Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнку не даюць спакою ляўры міратворца


Валер Карбалевіч

Валер Карбалевіч

Наша пазыцыя па пытаньні тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі застаецца нязьменнай, заявіў Аляксандар Лукашэнка ў Тбілісі. Насамрэч гэта, мякка кажучы, не зусім так. У гэтай вострай міжнароднай праблеме афіцыйны Менск за шмат гадоў зьдзейсьніў значную эвалюцыю. Увогуле, трэба адзначыць, што ў пытаньні расейска-грузінскага канфлікту, лёсу Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі кіраўнік Беларусі прадэманстраваў вышэйшы пілятаж замежнапалітычнай эквілібрыстыкі.

Нагадаю, што ў жніўні 2008 году, калі адбылася вайна Расеі з Грузіяй, афіцыйны Менск паспрабаваў заняць пазыцыю нэўтралітэту. Аляксандар Лукашэнка накіраваў спачуваньні прэзыдэнту Расеі Дзьмітрыю Мядзьведзеву ў сувязі з ахвярамі расейцаў у вайне і прыняў рашэньне аказаць пацярпелым гуманітарную дапамогу. Інакш кажучы, на афіцыйным узроўні беларускае кіраўніцтва так і не пасунулася да палітычнай падтрымкі саюзьніка, які ваюе, абмежаваўшыся гуманітарнай дапамогай. Амбасадар РФ у Беларусі Аляксандар Сурыкаў выказаў нават публічны папрок на адрас беларускага кіраўніцтва.

Праз паўтара тыдня пасьля пачатку вайны, калі маўчаньне афіцыйнага Менску стала для Масквы невыносным, Дзьмітры Мядзьведзеў выклікаў Лукашэнку «на дыван» у Сочы. Апынуўшыся ў складанай сытуацыі, кіраўнік Беларусі кардынальна памяняў сваю пазыцыю і стаў раптам хваліць палітыку Расеі. «Гэта была спакойная, ціхая рэакцыя. Гэта было зроблена вельмі акуратна і прыгожа», — такімі дзіўнымі словамі ацаніў ён вайну Расеі супраць Грузіі. Саміт АДКБ, у якім удзельнічаў Лукашэнка, выступіў з заявай аб падтрымцы РФ у тым канфлікце.

Калі ж паўстала пытаньне аб прызнаньні незалежнасьці Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі, афіцыйны Мінск «прыкінуўся валёнкам» і стаў на шлях зацягваньня рашэньня. Спачатку Лукашэнка прапанаваў абмеркаваць гэтую праблему на чарговым саміце АДКБ, потым заявіў, што рашэньне аб прызнаньні дзьвюх самаабвешчаных рэспублік прыме новы склад беларускага парлямэнту. Падчас штогадовых прэсавых канфэрэнцыяў кіраўніка Беларусі для расейскіх журналістаў гэтае пытаньне заўсёды абавязкова задаецца. Адказ Лукашэнкі адзін і той жа: мы не прызналі незалежнасьць Паўднёвай Асэтыі і Абхазіі таму, што Расея не захацела нам за гэта заплаціць (кампэнсаваць страты ад санкцыяў, якія нібыта Захад абавязкова ўвядзе супраць нас). Проста і шчыра. Яшчэ звычайна ён дадае, што ў яго цудоўныя адносіны зь лідэрамі гэтых самаабвешчаных рэспублік, яны ня крыўдзяцца на яго, а нават дзякуюць за дапамогу.

І вось новы паварот. Пытаньне грузінскага журналіста да Лукашэнкі на прэсавай канфэрэнцыі ў Тбілісі было сфармулявана вельмі недвухсэнсоўна: ці застаецца палітыка непрызнаньня акупаваных тэрыторыяў Грузіі з боку Беларусі нязьменнай на фоне таго, што Расея «спрабуе легітымізаваць акупацыю і аформіла пагадненьні з марыянэткавымі рэжымамі?»

Лукашэнка адказаў:

Лукашэнка спрабуе прымераць на сябе статус пасярэдніка ва ўрэгуляваньні расейска-грузінскага канфлікту

«Наша пазыцыя па тых праблемах, якія вы паднялі, застаецца нязьменнай. У адваротным выпадку я б не прыехаў». І гэта адразу дало падставу ўсім мэдыям трактаваць ягоны адказ як прызнаньне тэрытарыяльнай цэласнасьці Грузіі. Напрыклад, расейскае агенцтва ТАСС паведаміла: Беларусь падтрымлівае «тэрытарыяльную цэласнасьць Грузіі ў рамках міжнародна прызнаных межаў краіны».

Лукашэнка мог адказаць больш дыпляматычна, як, напрыклад, ён рэагуе, калі яго пытаюць наконт прыналежнасьці Крыму. Маўляў, трэба падзяляць статус тэрыторыі дэ-юрэ і дэ-факта.

Думаю, акрамя ягонага ўсім добра вядомага жаданьня спадабацца аўдыторыі і сарваць аплядысмэнты тут і цяпер, гэтым разам дзейнічае яшчэ адзін чыньнік. Яму не даюць спакою ляўры міратворца. Роля Беларусі ва ўрэгуляваньні ўкраінскага крызісу трохі ўскружыла Лукашэнку голаў. І ён цяпер спрабуе прымераць на сябе статус пасярэдніка ва ўрэгуляваньні расейска-грузінскага канфлікту. Пра гэта сьведчаць ягоныя доўгія, блытаныя, з паўнамёкамі развагі:

«Мы дамовіліся: давай падвядзем рысу і паглядзім у заўтрашні дзень — якія можна зрабіць крокі для таго, каб нармалізаваць адносіны паміж Грузіяй, Беларусьсю, каб глыбейшымі зрабіць адносіны, у тым ліку з Расейскай Фэдэрацыяй. Думаю, бліжэйшым часам мы знойдзем хоць бы адзін адказ на маленькае пытаньне: які зрабіць крок для таго, каб ня толькі спыніць гэтую рыторыку, а зблізіць пазыцыі дзяржаў і жыць у адной сям’і, як было калісьці... Пра гэта мы гаварылі. Я пакуль ня маю такіх паўнамоцтваў прэзыдэнта, каб раскрываць нашы дамоўленасьці, але бліжэйшым часам вы пра іх пачуеце».

Але, падаецца, Лукашэнка пачаў гуляць у досыць рызыкоўную гульню. Бо ён разьвярэдзіў старыя расейскія раны, націснуў на балючую кропку, і ў выніку можа нарвацца на непрыемны адказ Масквы.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

XS
SM
MD
LG