Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Маці спытала, колькі трэба гарэлкі, каб я здох». Гісторыі вылячэньня ананімных алькаголікаў


Звычайныя людзі — бізнэсоўцы, чыноўнікі, рабочыя. Складана даць веры, што ў мінулым яны стаялі пад крамай, «страляючы» грошы на гарэлку, тыднямі ляжалі ў наркалягічных дыспансэрах.

Лепш быць рабочым — ім прасьцей выпіваць

Андрэю 42 гады, ён займаецца аддзелкай як індывідуальны прадпрымальнік. Жанаты і вось-вось чакае нараджэньня трэцяга дзіцяці. Аднак яшчэ восем год таму яго лепш ведалі не як будаўніка і сем’яніна, а толькі як заўсёднага «кліента» ў наркадыспансэры і выцьвярэзьніках.

«Я сядзеў на „хіміі“, бамжаваў, харчаваўся на сьметніках і рабаваў людзей. У мяне было шэсьць спробаў суіцыду. Усё гэта праз алькаголь».

Родам з звычайнай савецкай сям’і, першы раз Андрэй паспрабаваў гарэлку ў 13 гадоў. Як спартовец ён меў добрую фізычную форму, і арганізм успрыняў алькаголь без праблемаў.

«Я злавіў кайф ужо зь першага разу. Я меў шмат комплексаў у дзяцінстве: ня мог нармальна камунікаваць зь дзяўчатамі, ня мог пастаяць за сябе. А пасьля гарэлкі я зразумеў, чаго менавіта мне не хапала ў жыцьці».

У 15-гадовым узросьце Андрэй выпіваў прынамсі пару разоў на месяц. Купляць гарэлку не даводзілася — дома часта бывалі госьці, на выпадак чаго бацькі трымалі добры запас алькаголю. Маці працавала ў сыстэме гандлю, і дэфіцыту выпіўкі ў хаце не было. Андрэй мог выцягнуць бутэльку, і гэтага ніхто не заўважаў.

Пасьля вучылішча, якое Андрэй скончыў з чырвоным дыплёмам, ён адмовіўся паступаць у інстытут.

«Мне ўжо мала што было цікава, акрамя алькаголю. Вырашыў застацца рабочым, бо ім прасьцей было выпіваць, чым начальнікам».

За заўвагу на вуліцы я ледзь не забіў чалавека

Зь нейкага часу, напіўшыся, Андрэй пачаў рабіцца надзвычай агрэсіўным. Варта было каму ня так на яго паглядзець, як ён лез у бойку.

«Мне было бяз розьніцы, ідзе супраць мяне пяць ці дзесяць чалавек. Мяне часта зьбівалі, рэзалі і нават стралялі ў мяне. Нішто не магло спыніць маю агрэсію».

Потым аднойчы ён да паўсьмерці зьбіў чалавека, які проста зрабіў яму заўвагу на вуліцы. Нават у войска Андрэя не забралі — за тры дні да адпраўкі яго асудзілі за чарговае зьбіцьцё. Тры гады ён правёў на вольным пасяленьні. Выйшаўшы адтуль, у хуткім часе зноў ледзь ня трапіў за краты.

«А потым я ад кагосьці пачуў: «Жаніся, гэта цябе суцішыць».

І ён ажаніўся, пайшоў да сябра на працу. Нейкі час сябе стрымліваў, але пасьля нараджэньня сына сарваўся.

«Цэлыя два тыдні я піў так, што проста нічога ня памятаю. Я прыяжджаў да жонкі ў радзільню, нешта рабіў, але пра ўсё гэта мне толькі распавядалі».​

«Алькаголікі — хтосьці іншы, толькі ня я»

Прынамсі дзьве траціны ўсяго заробку Андрэй прапіваў зь сябрамі. У выніку жонка падала на развод. Адзіным выйсьцем, якое знайшоў для сябе Андрэй, быў суіцыд. Ён напісаў цыдулку, засунуў яе ў кішэню і павесіўся. Гэты было дома. І чамусьці ў гэты час нечакана дахаты прыйшоў ягоны брат.

«Дасталі зь пятлі мяне, хуткая выратавала. Павінны былі нават паставіць на ўлік у псыхушку, але неяк „адмазалі“».

Пасьля гэтага Андрэй стрымліваў сябе пэўны час, і жонка забрала заяву з ЗАГСу. Ён перайшоў на дзяржпрацу, каб зьехаць ад бацькоў. Менавіта ў людзях вакол сябе ён бачыў усе праблемы. Што праблема ў ім самім і ў ягоным спажываньні алькаголю, яму і ў галаву не прыходзіла.

У мяне ж ёсьць сям’я, жыльлё, праца. Які ж я алькаголік?

«Я не разумеў, як можна штосьці рабіць бяз выпіўкі. Зьбіраемся зь сябрамі на рыбалку, а першае, пра што я пытаю, — колькі бяром з сабой гарэлкі? Вось што мяне хвалявала».

Хоць Андрэю ўсе казалі, што ён алькаголік, ён не пагаджаўся, лічачы, што алькаголікі — гэта тыя, хто стаіць ля крамы. Але ў хуткім часе, калі заробак пачала забіраць жонка, ля крамы апынуўся і ён.

«Тады я казаў, што алькаголікі — гэты тыя, хто валяецца пад плотам. А я вось сёньня пазычу — заўтра ці праз тыдзень аддам. У мяне ж ёсьць сям’я, жыльлё, праца. Які ж я алькаголік?»

Неўзабаве, калі Андрэя сталі забіраць у выцьвярэзьнік, яму паставілі другую ступень алькагалізму. Ізноў жа, сябе алькаголікам ён не лічыў — думаў, што лекары гэта робяць проста дзеля птушачкі. Ён жа, калі захоча, у любы час можа кінуць піць. Праблема толькі ў людзях, якія яго не разумеюць.

«Калі ты падохнеш, сынку?»

Калі Андрэю было 32 гады, забілі ягонага малодшага брата. Тады за год ён дэградаваў да бамжа. Ад яго сышла жонка, выгналі з інтэрнату, а спаў ён у падвалах і проста на вуліцы.

«Толькі тады я прызнаў, што стаў алькаголікам. Грошы мне патрэбныя былі толькі на выпіўку. Харчаваўся тым, што знаходзіў у баках са сьмецьцем. Стаў рабаваць больш п’яных, чым я».

У наркалягічны дыспансэр Андрэй прыходзіў, толькі каб паправіць здароўе — баяўся, што ня вытрымае сэрца. Але потым напіваўся і сам ужо спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам.

«Але кожнага разу хтосьці мяне ўратоўваў. Або здараліся цуды, калі я падаў грудзьмі на сталёвы нож, а ён ламаўся».

Апошнім разам Андрэй спрабаваў скончыць жыцьцё самагубствам, запіваючы гарэлку бытавой хіміяй. Калі яго зноў уратавала хуткая дапамога, лекары сказалі бацькам, што ён або звар’яцее, або нарэшце давядзе свае суіцыды да канца.

«Гэта й стала пераломным момантам. Маці мне тады сказала: „Колькі табе трэба? Скрыню, дзьве? Каб ты ўпіўся і падох. Мы паплачам апошні раз, але больш ня будзем бачыць усяго гэтага“. Яна сказала менавіта „падох“, а не „памёр“. Вось тады ў мяне ў галаве нешта зварухнулася».​

«Я вучыўся жыць у грамадзтве»

Пасьля апошняга суіцыду Андрэй ляжаў у рэанімацыі ў наркалёгіі, адкуль сышоў проста ў піжаме ў групу ананімных алькаголікаў. Пайшоў зь цікаўнасьці, спадзеючыся, што там яго навучаць культуры піцьця.

«Я хацеў прыручыць свой алькаголь. Адмаўляцца ад яго не было намеру».

Наведваньне групы насамрэч дазволіла Андрэю кінуць піць. Але гэтага было недастаткова. Каб вярнуцца ў грамадзтва, трэба было перагледзець сваё стаўленьне да жыцьця. Што прапануюць ананімныя алькаголікі — гэта 12-крокавая праграма, пабудаваная на агульных маральных прынцыпах, якія можна знайсьці і ў розных рэлігіях, і ў філязофскіх вучэньнях. Скіраваная яна на тое, каб дапамагчы чалавеку прызнаць і выправіць свае недахопы.

Партрэты засанвальнікаў Садружнасьці ананімных алькаголікаў у ЗША
Партрэты засанвальнікаў Садружнасьці ананімных алькаголікаў у ЗША

«Па сутнасьці, мы вучымся жыць наноў. Алькаголікі ж ня ўмеюць падтрымліваць нармальныя стасункі зь людзьмі, ня ўмеюць сябраваць, ня ўмеюць дараваць і прымаць іншых людзей, якія яны ёсьць».

На сустрэчах у групах АА алькаголікі дзеляцца сваім досьведам пераадоленьня хваробы. Апошнім пунктам праграмы значыцца данясеньне прынцыпаў АА да іншых алькаголікаў. Так, кожны новы ананімны алькаголік мае свайго «спонсара» — больш дасьведчанага куратара, які ўжо змог перамяніцца.

«Пахадзіць на групу, кінуць піць і вярнуцца ў грамадзтва — гэта так не працуе. Алькагалізм — гэта хвароба, як цукровы дыябэт. Нам пастаянна патрэбны свой „інсулін“ — узаемападтрымка і праца над сабой. Бяз гэтага можна сарвацца. Колькі нашых субратоў устрымліваліся ад алькаголю гадамі, а потым паміралі ад аднаго зрыву».

Андрэй кажа, што толькі пасьля таго, як ён навучыўся прымаць усіх людзей без агрэсіі, ня крыўдзіцца за адмоўныя адказы на ягоныя просьбы — толькі пасьля гэтага ён стаў больш спакойным і адэкватным.

«Я кінуў піць, але жонка мне казала: „Учора ты быў п’яная скаціна, а сёньня цьвярозы, але ўсё адно скаціна“. Толькі пасьля таго, як я гэта зразумеў, мы зноў сышліся. Цяпер у нас добрая сям’я, нават на падвышаных тонах не размаўляем».​

«Сьнег — ён пахне». Цьвярозыя адчуваньні ярчэйшыя за п’яныя

У праграме 12 крокаў АА сказана пра «Сілу, больш магутную, чым мы» і пра «Бога, як мы яго разумеем». Андрэй кажа, што АА — не рэлігійная арганізацыя, але яны прызнаюць існаваньне Ўсявышняй Сілы.

«Я хрышчаны, але раней царкоўныя сьвяты для мяне былі толькі нагодай, каб выпіць. Цяпер магу быць і ў царкве, і ў касьцёле — няважна. Гэтая Сіла — яна па-за рэлігіяй. Вера ў Яе трымае мяне ад алькаголю і ад усяго злога. Я проста веру ў тое, што Яна ёсьць, і малюся да яе сваімі словамі».

Садружнасьць АА добрая тым, што там самі алькаголікі вучаць алькаголікаў, кажа Андрэй. Таму што звычайнаму чалавеку не зразумець, як можна не спыніцца пасьля пары чарак, а выпіваць за раз некалькі бутэлек.

«Мой алькаголік — унутры мяне, ён ужо нікуды не падзенецца. Алькагалізм невылечны, і трэба навучыцца жыць зь ім. Самае складанае — прызнаць гэта і захацець самому адмовіцца ад сьпіртнога».

Пакуль лячыўся, Андрэю было страшна вяртацца ў грамадзтва, якое ня п’е. У яго зьяўляліся адказнасьці, якіх пазбаўлены алькаголік. Аднак, вярнуўшыся ў соцыюм, ён быццам бы пачаў жыць наноў.

«Раней алькаголь дадаваў фарбы да шэрага жыцьця. Але ў цьвярозым стане, калі прыгледзецца, фарбаў нашмат больш. Памятаю, як на першую зіму пасьля маёй цьвярозасьці я ўпершыню ў жыцьці адчуў пах сьнегу. Вы ведаеце гэты пах? Гэта ж проста неверагодна! Сьнег, аказваецца, пахне!»

Толькі апынуўшыся на дне грамадзтва, будучы ўжо амаль на тым сьвеце, Андрэй прыйшоў да разуменьня каштоўнасьці жыцьця.

«Нас вучаць прымаць жыцьцё, якім яно ёсьць. Калі ты нешта ці некага ня можаш зьмяніць, навошта крыўдаваць на гэта? Прымі і жыві далей. Вось надвор’е кепскае. Але што зробіш? Адзін мой знаёмы, таксама ананімны алькаголік, кажа жартам, што існуе тры рэчы, якія ты ня можаш зьмяніць: надвор’е, жонку зь яе характарам і прэзыдэнта, якога абраў народ. Прымаючы гэтыя рэчы, мы маем шанец на шчасьлівае жыцьцё».

Даведка

Садружнасьць ананімных алькаголікаў у Беларусі была заснаваная ў 1990 годзе. Сёньня ў краіне створана больш за 80 групаў, у якія ўваходзіць больш як дзьве тысячы чалавек (паводле прыблізных ацэнак, бо ўлік сяброў садружнасьці ня вядзецца). Удзел у групах добраахвотны. Яны ўтрымліваюцца выключна на ахвяраваньні саміх алькаголікаў. АА супрацоўнічаюць зь міністэрствамі аховы здароўя, унутраных спраў, з рэлігійнымі ўстановамі, але пры гэтым заяўляюць пра свой нэўтралітэт і не аб’ядноўваюцца зь іншымі грамадзкімі і палітычнымі арганізацыямі. У гонар 25-годзьдзя Садружнасьці 2 траўня ў ДК «МАЗ» у Менску пройдзе вялікі адкрыты сход ГА «Цэнтральная служба ананімных алькаголікаў».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG