Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Махляры


Валянцін Жданко
Валянцін Жданко

Размаўляем зь землякамі-аднавяскоўцамі пра цяперашнія заробкі на вёсцы. Чую ў асноўным нараканьні. Амаль усе, хто маладзейшы, зайздросьцяць пэнсіянэрам. 200 рублёў (а гэта звычайная па вясковых мерках пэнсія) у калгасе ня кожны месяц заробіш.

Нагадваю пра абяцаньне Лукашэнкі: да канца году сярэдні заробак у Беларусі павінен скласьці 500 даляраў (тысячу рублёў). У тое, што такія грошы можна будзе зарабіць у вёсцы, ня верыць ніхто. Адказваюць звычайна так: «Ну, можа, начальства і атрымае... Дык яно і цяпер атрымлівае».

Разважаючы пра заробкі ў калгасе, успамінаем Тадзіка Павайбу — гаваркога, вострага на язык і адначасова працавітага, цягавітага мужыка. Калі пасьля вайны ў нас на Гарадзеншчыне пачалі ствараць калгасы, ён быў маладым хлапцом, зьбіраўся жаніцца. І чамусьці вельмі яго ўсьцешылі савецкія агітатары, якія абяцалі, што ў калгасе ва ўсіх будзе багата працы і добрыя заробкі:

«Я ж, дурань, узрадаваўся. Думаў, будзе як за польскім часам: маеш працу — будуць грошы. Зьбіраўся ўласную хату будаваць. Плянаваў: вось год адпрацую, зараблю, куплю лесу, дошкі, гонту, вокны... Працаваў цэлы год як шалёны: араў, сеяў, касіў, малаціў... Штодня, з раніцы да зьмярканьня. Напрыканцы году заплацілі мне за гэта пачак савецкіх рублёў з партрэтам Леніна: а мы ж тады яшчэ ў савецкіх рублях мала арыентаваліся. Паехаў я ў Ліду — матэрыялы на хату купляць. І там мяне — як абухам па галаве. Аказалася, майго гадавога заробку ў калгасе ледзь хапіла на пару кіляграмаў цьвікоў.

Выйшаў я з крамы, кінуў мех з тымі цьвікамі, сеў на парог — і заплакаў...»

...Каб мець больш дакладнае, абʼектыўнае ўяўленьне пра заробкі ў цяперашніх беларускіх калгасах, зазірнуў я ў «Агульнарэспубліканскі банк вакансій». Ну вось патрэбен трактарыст у вёсцы Люсіна Ганцавіцкага раёну (коласаўскія мясьціны!). Заробак — 250 рублёў. Альбо жывёлавод у пасёлку Вішаў Бялыніцкага раёну — 265 рублёў. Ну, ці вось шукаюць даярку — у вёсцы Забашэвічы Барысаўскага раёну на 300 рублёў. Тысячу рублёў ні даяркам, ні трактарыстам не прапануе ніхто. Мабыць, чакаюць да сьнежня.

А Тадзік Павайба пасьля той сваёй паездкі ў Ліду хоць і застаўся ў вёсцы, не працаваў у калгасе ні дня. Езьдзіў на будоўлі, працаваў вахтамі на мэліярацыі, наймаўся на лесанарыхтоўкі... Ішоў куды заўгодна, толькі не ў калгас. І хату пабудаваў, і дзяцей выгадаваў. А калі заходзіла размова пра калгасныя парадкі і заробкі, адказваў звычайна адным словам: «Махляры!»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG