Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фэльчар расказаў, як прывязваў Пцічкіна да ложка і калоў яму моцны сродак

абноўлена

 Фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў
Фэльчар «Валадаркі» Аляксандар Крылоў

Фэльчар укалоў Пцічкіну галапэрыдол і не запісаў гэта ў журнал Аляксандар Крылоў расказаў пра падзеі раніцы 4 жніўня і патлумачыў, чаму вырашыў увесьці Пцічкіну моцны заспакаяльнік — галапэрыдол.

Перад пачаткам працэсу Аляксандар Крылоў паведаміў карэспандэнту Свабоды, што не прызнае сябе ні ў чым вінаватым.

Працэс вядзе судзьдзя Сьвятлана Бандарэнка, абвінавачваньне падтрымлівае пракурор Вадзім Кісель, інтарэсы пацярпелай Жанны Пцічкінай абараняе адвакат Аляксандр Галіеў. Паводле адваката Галіева, працэс працягнецца да кастрычніка. «У справе ў якасьці сьведак заяўлена 18 супрацоўнікаў СІЗА, 4 экспэрты і яшчэ 21 сьведка, якія у той час сядзелі ў СІЗА.

Некаторых давядзецца прывозіць зь месцаў адбыцьця пакараньня. Працы будзе шмат, але калі будзем працаваць шчыльна, дык у кастрычніку працэс скончыцца», — мяркуе адвакат Аляксандр Галіеў.

Паводле Жанны Пцічкінай, у справе 21 том, у тым ліку паказаньні сьведак і супрацоўнікаў СІЗА. Да гэтых паказаньняў маці памерлага Пцічкіна Жанна Пцічкіна ставіцца нэгатыўна.

«Там усе сачыненьні, выдумлялі ўсім СІЗА, нават можна зьдзівіцца, як добра атрымалася», — сказала Жанна Пцічкіна адносна паказаньняў некаторых сьведак ў справе.

Жанна Пцічкіна дагэтуль дамагаецца прыцягненьня да крымінальнай адказнасьці іншых супрацоўнікаў СІЗА № 1, бо мяркуе, што яе сына забілі. На працэс прыйшоў адзін са сьведак Сяргей Лапарэвіч, які распавёў пра допыт сьледчымі ў справе Пцічкіна каля 200 чалавек: супрацоўнікаў СІЗА, сукамэрнікаў, мэдычных супрацоўнікаў турэмнага шпіталя. Паводле сьведкі, Ігар Пцічкін паводзіў сябе ў СІЗА неадэкватна, як чалавек, які напярэдадні доўга ўжываў наркотыкі, і гэта, паводле сьведкі, стала прычынай ужываньня ў дачыненьні да яго спэцсродкаў ахоўнікамі турмы.

«Мяркую, ён сам памёр у камэры», — падзяліўся меркаваньнем сьведка Лапарэвіч, які ў жніўні 2013 году адбываў на «Валадарцы» пакараньне і працаваў у складзе абслугі турэмных памяшканьняў.

Суд прызнаў сястру Ігара Пцічкіна Ірыну пацярпелай у справе.

Пракурор Вадзім Кісель зачытаў абвінавачаньне Аляксандру Крылову, фэльчару «Валадаркі», які дзяжурыў у дзень сьмерці Ігара Пцічкіна. Паводле абвінавачаньня, Пцічкін памёр ад вострай сардэчнай недастатковасьці, якая разьвілася ад шэрагу прычынаў, у тым ліку сындрому ўжываньня наркотыкаў, парушэньня водна-салянога балянсу, псыхічнага разладу. Крылоў не прызнаў сябе вінаватым і пачаў даваць паказаньні.

Абвінавачаны Аляксандар Крылоў сказаў суду, што пратаколы лячэньня хворых у СІЗА на Валадарскага ён лічыць "рэкамэндацыйнымі", залежна ад стану хворага і індывідуальнай сытуацыі.

Крылоў распавёў, што лекі для вязьняў яны падзяляюць на групу «А» і групу «Б». Гэты падзел праводзіцца паводле дакумэнтаў Міністэрства аховы здароўя.

У групу «А» уваходзяць лекі, якія выдаюць хвораму ў прысутнасьці лекара, і ён мусіць пры ім прыняць гэтыя лекі альбо можа адмовіцца, што пратакалюецца. Лекі групы «Б» — гэта тыя, якія могуць выдаць хвораму для прыняцьця ў камэры самастойна. «Прыкладам, у часе выходных, калі няма лекара».

Пункт 4 патрабуе фіксаваць у дакумэнтах выдачу ўсіх лекаў, але на практыцы могуць быць і адступленьні ад правіла.

«Прыкладам, я выдаю анальгін, калі ў чалавека баліць галава. Выдачу такіх лекаў неабавязкова пазначаць ў дакумэнтах», — паведаміў фэльчар Валадаркі.

Паводле яго, моцнадзейныя лекі катэгорыі «А» як лекі з наркатычным узьдзеяньнем абавязкова ўносяцца ў журнал уліку моцнадзейных лекаў. А вось лекі групы «Б» уносяцца ў журнал расходу звычайных лекаў.

Суд высьвятляе: «Дык адзін журнал ёсьць для лекаў або два? Колькі журналаў?» Крылоў: «Два журналы. Другі для ўліку ампулаў і таблетак». Суд: «Дык вы нас ня блытайце... Яшчэ ёсьць журнал і для ампулаў?» Крыло: «Для групы „Б“ некалькі журналаў: ампульныя лекі ў адным і таблетаваныя ў другім».

Пракурор паказвае журнал для групы «Б», дзе ёсьць запісы і для ампульных лекаў, і для таблетаваных: «Дык колькі?» Суд і пракурор перапытваюць фэльчара трэці раз. Журналісты ў зале, магчыма, таксама заблыталіся, у колькіх журналах вядзецца ўлік лекаў на Валадарцы. Крылоў ужо кажа пра 5-6 розных журналаў.

Крылоў паведаміў, што паводле інструкцыі ён як фэльчар у выпадку зьяўленьня цяжкага хворага ў СІЗА мусіць далажыць пра гэта кіраўніку мэдычнай часткі. Але калі таго няма (прыкладам, у выходныя), ён мусіць паведаміць пра гэта дзяжурнаму па СІЗА. «Сам я не магу пазваніць ані з гарадзкога, ані з мабільнага тэлефону, бо іх ня маю», — сказаў Крылоў.

Пра паступленьне ў СІЗА Ігара Пцічкіна Крылоў сказаў: «Яго прывялі аднаго да мяне, я пачаў запаўняць мэдычную карту, спытаў пра скаргі на здароўе, папрасіў распрануцца да трусоў і падняць рукі. Зрабіў запіс, што цялесных пашкоджаньняў няма, сьлядоў іньекцыяў таксама ня ўбачыў. Пытаўся ў яго, ці ўжывае наркотыкі, ён адказаў, што не. На пытаньне, ці біла яго міліцыя, ён адказаў, што такога не было. Быў нармальны хлопец, усьміхаўся».

«Мае зьвесткі пра Пцічкіна ў мэдычнай картцы падпісаў дзяжурны памочнік начальніка СІЗА, — згадаў Крылоў. — Гэта было ў аўторак, 30 ліпеня — калі Пцічкін сеў на «Валадарку».

Наступным разам ён убачыў Пцічкіна 3 жніўня.

Абвінавачаны дае паказаньні

Абвінавачаны Аляксандар Крылоў, фэльчар «Валадаркі», распавёў пра падзеі 3 жніўня, калі падчас ягонага дзяжурства адбылося здарэньне з арыштантам Ігарам Пцічкіным.

Спачатку Крылоў распавёў, як прымаў перад дзяжурствам лекі, якія захоўваюцца ў мэдычнай шафе і адмысловым сэйфе (для моцнадзейных лекаў катэгорыі «А»). Згадаў, што ў той дзень моцных лекаў у выглядзе іньекцыяў іншым вязьням, акрамя Пцічкіна, ён ня ўводзіў.

Пцічкіна даставілі яму да абеду 3 ахоўнікі, сказалі, што «неадэкватна паводзіць сябе ў камэры»: стукае ў дзьверы, патрабуе выпусьціць, былі канфлікты з сукамэрнікамі.

Крылоў пачаў апытваць Пцічкіна, той быў «кантактны», сказаў, што «ня можа знаходзіцца ў камэры, бо сукамэрнікі нешта яму рыхтуюць» — але гаварыў «нешта вельмі блытана».

«Што хочуць яго атруціць. У мяне ўзьнікла першая думка, што гэта канфлікт з сукамэрнікамі, што ў нас адбываецца даволі часта. Пачаў высьвятляць, але ён дакладна не патлумачыў, з кім канфліктуе».

Крылоў агледзеў Пцічкіна, памераў яму ціск, усё было ў норме. Зноў спытаў пра ўжываньне алькаголю і наркотыкаў — сказаў, што не ўжывае, а потым сказаў фразу «куру траву».

«Я перапытаў пра траву, але Пцічкін замкнуўся і больш нічога не сказаў пра наркотыкі».

Толькі дадаў, што дрэнна сьпіць.

«Я прапанаваў яму заспакаяльны ўкол, але ён адмовіўся. Тады я даў яму таблетку клазапіліну — гэта моцнадзейны заспакаяльны сродак — 25 міліграмаў. Ён яе пры мне праглынуў і запіў вадой. Усё, яго вывелі ад мяне», — паказаў Крылоў.

Абвінавачаны патлумачыў суду, што абраў гэты сродак таму, што ў яго няма пабочных наступстваў. «Гэта сымптаматычная дапамога», — сказаў Крылоў.

Права на такую дапамогу Крылоў абгрунтаваў тым, што ў той момант лекара ва ўстанове не было.

«Кантралёрам я сказаў — „прыглядайце за ім“, бо ўсё ж у яго былі нейкія дзіўныя паводзіны. А яму я рэкамэндаваў паспаць», — сказаў суду абвінавачаны.

Паводле Крылова, ён унёс запіс пра клазапілін і пазначыў час. «Магчыма, я пазначыў каля 11:00», — кажа Крылоў.

Пры гэтым ён сказаў, што гадзіньніка ня меў, і няма гадзіньніка нідзе ў мэдычнай частцы. Пракурор: «Дык як вы арыентуецеся ў часе?» — «Кантралёр сказаў», — адказаў Крылоў.

Фэльчар: Спэцсродкаў у дачыненьні да Пцічкіна не ўжывалася

Крылоў так і не згадаў, хто менавіта з кантралёраў дастаўляў яму Ігара Пцічкіна ў першай палове дня 3 жніўня.

«Яны часта мяняюцца», — патлумачыў абвінавачаны.

Пасьля абеду Ігара Пцічкіна зноў прывялі да Крылова, гэта зрабілі кантралёры Радчанка, Фаменка і Кубрык.

«Прывялі, пасадзілі на кушэтку. Сказалі пра Пцічкіна, што зноў стаў грукаць у дзьверы, узмацніліся скаргі сукамэрнікаў, якія запатрабавалі, каб яго перавялі. Нешта мне яшчэ тлумачылі, але што менавіта, ня памятаю», — сказаў Крылоў.

Паводле словаў фэльчара «Валадаркі» Аляксандра Крылова, у той раз Ігар Пцічкін нічога ўвогуле не казаў, маўчаў, потым падскочыў і выбег у калідор:

«Прабег мэтры 3–4, там у нас туалет, ён туды заскочыў, потым выскачыў адтуль зь вялікімі вачамі і... усё. Больш мы яму бегчы не далі. Сам я за ім ня бег, але выйшаў у калідор. Там яго затрымалі канвойныя».

Спэцсродкаў адносна Пцічкіна ў той момант канвойныя не ўжывалі, сказаў Крылоў. Паводле фэльчара, канвойныя пасадзілі Пцічкіна на кушэтку.

«Маўчаў, глядзеў у акно, таму я папрасіў канвойнага стаць каля акна, каб туды ня скочыў», — успомніў Крылоў пра Пцічкіна і назваў такія паводзіны «расстройствам адаптацыі» і «рэактыўным псыхозам». «Рэактыўны псыхоз» — гэта наступная стадыя «расстройства адаптацыі», калі чалавек пачынае дзейнічаць неадэкватна.

3 жніўня менавіта гэты дыягназ паставіў Пцічкіну фэльчар Аляксандар Крылоў, запіс пра гэта ёсьць у ягонай мэдычнай картцы.

Аляксандар Крылоў згадаў, што калі Пцічкіна прывялі да яго другім разам, ён не зрабіў пра гэта запісу, бо завёў на яго «гісторыю хваробы».

Пракурор: «Чаму ў гэтай гісторыі вы напісалі, што, зь ягоных словаў, ён рэгулярна ўжывае наркотыкі? Чаму? Ён жа сказаў толькі, што «курыць траву», і ўсё. Вы самі так казалі. А чаму тады напісалі «рэгулярна ўжывае наркотыкі?»

Крылоў адказаў блытана: «Магчыма, ён сам гэта казаў, цяпер ня памятаю».

Пракурор запытаў Крылова, чаму той не запісаў у гісторыю хваробы, што Пцічкін выскокваў з кабінэту, затое потым у рапарце запісаў, што Пцічкін нібыта спрабаваў уцячы, калі яго вялі ў камэру.

«Першае вы ня ўказваеце ў гісторыі хваробы, а пра другое пішаце ў рапарце, і яно становіцца прычынай ужываньня да Пцічкіна спэцсродкаў. Чаму такая непасьлядоўнасьць?» — настойваў пракурор Вадзім Кісель.

Крылоў патлумачыў, што мусіў напісаць рапарт паводле службовых абавязкаў, а ў гісторыі хваробы запісаў толькі меркаваны дыягназ пра наркатычную залежнасьць і «сындром адмены».

Як на «Валадарцы» прывязваюць вяроўкамі да ложка

Аляксандар Крылоў сказаў, што на момант агляду не назіраў у Пцічкіна стану трызьненьня і галюцынацыяў. Канвойныя таксама пра гэта нічога не казалі. Калі Пцічкіна пераводзілі з камэры ў камэру, ён сам нёс свае рэчы і матрац.

Абвінавачаны згадаў, што напярэдадні пераводу ў іншую камэру ён папярэдзіў Пцічкіна, што «прывяжа яго». Пцічкін, паводле Крылова, «быў вельмі гіпэрактыўны, яго не маглі стрымаць».

Пасьля напісаньня рапарта Крылоў прыняў рашэньне «ўжыць спэцсродкі ў дачыненьні да Пцічкіна — зафіксаваць яго на ложку» ў камэры 27.

Таксама Крылоў меркаваў, што далей будзе дзейнічаць таблетка клазапіліну, якую даў Пцічкіну напярэдадні. Таму, каб пазьбегнуць наступстваў для яго і сукамэрнікаў, фэльчар вырашыў прывязаць зьняволенага Пцічкіна да ложка.

«Толькі з мэтай, каб пазьбегнуць дрэнных наступстваў. Бо бывае ў СІЗА, што бʼюць шкло, рэжуць сябе і іншых», — патлумачыў сваё рашэньне прывязаць Пцічкіна да ложка фэльчар Крылоў.

«Чалавека фіксуюць у чатырох пунктах баваўнянымі стужкамі», — сказаў Крылоў.

«Пцічкін сам лёг на ложак, але з намі не размаўляў, быў дастаткова спакойны», — сказаў Крылоў. Паводле яго, да ложка ў падгалоўі была прывараная мэталічная плянка, на ёй ляжала падушка, на якую паклаў галаву Пцічкін.

Фіксавалі Пцічкіна канваіры Трацэўскі і Саракавік.

«Магчыма, і я адну руку фіксаваў, памятаю дакладна, што ня я фіксаваў ногі».

Ногі фіксуюцца петлямі з падвойнай вяроўкі, якая прывязваецца да ложка, патлумачыў Крылоў. Гэтаксама фіксуюцца і рукі. Таксама вяроўка прапускалася па грудзях, пад пахі і замацоўвалася пад ложкам вузламі.

Пасьля фіксацыі Пцічкіну зрабілі ўкол заспакаяльнага сродку.

«Спачатку ён пачаў супакойвацца». Праз паўгадзіны, паводле словаў Крылова, ён прыходзіў да Пцічкіна паглядзець, як ён.

«Ляжаў спакойна, варушыў рукой, і я зьбіраўся гэтак прыходзіць кожныя 30–40 хвілін», — сказаў фэльчар.

Калі Крылоў даваў паказаньні, як прывязвалі Пцічкіна, маці памерлага Жанна плакала ўголас. Яе супакойвала Ірына Пцічкіна, сястра нябожчыка.

Судзьдзя спытаў, што бачыў фэльчар, калі прыходзіў назіраць за Пцічкіным.

«Пцічкін ляжаў, варушыў рукамі. Жорсткай фіксацыі рук не было, ён крыху падымаў руку. Адварочваў ад мяне твар. Быццам бы размаўляў з сукамэрнікамі», — адказаў фэльчар Крылоў.

Калі той прыйшоў наступны раз, Пцічкін «размаўляў сам з сабой, закрываў вочы, спаў».

Пракурор спытаў, чаму з Пцічкіна не зьнялі фіксацыю, чаму ён ляжаў зьвязаны 10 гадзін.

Крылоў адказвае, што «ў яго зьявілася кепская сымптаматыка, ён пачаў з сабой гучна размаўляць, торгаць рукамі».

Пракурор: Пцічкін праляжаў у зафіксаваным стане 10 гадзін. Вы кажаце, што ў яго ўжо пачаліся псыхічныя адхіленьні. Чаму вы не запрасілі да яго спэцыялістаў?

Крылоў: У мяне не было магчымасьці пазваніць. Але гэта маглі зрабіць іншыя, я не перашкаджаў.

Пракурор абурыўся: Аляксандар, давайце тут ня будзем рабіць выгляд... Вы там былі галоўны адказны за хворага вязьня. Хто, акрамя вас, мог выклікаць хуткую дапамогу?

Крылоў: У мяне не было дастаткова інфармацыі пра стан Пцічкіна і не было дастаткова ведаў у псыхіятрыі.

Крылоў: «Раніцай 4 жніўня ў Пцічкіна пачаліся галюцынацыі, ён спрабаваў сесьці, клікаў нейкую Аню, актыўна вырываўся, не рэагаваў на мае словы і словы сукамэрнікаў. Вось тады я вырашыў даць яму больш моцны сродак — галапэрыдол. Два мілілітры — дзьве ампулы».

Праз паўгадзіны пасьля іньекцыі Крылоў, паводле ягоных словаў, вярнуўся ў камэру і ўбачыў, што Пцічкін стаў спакайнейшы, хоць працягваў размаўляць сам з сабой.

Крылоў сказаў, што пра ўкол галапэрыдолу зрабіў запіс у справаздачных дакумэнтах, але куды менавіта — ня памятае. Прызнаў, што ў журнале выкарыстаных лекаў гэтага запісу не зрабіў, бо «такія запісы робяцца ў дзень пасьля падліку лекаў, а тады ўжо было не да таго, у нас было ЧП».

Пракурор паказаў Крылову журнал расходу моцнадзейных сродкаў СІЗА № 1. У журнале пазначана, што зрасходаваныя 4 ампулы галапэрыдолу. Крылоў кажа, што дзьве зь іх былі ўведзеныя Пцічкіну, а куды падзеліся яшчэ дзьве, ён ня ведае. Пракурор спаслаўся на экспэртызу крыві Пцічкіна, паводле якой галапэрыдолу ў крыві Пцічкіна не было выяўлена. Як магло такое быць?

Крылоў на гэта адказаў: «Выдатна. Значыць, я не перавысіў парог дазаваньня, а прэпарат добра засвоіўся і пачаў дзейнічаць».

Пра тэрміны выхаду галапэрыдолу з арганізму чалавека Крылову невядома.

Перапынак у судзе да 10:00 19 верасьня.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG