Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Аляксандар Лукашэнка зноў выбраўся на адпачынак — гэтым разам ён вырашыў пакатацца на лыжах у Краснай паляне недалёка ад Сочы.

Варта заўважыць, што зусім нядаўна ён са сваімі сынамі і бліжняй сьвітай ужо адпачываў: у лістападзе ў Аб’яднаных Арабскіх Эміратах амаль два тыдні купаўся ў акіяне і гуляў у хакей зь мясцовымі аматарамі. Адметна, што чарговыя вакацыі адбываюцца тады, калі краіну скаланае фінансава-эканамічны крызіс.

Першы сэзонны адпачынак у новым годзе Аляксандар Лукашэнка традыцыйна прысьвячае Сочы. Туды ён выправіўся неўзабаве пасьля нялёгкай сямігадзіннай размовы з журналістамі. Напярэдадні зімовай Алімпіяды-2014 арандаваныя там беларускія базы і здраўніцы былі істотна абноўленыя і, адпаведна, сталі яшчэ больш камфартабэльнымі.

У прэзыдэнцкай прэс-службе адмовіліся падаваць падрабязнасьці лукашэнкавага адпачынку ў Сочы, таму невядома, ці ён туды выбраўся вузкім складам або ў суправаджэньні кагосьці з сыноў. Пра «нетэлефонную размову» і «таямніцу прыватных зьвестак» кажуць і на рэцэпцыі шматфункцыянальнага комплексу «Красная паляна».

Яшчэ ў 2010 годзе Дзяржаўная дума Расеі ратыфікавала пагадненьне, згодна зь якім у арэнду Кіраўніцтву спраў прэзыдэнта тэрмінам на 49 гадоў перадаваліся санаторыі «Беларусь» у Сочы і «Белая Русь» у Туапсэ, а таксама больш за 16 гектараў зямлі на базе адпачынку ў Краснай паляне. У сочынскім санаторыі, што побач з рэзыдэнцыяй «Бачароў ручай» расейскага прэзыдэнта Ўладзімера Пуціна, для Лукашэнкі збудавалі рэзыдэнцыю, дзе ён можа прымаць гасьцей, у туапсінскім — лекавацца ў мінэральных крыніцах, а «Красная паляна» — гэта сапраўдная мэка для гарналыжнікаў.

Краявід у Краснай Паляне

Краявід у Краснай Паляне

Сочынская экскурсаводка Любоў Голубева шмат гадоў адпрацавала ў санаторыі «Беларусь» і кажа: што да ўзроўню камфорту, то гэтыя намінальна беларускія ўстановы дадуць фору шматлікім канкурэнтам. Што ж тычыцца візытаў высокага госьця, то да леташніх Алімпійскіх гульняў кожны такі прыезд суправаджаўся шматгадзіннымі «коркамі», але перад спартовым форумам збудавалі аб’язную дарогу з аэрапорту наўпрост на гарналыжны курорт, таму галаўнога болю ў гараджанаў заўважна паменела:

«У нас цяпер усё ў парадку: зрабілі дзьве аб’езныя дарогі, таму цэнтар гораду вольны. Нават калі хто і прыбывае, то гэта не парушае руху. Таму ў гэтым сэнсе пасьля Алімпіяды стала нашмат лепш, горад нарэшце ачуньвае. І калі вы яшчэ не былі ў Краснай Паляне, у Алімпійскім парку, то гэта варта ўбачыць. Усе курорты, а іх там чатыры, проста шыкоўныя. Размах, уласьцівы Расеі. Усе, хто сюды прыяжджае, вельмі задаволеныя — як замежнікі, так і расейскія турысты. Ёсьць там і беларускі куточак. Дакладна ня ведаю, каго канкрэтна прымалі год таму падчас Гульняў — у нас толькі агульная інфармацыя па алімпійскіх аб’ектах, а вось такія прыватныя моманты практычна нідзе не ўсплываюць, прынамсі, экскурсаводы ў іх не асабліва паглыбляюцца. Турысты калі прыяжджаюць, іх перадусім цікавяць пабудовы, а палітыка ўжо адсоўваецца на задні плян. І нават шматлікія дэбаты, якія былі — маўляў, навошта такія ўкладаньні, дарэмна ўсё гэта, — ня спраўдзіліся. Мелі рацыю тыя, хто спрагназаваў разьвіцьцё рэгіёну, таму хочацца, каб і ў вас таксама ўсё было добра».

Як кажа суразмоўніца, заходнія санкцыі супраць Расеі за агрэсію ва Ўкраіне паспрыялі прытоку перадусім расейскіх турыстаў, для якіх валютны адпачынак за мяжой стаў больш праблематычны. А вось беларусы вакацыі ў Сочы дазволіць сабе ня могуць — за прапанаваны цэньнік двойчы на год можна зьезьдзіць у Эгіпет. Калі ты, вядома, не прэзыдэнт.

Але ці час адпачываць беларускаму кіраўніку? Экс-старшыня Фэдэрацыі прафсаюзаў Беларусі Ўладзімер Ганчарык, які на пачатку 2000-х прэтэндаваў на прэзыдэнцкую пасаду, лічыць, што, можа, хоць удалечыні ў Лукашэнкі зьявіцца магчымасьць падумаць, куды коціцца Беларусь пад ягоным кіраўніцтвам:

Уладзімер Ганчарык

Уладзімер Ганчарык

«Няхай адпачывае, і чым больш — тым лепш і для яго, і для краіны. Я зыходжу найперш зь ягонай апошняй прэс-канфэрэнцыі: калі ён не прызнаў таго, што цяперашняя дзяржаўная мадэль стала тормазам разьвіцьця краіны, невыкананьня тых паказьнікаў, якія ставіліся дзеля павышэньня дабрабыту насельніцтва. Тады пра што гаворка? Пэўна, патрэбны час, каб кіраўнік дзяржавы падумаў, што неабходна рабіць нешта большае, зьмяняць гэтую сыстэму — сацыяльную, эканамічную. Бо, паўтаруся, цяпер гэта тормаз разьвіцьця. Таму з гэтага і зыходжу: можа, яму трэба нейкі час для роздуму. Каб ён узяў асноўныя паказьнікі, якія адлюстроўваюць разьвіцьцё краіны, то зразумеў бы: усё ідзе ня лепшым чынам — і эканамічныя вынікі нікуды ня вартыя, і інфляцыя не спыняецца, і дэвальвацыя, мабыць, ужо чацьвёртая за апошнія гады. І не насельніцтва ў гэтым вінаватае, таму што сказаць, што народ ня хоча рэформаў — гэта сказаць, што народ ня хоча жыць лепш. Такіх недарэчнасьцяў было шмат, і я думаю, што ад усяго гэтага і трэба адпачыць».

Самыя заўзятыя гарналыжнікі ў прэзыдэнцкай сям’і — сам Лукашэнка і ягоны 10-гадовы сын Мікалай. Летась дзяржаўныя тэлеканалы часта паказвалі, як Мікалай Аляксандравіч ліха скарае горныя схілы ў «Краснай паляне» і забівае галы дарослым дзядзькам з аматарскай хакейнай каманды Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Чым можа абярнуцца такое актыўнае далучэньне малога да прыемнасьцяў, недаступных бальшыні беларускіх дзяцей? Ці не занадта шмат дазволена прэзыдэнцкім спадкаемцам? Разважае пэдагог з Таварыства беларускай школы Ягор Сурскі:

Ягор Сурскі

Ягор Сурскі

«Цяжка сказаць, але, баюся, у дадзеным выпадку гэта больш сьведчыць пра ўзровень дарослых людзей, якія ўсё гэта прымаюць, якія дазваляюць сьцірацца межам паміж рэаліямі і фантазіямі. Дарослыя паміж сабой яшчэ могуць рабіць нейкія адсылкі, што гэта проста гульня, што ўсе тыя закінутыя шайбы ці выйграны гарналыжны спуск — гэта несур’ёзна, няшчыра, што іншыя падгульваюць, каб быў такі вынік, — бо гэта ўсё ж дарослыя хакеісты, лыжнікі і г.д. Але менавіта дзецям, ды яшчэ ў такім узросьце, гэта ўсё нашмат больш складана патлумачыць: што гэта гульня, што дарослыя ў гэтай сытуацыі падгульваюць няшчыра. Дзіцяці гэта сапраўды вельмі цяжка патлумачыць, каб ён гэта ўсьвядоміў. Дый сам факт — бо любы чалавек заўважае, ці гэта ў час заняткаў адбываецца, ці ён на нейкай падставе вызвалены. Людзі таксама зьвяртаюць увагу, чаму адным можна, а іншым — не».

Цягам году Аляксандар Лукашэнка звычайна дазваляе сабе некалькі сэзонных адпачынкаў. Адрасамі зімовых вакацыяў за апошнія гады былі Аўстрыя, Армэнія, Славенія, Сэрбія, Казахстан, Расея, Швайцарыя. Часьцяком ён сумяшчае адпачынак з афіцыйнымі візытамі.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG