Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці выконвае Лукашэнка свае абяцаньні, дадзеныя журналістам?


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Апошні раз зь вялікай групай беларускіх і замежных журналістаў Аляксандар Лукашэнка сустракаўся два гады таму — 15 студзеня 2013 году. Летась кіраўнік дзяржавы запрасіў на сустрэчу толькі 11 кіраўнікоў СМІ, правёў яе ў камэрным фармаце. Прычым сустрэча доўжылася 5 гадзін, а Беларускае тэлебачаньне паказала толькі паўтарагадзінную трансьляцыю. І вось сёлета, праз два гады, — зноў вялікая прэс-канфэрэнцыя з удзелам 260 журналістаў.

Год таму, 21 студзеня, на сустрэчы з Аляксандрам Лукашэнкам кіраўнік інфармацыйнага агенцтва БелаПАН Алесь Ліпай задаў пытаньні пра палітзьняволеных Міколу Статкевіча і Алеся Бяляцкага. У тэлевізійнай трансьляцыі тады не паказалі увесь дыялёг Ліпая з Лукашэнкам і фактычна выразалі пытаньне журналіста, ці будуць падпадаць пад амністыю палітычныя зьняволеныя. Не паказалі таксама, як Лукашэнка даручыў тагачаснаму кіраўніку сваёй адміністрацыі Аляксандру Радзькову праверыць інфармацыю пра выплату за кошт грамадзкіх ахвяраваньняў стратаў, якія, паводле суду, былі нанесеныя кіраўніком праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесем Бяляцкім дзяржаве. Таксама не паказалі адказ Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што Статкевіч можа проста напісаць прашэньне пра памілаваньне, не прызнаючы сваю віну, і ў адпаведнасьці зь дзейным парадкам гэтае пытаньне будзе разгледжана.

Што да амністыі, Аляксандар Лукашэнка тады заявіў: «Амністыі не прыводзяць да ўсплёску крымінагеннай абстаноўкі, мы можам на гэта пайсьці». І паабяцаў правесьці амністыю. Летам у Беларусі сапраўды была абвешчаная амністыя, прымеркаваная да 70-годзьдзя вызваленьня Беларусі. Пад амністыю трапілі каля 2 тысяч зьняволеных, у тым ліку і праваабаронца Алесь Бяляцкі.

Гэта, бадай, адзінае абяцаньне Лукашэнкі, дадзенае падчас той прэсавай канфэрэнцыі, якое было выканана.

Дэвальвацыі ня будзе, заявіў Аляксандар Лукашэнка год таму, на сустрэчы з кіраўнікамі СМІ 21 студзеня 2014 году:

«У нас сёньня дастаткова золатавалютных рэзэрваў, мы яшчэ неўзабаве атрымаем для падмацаваньня ЗВР каля $1,5 млрд ад Расейскай Фэдэрацыі, добрыя крэдыты... Мы штучна дэвальваваць нацыянальную валюту пад тое, каб даць хаця б нейкі глыток (можа, гэта і добра) паветра для БелАЗу, МАЗу і так далей, ня будзем, таму што дэвальвацыя нацыянальнай валюты — гэта ў выніку рост цэн. Мы гэта ўжо праходзілі. Таму нават ні на 25%, ні на 30%, ні на 15% мы гэтага рабіць ня будзем».

На 21 студзеня 2014 года курс даляру быў 9 570 рублёў, на 28 студзеня 2015 году — 15 210 рублёў. Беларускі рубель дэвальваваўся амаль на 59%.

Палітычны аглядальнік БелаПАН Аляксандар Класкоўскі быў на многіх прэс-канфэрэнцыях Лукашэнкі. Што да выкананьняў абяцаньняў кіраўніком дзяржавы, выказаўся так:

Аляксандар Класкоўскі

Аляксандар Класкоўскі

«Увогуле беларуская ўлада наскрозь папулісцкая, і ляйтматыў усіх выказваньняў нязьменнага беларускага кіраўніка палягае ў тым, што кіраўніцтва дзень і ноч клапоціцца пра падвышэньне дабрабыту беларускага народа. І быў пэрыяд, так званыя „сытыя гады“, калі сапраўды рос гэты дабрабыт, прычым рос найперш за кошт расейскіх датацыяў, за кошт фактычна „нафтадаляраў“. Цяпер, як мы бачым, абрынулася расейская эканоміка, цэны на нафту, і фактычна высьвецілася ўся несамастойнасьць, уся хібнасьць беларускай эканамічнай мадэлі. Я думаю, што і на чарговай прэс-канфэрэнцыі Лукашэнка будзе зноў казаць, што, канечне ж, улада клапоціцца пра народ, але відавочна, што сёньня гэтыя словы, як ніколі, павісаюць у паветры, таму што да наступных выбараў, напэўна, упершыню за час яго кіраваньня беларусы могуць прыйсьці нават зь меншымі ў даляравым эквіваленце заробкамі, чым гэта было падчас папярэдніх выбараў. Ва ўсялякім разе пра тую тысячу даляраў, якую Лукашэнка некалі абяцаў, сёньня і гаворкі няма. І ўвогуле гэта тэма сёньня табуяваная для дзяржаўных мэдыяў.

Сёньня ўсе ягоныя заявы пра дабрабыт проста абвальваюцца. На ўсіх прэс-канфэрэнцыях ён кажа пра народ, пра клопат пра яго і пра перавагі беларускай мадэлі. А сёньня бачна, што іх няма».

XS
SM
MD
LG