Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка зьнізіў шэсьць тарыфаў на камуналку. Ці надоўга?


Да 25 сакавіка грамадзяне атрымаюць новыя жыроўкі зь пераразьлікам плацяжоў за студзень. Аплаціць іх можна да 5 красавіка.

Паводле ўказу вада таньнее ўдвая, абмежавана максымальная плата за ліфт, зьменена сыстэма некаторых іншых разьлікаў. Эканаміст Анташкевіч лічыць, што падвышэньне тарыфаў у цяперашніх умовах непазьбежнае.

Згодна з указам Лукашэнкі № 107 ад 23 сакавіка у Беларусі зьмяняюцца шэсьць тарыфаў на камунальныя паслугі. Указ набыў сілу і закранае ўсе аплаты ад 1 студзеня 2016 году. Да 25 сакавіка маюць зрабіць пераразьлік плацяжоў за студзень (акрамя водазабесьпячэньня і каналізацыі). А за люты разьлікі будуць рабіць зыходзячы з новых максымальна дапушчальных тарыфаў.

Ва ўказе прапісана, што «ў мэтах абароны правоў і законных інтарэсаў грамадзян, удасканаленьня аплаты аказаных насельніцтву жыльлёва-камунальных паслугаў і парадку вяртаньня выдаткаў на электраэнэргію»:

• у 1,7 раза, да 2790 рублёў за 1 м³, зьмяншаецца максымальны тарыф на водазабесьпячэньне,
• у 2,2 раза, да 1863 рублёў за 1 м³ — на каналізацыю,
• уводзіцца максымальны тарыф на дамафоны ў памеры 9100 рублёў на кватэру.

Таксама мяняюцца падыходы да разьлікаў за ліфт, прыбіраньне падʼездаў, асьвятленьне месцаў агульнага карыстаньня і іншае — цяпер такія паслугі аплочваюцца не ў залежнасьці ад мэтражу кватэры, а ў залежнасьці ад колькасьці людзей, якія ў ёй пражываюць.

Былы кіраўнік жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Менскага гарвыканкаму, эканаміст Іван Анташкевіч сказаў карэспандэнту Свабоды, што такое зьмяншэньне тарыфаў сёньня будзе добрым для людзей, але невядома, у якой прапорцыі будуць (і ці будуць) расьці гэтыя тарыфы далей:

Іван Анташкевіч
Іван Анташкевіч

«Гэта ж прынцыпова нічога не мяняе ў тым, як функцыянуе сыстэма ЖКГ, — кажа Анташкевіч. — Вядомая рэч, што калі наша зарплата будзе ў такім стане, як цяпер, то з улікам досьведу абурэньня людзей будуць больш асьцярожна падыходзіць да падвышэньняў. Мо не спужаліся, але нэгатыў быў, безумоўна, моцны, паўсюдны і масавы. Напэўна, на сто адсоткаў усе былі абураныя вялікім падвышэньнем, якое да таго ж без разбору закранула і пэнсіянэраў ці малазабясьпечаных людзей, у якіх не заставалася сродкаў да жыцьця — гэта шакавала народ.

Але калі, як сьцьвярджаецца, сабекошт вышэйшы за пакрыцьцё затратаў службаў ЖКГ, якія мы аплочваем, то непазьбежна будуць падвышаць тарыфы, бо грошай жа няма для субсыдыяў дзяржавы. Будуць трымаць у напружаньні ўсё насельніцтва, якое будзе чакаць, што гэтыя тарыфы будуць падвышацца. І, напэўна, апраўдана будуць чакаць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG