Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Асноўная тэма працаў расейскага мастака Андрэя Будаева — усхваленьне расейскай улады і высьмейваньне заходніх лідэраў. Але часам на ягоных календарах можна пабачыць і кіраўніка Беларусі.

Расейскі мастак Андрэй Будаеў з 2009 году выдае календары-каляжы на палітычныя тэмы. Сам мастак, як сьцьвярджаецца на ягоным сайце, сябра расейскага і маскоўскага Саюзаў мастакоў, займаецца палітычным плякатам з 1995 году. Як сьцьвярджаюць блогеры і карыстальнікі сацсетак, у Расеі календары ёсьць у адкрытым продажы.

Часам на календарах зьяўляецца і Аляксандар Лукашэнка: то сярод пераможцаў нацызму (разам з Пуціным і Зюганавым, лідэрамі азіяцкіх краін, непрызнаных «ДНР» і «ЛНР», а таксама кубінцам Фідэлем Кастра), то за сьпінай Пуціна разам з малодшым сынам Мікалаем (чамусьці з падступнай усьмешкай), то ў шэрагу дыктатараў (палова зь якіх сёньня ўжо нябожчыкі).

У асноўным жа на календарах можна пабачыць расейскіх палітыкаў і алігархаў у велічных вобразах герояў, барацьбітоў або цароў, а ў зьняважлівым выглядзе — расейскіх апазыцыйных дзеячаў і журналістаў, заходніх лідэраў. На баку першых — прыхільнікі «ДНР» і «ЛНР», сярод другіх — украінцы і грузіны.

Свабода паспрабавала зьвязацца з аўтарам плякатаў. Прадстаўнік мастака Міхаіл паабяцаў, што перадасьць Будаеву прапанову аб інтэрвію, а таксама каротка пракамэнтаваў ягоныя працы:

«Гэтыя працы — палітычныя календары, былыя агітплякаты. Чаму б там Лукашэнка ня ў тэму? Усё ў тэму якраз. Ёсьць і ўнутраныя календары, ёсьць календары і работы, прысьвечаныя падзеям з усяго сьвету».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG