколькі ў людзей няма грошай, то яны ідуць па таннае на рынкі:

«Гэта здараецца не ўпершыню. Улада ня хоча пачуць і зразумець нас, народ. Мы ім ня выгадныя. Да нас народ ідзе. У нас цэны ніжэйшыя. Мы канкурэнтныя. Народ ідзе да нас, а не да іх. Але спадзяюся, што ўлада нас пачуе. Мы ж жылі з гандлю, і нашы сем’і з гэтага жылі».

На думку наступнага суразмоўцы, вялікі працэнт цяперашніх гандляроў на рынку асабліва ўжо і не трымаецца за свой занятак:

«Людзі і так гэтую працу кінуць бяз гэтых усіх законаў. Пакупніцкая здольнасьць у насельніцтва дужа ўпала. Калі людзі знойдуць сабе працу па-за рынкам за чатыры мільёны, адразу ж зьбягуць. У цяперашніх умовах людзям выгадней нават дома сядзець, як гэта ні парадаксальна гучыць, чым 500 даляраў плаціць падаткаў. Гэтыя ж 500 даляраў і не адаб’еш, як у нас кажуць», — выказваецца прадпрымальнік.

Як і на мінулым сходзе, які адбыўся на гэтым жа рынку 5 студзеня, прадпрымальнікі дыстанцыяваліся ад палітычных патрабаваньняў.

«Мы ня хочам бегаць па вуліцах з транспарантамі. Нам гэта ня трэба. Нам патрэбная праца.

Мы не высоўваем ніякіх палітычных патрабаваньняў. Нам гэта таксама не патрэбна. Мы не імкнёмся ва ўладу. Мы патрабуем: дайце нам працаваць, і ўсё», — заявіў ад імя прадпрымальніцкай грамады, якая сабралася на рынку, адзін зь бізнэсоўцаў.

«Ці слушна вы робіце, калі пазьбягаеце палітыкі, не выступаеце з палітычнымі лёзунгамі, напрыклад?» — зьвяртаюся да аднаго з удзельнікаў сходу:

«Гэта, відаць, ня дужа слушна, калі быць да канца на сто працэнтаў шчырым, — адказвае ён. — Але мы ўсе ведаем, што хочам жыць добра і пасьля гэтага. Палітыка? Што мы зробім?»

Паводле ўдзельнікаў сходу, на Віленскі рынак прыехалі гандляры зь іншых гарадзкіх рэчавых рынкаў, а таксама гандлёвых цэнтраў. Бальшыня прадпрымальнікаў не выходзіць на працу ад 1 студзеня, калі ўступіў у сілу прэзыдэнцкі ўказ.

Згодна з указам № 222 прадпрымальнікам дазволена гандляваць таварамі лёгкай прамысловасьці, завезенымі з-за мяжы, толькі пры наяўнасьці дакумэнтаў, якія пацьвярджаюць якасьць і паходжаньне тавараў. Гэты ўказ паралізаваў працу прадпрымальнікаў на рэчавых рынках і ў гандлёвых цэнтрах, дзе прадавалася прадукцыя расейскай лёгкай прамысловасьці.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG