Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Час мянтоў скончыўся». Рэпартаж зь Львова, дзе на вуліцы выйшлі новыя паліцыянты


405 паліцыянтаў пачалі патруляваньне на вуліцах Львова 23 жніўня. Яны цалкам замянілі ДАІ і патрульна-паставую службу гораду. Свабода сустрэлася з 26-гадовым кіраўніком гарадзкой паліцыі й паназірала за працай шараговых патрульных у Львове.

Прыйшоў у паліцыю, бо вырашыў трохі зьмяніць краіну

Рэформу паліцыі ва Ўкраіне праводзяць паводле грузінскай мадэлі. Шкляных пастарункаў тут, праўда, пакуль не будуюць, і паліцыя заяжджае ў былыя міліцэйскія адміністрацыі. У Львове гарадзкую паліцыю пасялілі ў будынку абласной ДАІ. Той самай, якую роўна год таму штурмавалі пратэстоўцы.

Цяпер тут усё спакойна. Кабінэт былога кіраўніка абласнога ДАІ тыдзень таму заняў новы — 26-гадовы Юрко Зазуля, які ўзначальвае патрульную паліцыю Львова.

Юрко Зазуля пераехаў у кабінэт былога кіраўніка абласной ДАІ

Юрко Зазуля пераехаў у кабінэт былога кіраўніка абласной ДАІ

Як і 90% патрульных Львова, Зазуля не служыў у старой міліцыі. Менавіта такіх людзей, не абцяжараных старымі звычкамі, і чакаюць у новай паліцыі. Гэтыя хлопцы й дзяўчаты вельмі матываваныя на працу.

Новая паліцыя езьдзіць на новых машынах — выключана «таётах»

Новая паліцыя езьдзіць на новых машынах — выключана «таётах»

«Проста вырашыў зьмяніць краіну трохі, — кажа Зазуля. — Я ў гэта верыў, калі йшоў. І цяпер мы на практыцы паказалі, што людзі са сьвежым бачаньнем гатовыя зрабіць нашмат больш, чым рабіла ранейшая міліцыя».

Жыхар Кіева, Зазуля раней займаўся фінансавым кансалтынгам. Але пасьля апошняй рэвалюцыі вырашыў паспрабаваць сябе ў ролі паліцыянта. Спачатку быў камандзірам роты новай паліцыі ў Кіеве, потым — намесьнікам камандзіра батальёна. У жніўні яго прызначылі кіраўніком патрульнай службы ў Львове.

«Аніякія зьмены ў краіне, я лічу, немагчымыя, пакуль не працуе нармальна праваахоўная сыстэма, — кажа Зазуля. — Усё залежыць ад таго, наколькі падтрымліваецца законнасьць у дзяржаве. Таму варта пачынаць менавіта з праваахоўнай сыстэмы».

Цяжкасьцяў зь пераемнасьцю ад старой ДАІ, па словах Зазулі, у паліцыі няма. Таму што няма ніякай пераемнасьці. Патрульная паліцыя — цалкам новая структура, якая замяшчае ДАІ і ППС.

«Гэта не зусім рэформа, — кажа ён. — Рэформа — гэта калі штосьці зьмяняецца. А мы ствараем новую службу з нуля. Цяжка ня нам — цяжка людзям успрымаць гэта. А так усё о’кей».

Пузатых у нас няма — усе выходзяць на вуліцу

У калідорах паліцэйскага будынку даволі пуста — толькі дзе-нідзе можна сустрэць паліцыянтаў. Справа ў тым, што ў новай паліцыі ўсе супрацоўнікі — патрульныя. І камандзіры батальёнаў, і сам Зазуля пастаянна выходзяць на дзяжурствы ў горад — пешкі ці на машыне.

Усе кіраўнікі новай паліцыі абавязкова выходзяць на патруляваньне ў горад

Усе кіраўнікі новай паліцыі абавязкова выходзяць на патруляваньне ў горад

«Прыкол у тым што мы пастаянна на вуліцы патрулюем. Няма такога, як раней у нас ці ў Беларусі цяпер: ДАІ стаіць на кропцы і ловіць там. ППС звычайна таксама сядзелі і пілі каву. А нас вельмі шмат. Мы пастаянна на вуліцы».

Без патруляваньня тут ня зробіш кар’еры — усе праходзяць абавязковую працу на вуліцы.

На месцы ДТЗ ужо працуюць новыя паліцыянты

На месцы ДТЗ ужо працуюць новыя паліцыянты

«Мы шмат гутарым са сваімі падначаленымі, — тлумачыць кіраўнік паліцыі. — Для таго каб нармальна зь імі стасавацца, мы мусім разумець іхнія праблемы. Як можа зразумець праблемы звычайнага патрульнага начальнік, які ніколі не выходзіць з кабінэта? Сядзіць там зь вялікім пузам, і ўсё, што ён робіць, — ходзіць у лазьню».

У ліпені 2015 году новая патрульная паліцыя пачала працу ў Кіеве. У жніўні — у Львове і Адэсе. 26 верасьня яна заменіць ДАІ і ППС у Харкаве. На ўзор Грузіі рэформа праваахоўнай сыстэмы ва Ўкраіне пачынаецца з рэфармаваньня ДАІ. Скончыць рэформу плянуюць да 2017 году.

У новай паліцыі пузатых паліцыянтаў няма. Увогуле, большасьць — гэта маладыя людзі ўзростам каля 25 гадоў. Часьцей за ўсё на вуліцы да іх падыходзяць не са скаргамі, а каб спытаць адрас ці сфатаграфавацца.

«Мы вельмі адкрытыя, нічога не хаваем ад людзей, — кажа Зазуля. — Людзі і тут, і ў Кіеве вельмі хочуць бачыць зьмены, таму яны вельмі добра ўспрымаюць паліцыю».

Гэта ўжо не мянты, а паліцыянты

Мясцовыя, з кім гаварыла Свабода, ускладаюць на новую паліцыю вялікія надзеі. Таксіст Алег кажа, што гатовы дараваць іхнюю нерашучасьць, абы ў будучым паліцыя не даравала нікому парушэньня закону. Напрыклад, аднаго дзядулю, што піў віно каля Тэатру опэры, патруль папярэджваў тройчы, але так і не затрымаў.

«Паліцыя павінна быць больш рашучай, — абураецца мінак, які назірае за дзеяньнямі паліцыянтаў. — Яны так на першым часе. Павінен быць парадак, бо раней быў непарадак. Надзея ёсьць на тое, што будзе зьмяняцца да лепшага».

Адразу пытаем наконт п’янага дзядулі патрульных. Ніхто зь іх, дарэчы, не адмаўляецца гаварыць з журналістамі і на камэру.

П’янага дзядулю папярэджвалі тройчы, але так і не забралі

П’янага дзядулю папярэджвалі тройчы, але так і не забралі

«Гэты дзядуля не стварае небясьпекі для навакольных, — кажа 23-гадовая патрульная Алена Гінько. — Калі б мы пабачылі агрэсіўныя дзеяньні зь яго боку, у такім разе мы б маглі яго затрымліваць».

Алена скончыла ўнівэрсытэт па спэцыяльнасьці паліталёгія і не шкадуе, што цяперашняя яе праца — пад голым небам. Гэта быў ейны адказ «самаабароне на канапе» — інтэрнэт-камэнтатарам, якія любяць пакрытыкаваць, нічога пры гэтым ня робячы.

У новай паліцыі шмат дзяўчат

У новай паліцыі шмат дзяўчат

«Цяпер мы маем магчымасьць праявіць сябе, зрабіць нешта для гэтай краіны, — кажа Гінько. — Хоць я раблю невялікую частку, але я адчуваю, што зьмяняю дзяржаву. І ў будучым я буду ведаць, што мае дзеці жывуць у сапраўды добрай, у бясьпечнай дзяржаве».

Штораз, калі Свабода пачынала гутарыць з чарговым патрулём, да іх абавязкова падыходзілі мінакі з пытаньнямі ці просьбай сфатаграфавацца. Многія проста вітаюцца і жадаюць добрага дня. Раней, кажуць людзі, яны б ніколі проста так не падышлі б да патрульных.

«Іх нават мянтамі не называюць, — кажа студэнтка Настасься Казачук. — Усе мае знаёмыя вельмі пазытыўна настроеныя да іх».+

Парушальнік спрабуе вырашыць пытаньне з новай паліцыяй па-старому

За пару тыдняў працы новай паліцыі амаль у два разы часьцей сталі тэлефанаваць на лінію «102». Але не таму што ў Львове стала больш злачынстваў, а таму, што людзі зьмянілі стаўленьне да паліцыі.

Да паліцыянтаў увесь час падыходзяць мінакі

Да паліцыянтаў увесь час падыходзяць мінакі

«Я ў старую міліцыю зьвяртаўся, але яны нічога не маглі зрабіць, — расказаў Свабодзе Віктар, які жыве на плошчы Рынак. Яму ўжо доўгі час не даюць спаць наведнікі начной кавярні. — Можа, новая паліцыя нарэшце штосьці зробіць».

Дзяўчына зарабляла 1200 даляраў, але кінула ўсё і пайшла ў паліцыю

У Львове ўжо працуе 405 паліцыянтаў. На двухмесячных курсах пры Львоўскім дзяржаўным унівэрсытэце ўнутраных спраў цяпер рыхтуюць яшчэ 263 чалавекі. Усяго заяваў на паліцэйскія курсы было 8 600. У першым наборы конкурс склаў 16 чалавек на месца — гэта больш, чым у любую навучальную ўстанову горада.

Тут вучаць на новых паліцыянтаў

Тут вучаць на новых паліцыянтаў

Адзін з плюсаў новай працы — вялікі заробак. 22-гадовы Юры Малыць праходзіць цяпер навучаньне на патрульнага. Да гэтага ён год працаваў участковым. Там ягоны заробак быў 1800 грыўняў. А на курсах нават навучэнцы маюць стыпэндыю ў 2 тысячы грыўняў (праўда, курс грыўні за год зьнізіўся з 8 да 23 за даляр). А заробак патрульнага — 8–10 тысяч грыўняў на месяц. Гэта прынамсі ў два разы больш, чым у сярэднім па горадзе.

«Людзі сюды прыйшлі не па грошы, — кажа іншы навучэнец, Юры Чабарэнка. — У мяне ў групе ёсьць дзяўчына, якая да паліцыі зарабляла 1200 даляраў. 80% людзей прыходзяць у паліцыю, каб удасканаліць гэтую сыстэму».

Будучыя паліцыянты — зусім маладыя. Кажуць, што патруляваць не баяцца.

«За гэтую краіну на Майдане шмат людзей памірала, — кажа Чабарэнка. — А таму гэта тое нямногае, што я магу зрабіць для грамадзтва».

Менавіта такіх матываваных людзей і набіраюць у новую паліцыю. Праз два тыдні выпусьцяцца яшчэ 200 чалавек, і яшчэ каля 100 — у лістападзе. Агулам на вуліцы Львова да канца году выйдзе больш за 600 паліцыянтаў. Потым пачнецца замена ДАІ на паліцыю ў раённых цэнтрах вобласьці.

«Самае складанае — знайсьці сабе добрую каманду, — кажа Зазуля. — Бо самае важнае — гэта стасункі зь людзьмі. Гэта насамрэч бывае цяжка. А так — усё спакойна. Усё пучком».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG