Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Чаму разьбітая галава і сьляды кайданкаў на руках?» — Маці вязьня, які вешаўся ў жодзінскай турме, ня згодная са сьледчымі


Ягор Пратасеня

Ягор Пратасеня

Сьледчы камітэт адмовіўся заводзіць справу аб давядзеньні да сьмерці вязьня жодзінскай турмы Ягора Пратасені, які рабіў спробу суіцыду на самым пачатку году, а праз тры месяцы памёр у Салігорску на руках маці.

Сьвятлана Пратасеня, ужо пахаваўшы сына, атрымала са Сьледчага камітэту ліст, у якім паведамляецца, што праверка спробы суіцыду яе сына ў жодзінскай турме № 8 не знайшла падстаў для завядзеньня крымінальнай справы па артыкуле аб давядзеньні да самагубства. «Адсутнічаюць прыкметы дзеяньня, якое караецца Крымінальным кодэксам», — працытавала Сьвятлана Пратасеня ліст, у якім ёй адмоўлена ў завядзеньні крымінальнай справы. Маці памерлага сына ня згодная і будзе падаваць скаргу.

«Яны не адразу адмовілі, а праводзілі праверку, гэта так. І паводле ліста ў межах праверкі была прызначаная экспэртыза. Прычым не адна. Першая называлася вельмі складана — судовая амбуляторная комплексная псыхалягічная і псыхіятрычная экспэртыза. А таксама была праведзеная яшчэ і дадатковая судова-мэдыцынская экспэртыза. Вось гэтыя экспэртызы іх пераканалі, што давядзеньня да самагубства майго сына з боку супрацоўнікаў турмы не было, і таму справу ня будуць заводзіць. Але як яны праводзілі тыя экспэртызы, калі сын каля месяца быў у мяне на руках, незразумела. Бо да нас больш ніхто не прыходзіў, Ягора, калі ён яшчэ быў жывы і ляжаў дома, ужо не аглядалі. Мне, праўда, паведамілі, што магу аспрэчыць гэтае рашэньне, і я гэтым правам абавязкова скарыстаюся — падам скаргу ў Генэральную пракуратуру. Скарга якраз цяпер складаецца», — сказала Сьвятлана Пратасеня.

Маці Ягора Пратасені назвала прычыны, якія даюць ёй падставы меркаваць, што сьледчыя не да канца разабраліся ў справе яе сына. Паводле маці, на галаве сына была крывавая гематома, якая сьведчыла пра атрыманую пры жыцьці траўму.

Сьледчыя палічылі, што гематома магла ўтварыцца тады, калі ахоўнік зрэзаў вяроўку, на якой павесіўся Ягор Пратасеня, і той зваліўся на падлогу.

«Маўляў, вось ён упаў і ўдарыўся галавой аб бэтонную падлогу, але гэта да сьмерці ня мае дачыненьня. Толькі ўдушэньне. Але дзе доказы, што яго ня ўдарылі яшчэ раней? І потым: а калі сапраўды гэтак паваліўся, дык чаму зрабілі гэтак, каб ён ударыўся галавой, а не падтрымалі? Калі вязень, дык хай валіцца і бʼецца? Можа, якраз у гэтым прычына комы? З гэтым трэба разьбірацца. Яшчэ, у яго на руках сьляды кайданкоў. Можа, рукі былі ў кайданках, калі вешаўся? Але хіба гэта магчыма?»

Сьвятлана Пратасеня таксама паведаміла, што сьледчыя дагэтуль не паказалі ёй перадсьмяротную запіску сына і не перадалі ягоны апошні ліст дамоў, напісаны з турмы яшчэ да іх апошняй сустрэчы пасьля суду. «Апошняя сустрэча была 19 сьнежня, і ён сказаў, што напісаў мне ліст, у якім шмат распавёў пра тое, што зь ім было і што адбываецца. Але гэты ліст да мяне так і не дайшоў. Што ў ім, невядома, хоць магу меркаваць, што там пра прычыны, якія штурхалі яго да самагубства. Бо ён казаў пра самагубства ўжо тады, папярэджваў, што гэтак адпомсьціць опэрам з управы наркакантролю, якія вялі яго справу. І вось цяпер нічога няма, усё схавана».

Калі ў Ягора Пратасені сапраўды быў настрой зрабіць самагубства, ці маглі на гэта паўплываць умовы ў камэры і абыходжаньне зь ім ахоўнікаў? Пра ўмовы, у якіх Ягор Пратасеня знаходзіўся ў жодзінскай турме, ягонай маці вядома мала.

«Сказалі, што ён увесь час сядзеў у адзіночцы, што сам туды напрасіўся. І што ягоная камэра была ў канцы калідора, дзе відэаназіраньне дрэннае, таму, маўляў, не адразу ўгледзелі, што ён палез у пятлю. Але ж гэта проста так не адбываецца, што чалавек сам хоча ў адзіночку. Магчыма, гэта наўпрост зьвязана з тым, што зь яго зьдзекаваліся падчас сьледзтва, абыходзіліся зь ім пэўным чынам», — мяркуе Сьвятлана Пратасеня.

У канцы сьнежня 2015 году 20-гадовы жыхар Салігорску Ягор Пратасеня быў асуджаны на 15 год зьняволеньня за распаўсюд наркотыкаў. Віны ён не прызнаў і казаў на судзе і на сустрэчах з маці, што ягоную справу сфальшавалі апэратыўныя супрацоўнікі ўправы наркакантролю МУС у Салігорску, а яго пасьля арышту зьбівалі і прыніжалі. На пачатку студзеня 2016 году стала вядома, што Ягор Пратасеня ў жодзінскай турме павесіўся, яго дасталі зь пятлі, аднак са стану комы вязень ня выйшаў. Спачатку Ягора Пратасеню лячылі ў шпіталі жодзінскай турмы, потым у турэмным шпіталі ізалятара на Валадарскага ў Менску, потым прывезьлі ў Салігорск, дзе 29 сакавіка малады чалавек памёр на руках у маці, так і не апрытомнеўшы. У студзені Сьледчы камітэт паведамляў, што распачаў праверку спробы суіцыду Ягора Пратасені.

Паводле праваабаронцаў «Вясны», за апошнія тры гады ў жодзінскай турме № 8 памерлі сама меней тры вязьні.

У 2013 годзе ў карцэры турмы скончыў жыцьцё самагубствам жыхар Менску Арцём К. Праз два гады кантралёр, які ахоўваў вязьня, быў прызнаны вінаватым у давядзеньні Арцёма К. да самагубства і асуджаны на 6 гадоў зьняволеньня.

Праваабаронцы мяркуюць, што адказнасьць за заўчасную сьмерць Ягора Пратасені ў любым выпадку таксама кладзецца і на супрацоўнікаў жодзінскай турмы, якія ня выканалі свае абавязкі па забесьпячэньні патрэбных умоў утрыманьня вязьняў.

Таксама «Вясна» паведаміла пра нядаўнюю сьмерць у турэмным шпіталі жодзінскай турмы вязьня Алега Багданава. Паводле афіцыйных зьвестак, Багданаў памёр ад сардэчнай хваробы. Між тым сваякі мяркуюць, што яму не аказалі патрэбнай мэдычнай дапамогі і што выздараўленьню не спрыялі ўмовы ўтрыманьня. Паводле праваабаронцаў «Вясны», управа Сьледчага камітэту па горадзе Жодзіна распачала праверку абставінаў сьмерці вязьня Алега Багданава.

У Дэпартамэнце выкананьня пакараньняў МУС камэнтаваць справу Алега Багданава адмовіліся, пераадрасаваўшы карэспандэнта ў прэсавую службу МУС.

XS
SM
MD
LG