Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Маці памерлага ў міліцэйскім ізалятары: Сыну трэба было выклікаць хуткую, а яго білі дубінкамі


Праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка дамагаецца ад міліцыі зьмены службовай інструкцыі, якой павінны кіравацца супрацоўнікі ізалятараў часовага ўтрыманьня пры абыходжаньні з затрыманымі. Ліст Паўла Сапелкі да міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча грунтуецца на выпадку ў Сьветлагорску, дзе ў ізалятары памёр чалавек, якому пасьля ўжываньня алькаголю стала блага.

Аляксандру Акулічу, цесьляру сьветлагорскага цэлюлёзна-кардоннага камбінату, які памёр у ізалятары часовага ўтрыманьня Сьветлагорску два гады таму, было толькі 33. Маці, Валянціна Акуліч, кажа, што яе сын ня быў алькаголікам і перад тым, як трапіць у міліцыю, не знаходзіўся ў запоі два тыдні, як сьцьвярджаюць міліцыянты. «Так, ён напярэдадні выпіў зашмат, але гэтак здарылася, зь ім такое было ня часта. Ён да таго спраўна хадзіў на працу, які запой!», — абураецца жанчына, якая ніяк ня можа дамагчыся завядзеньня крымінальнай справы супроць тых міліцыянтаў, якія зьбівалі яе сына дубінкамі, замест таго, каб выклікаць хуткую дапамогу.

У міліцыі свая вэрсія. Паводле супрацоўнікаў сьветлагорскага ІЧС, затрыманы Аляксандар Акуліч нечакана пачаў паводзіць сябе агрэсіўна, і ахоўнікі мусілі ўжыць супроць яго спэцсродкі. Сьледчыя, якія правяралі факт сьмерці, кажуць, што калегі-міліцыянты ўсё рабілі паводле інструкцыі. Аднак праваабаронца Павал Сапелка мяркуе, што міліцыянты парушылі сама меней Закон аб органах унутраных спраў, які абавязвае найперш дапамагчы чалавеку, якому стала блага. Паводле праваабаронцы, дакумэнты, якімі карыстаюцца супрацоўнікі ізалятараў часовага ўтрыманьня, не адпавядаюць гэтаму закону, і іх трэба скарэктаваць.

Павал Сапелка

Павал Сапелка

«Дзяжурныя па ізалятарах часовага ўтрыманьня кіруюцца пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 08.08.2007 № 194 „Аб зацьвярджэньні Правілаў унутранага распарадку спэцыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнаньне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту“, а таксама Пастановай МУС РБ ад 20.10.2003 № 234 „Аб зацьвярджэньні Правілаў унутранага распарадку ізалятараў часовага ўтрыманьня органаў унутраных спраў“. Паводле гэтых правілаў, калі чалавека дастаўляюць у ізалятар, міліцыянт абавязаны апытаць яго наконт здароўя і пры неабходнасьці выклікаць да яго мэдыкаў. Але ўжо падчас адбыцьця адміністрацыйнага арышту, калі трэба апэратыўна адрэагаваць на зьмены ў стане здароўя, міліцыянты гэтага часта ня робяць. Бо лічаць, што гэтыя Правілы ня ўтрымліваюць указаньняў на неабходнасьць неадкладна аказваць мэдыцынскую дапамогу зьняволеным пры відавочных прыкметах захворваньня. У выніку гэтага бязьдзеяньня вязьні ізалятараў могуць і памерці, што і здарылася з Аляксандрам Акулічам. Экспэрт, якога далучалі да праверкі гэтага факту, прызнаў, што калі б Акулічу выклікалі хуткую дапамогу, ягоныя шанцы на захаваньне жыцьця значна б павялічыліся».

1 красавіка Павал Сапелка накіраваў ліст на імя міністра ўнутраных спраў Ігара Шуневіча. Чаго дамагаецца праваабаронца?

«Прашу патлумачыць, як яны разумеюць свае правілы. Гэтак, што іх клопат пра здароўе чалавека ў ізалятары заканчваецца, як толькі затрыманага аформілі ў ізалятар, ці гэта памылковае разуменьне? Мяне задаволіць любы адказ. Калі скажуць, што гэта дакладна, тады як быць з далейшым утрыманьнем чалавека? Бо вынікае, што тады мусяць карыстацца Законам аб органах унутраных спраў, які дакладна прадпісвае аказаць грамадзяніну дапамогу, калі яму стала блага. То бок выклікаць да яго мэдыкаў. Калі ж прызнаюць, што памылкова разумеюць правілы, то тым больш мусяць іх зьмяніць», — кажа Павал Сапелка.

Выпадак са сьмерцю Аляксандра Акуліча ў сьветлагорскім ізалятары падобны да гісторыі менчука Ігара Пцічкіна, які памёр у менскім сьледчым ізалятары на вуліцы Валадарскага ў жніўні 2013 году. Ігару Пцічкіну таксама ў камэры стала блага. Турэмшчыкі прывязалі яго да ложка, пасьля чаго малады чалавек памёр. Сваякі Ігара Пцічкіна кажуць, што на ягоным целе бачылі сьляды зьбіцьця, і лічаць, што яно і спрычыніла сьмерць. Між тым супрацоўнікі «Валадаркі» цалкам адмаўляюць, што зьбівалі арыштанта спэцсродкамі.

«У выпадку Акуліча міліцыянты прызнаюць, што было сама меней 18 удараў дубінкамі. Але кажуць, што ўсё рабілася законна. Вось толькі гэтага зусім бы не спатрэбілася, калі б яму проста выклікалі хуткую дапамогу і адвезьлі яго ў шпіталь», — мяркуе праваабаронца «Вясны» Павал Сапелка.

XS
SM
MD
LG