Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка звольніў кіраўніка Магілёўскай вобласьці


Пятро Руднік

Пятро Руднік

Аляксандар Лукашэнка зьняў з пасады старшыні Магілёўскага аблвыканкаму Пятра Рудніка. Пра гэта паведаміла прэзыдэнцкая прэсавая служба. З чым зьвязаная адстаўка, не паведамляецца.

5 лістапада падчас наведваньня Магілёва Лукашэнка застаўся незадаволеным сацыяльна-эканамічным станам вобласьці. Магілёў кіраўнік дзяржавы назваў «найгоршым» з усіх абласных цэнтраў. Лукашэнка сказаў Рудніку:

«Мы ў наступным годзе будзем здаваць экзамэн. А ў вас людзі заробак не атрымліваюць, а калі і атрымліваюць — мізэрны. У вас няма парадку, ўсё засталося ў мінулым стагодзьдзі, няма руху. І я гэта гавару не таму, што прыдзіраюся да вас».

Аляксандар Лукашэнка даручыў Пятру Рудніку да 15 лістапада прымаць любыя кадравыя пытаньні. Пакуль у Рудніка былі такія паўнамоцтвы зьнялі некалькіх кіраўнікоў вялікіх прадпрыемстваў.

Паводле намесьніка старшыні Партыі БНФ Рыгора Кастусёва, Пётар Руднік ня спраўдзіў чаканьняў Магілёўскай вобласьці: уздыму сельскай гаспадаркі і прамысловасьці не адбылося.

«Напрыклад, за 9 месяцаў гэтага году валавы рэгіянальны прадукт у параўнаньні зь мінулым годам скараціўся на 3,2%. Экспарт скараціўся на 6%. Зьніжэньне адбылося ў сельскай гаспадарцы. Прычыны заняпаду — правал у падборцы кадраў. Кадры падбіраліся не паводле прафэсіяналізму, а паводле адданасьці асобам, якія кіравалі вобласьцю. Віна тут ня толькі аднаго Рудніка, але і прадстаўніка Лукашэнкі па Магілёўскай вобласьці Лаўранкова. Ён асабіста адказваў за падбор кадраў. Тое, што Рудніка адхілілі ад пасады, я лічу заслужаным. Хаця Руднік ня мог скарыстаць напоўніцу свае якасьці кіраўніка вобласьцю, бо сыстэма ўлады, створаная ў Беларусі, ня можа даць раскрыцца спэцыялісту».

Паводле Кастусёва, Пятра Рудніка зьбіраюцца прызначыць міністрам гандлю і гэта для яго паніжэньне.

Пётар Руднік кіраваў абласной выканаўчай вэртыкальлю са сьнежня 2008 году. У 2009 годзе ён падпісаў комплекс першачарговых захадаў папулярызацыі беларускай мовы, чыноўнікам было рэкамэндавана карыстацца беларускай мовай у службовых справах.

За час кіраваньня вобласьцю Пятром Руднікам двойчы памяняліся кіраўнікі Магілёва і адзін раз Бабруйска.

XS
SM
MD
LG