Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Маці палітвязьня Мікалая Дзядка абвінаваціла турэмшчыкаў у генацыдзе


Мікалай Дзядок

Мікалай Дзядок

Валянціна Дзядок, маці палітвязьня Мікалая Дзядка, якога ўтрымліваюць у «крытай» магілёўскай турме, зьвярнулася да кіраўніцтва дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС з адкрытым лістом, у якім параўнала іх дзеяньні адносна яе сына з генацыдам. Падставай стала тое, што супроць Мікалая Дзядка, якога маюць вызваліць праз два месяцы, завялі новую крымінальную справу нібыта за «непадпарадкаваньне», што пагражае яму яшчэ годам зьняволеньня.

«Цяпер майго сына абвінавачваюць у парушэньні формы адзеньня. І за гэта яму новы тэрмін?! Яшчэ Вярхоўны суд СССР указваў на тое, што парушэньне формы адзеньня ня можа быць падставай для крымінальнай справы за непадпарадкаваньне адміністрацыі ці парушэньне рэжыму адбыцьця пакараньня. А калі раптам зайсьці ў любую папраўчую ўстанову і паглядзець, колькі вязьняў будзе ў адзеньні, якое цалкам адпавядае парадку? У наяўнасьці выбарачны падыход менавіта да палітычных вязьняў», — піша ў адкрытым лісьце Валянціна Дзядок.

Маці палітвязьня непакоіцца за здароўе сына, які мае хранічнае захворваньне і шмат разоў ляжаў у мэдычнай частцы. Таксама Валянціна Дзядок паведамляе, што апошнім часам яе сын стаў ахвярай правакацыяў, з-за чаго мусіў напісаць заяву аб зьмяшчэньні яго ў адзіночную камэру.

Актывіст анархісцкага руху Мікалай Дзядок асуджаны на 4,5 года зьняволеньня паводле абвінавачаньня ў хуліганскіх дзеяньнях адносна афіцыйных будынкаў. Праваабаронцы ў Беларусі і сьвеце прызналі Мікалая Дзядка палітвязьнем. На судзе Мікалай Дзядок не прызнаў сябе вінаватым і дагэтуль адмаўляецца падпісваць прашэньне аб памілаваньні.

XS
SM
MD
LG