Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гэта нікуды ня варта!»,— Лукашэнка заклікаў Расею вызначыцца з будучыняй інтэграцыйных праектаў


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка выступіў з крытыкай дзеяньняў расейскіх уладаў, якія не пагаджаюцца з ільготнай цаной газу і скарацілі пастаўкі нафты для Беларусі.

Заявы прагучалі на сустрэчы зь дзяржаўным сакратаром Саюзнай дзяржавы Рыгорам Рапотам, перадае БЕЛТА.

«Ня ўтойваў і ня буду ў гэтай гутарцы ўтойваць: занадта шмат праблемаў зьявілася ў нас у краіне, занадта шмат крытыкі на адрас ня толькі інтэграцыі на ўзроўні дзьвюх дзяржаў, але і на ўзроўні Эўразійскага эканамічнага саюзу, СНД. Хоць СНД тую функцыю, якую можа выконваць, выконвае і рухаецца тымі тэмпамі, якія мы задаём. Галоўнае — гэта, вядома ж, Эўразійскі эканамічны саюз і саюз Беларусі і Расеі», — сказаў Лукашэнка.

Ён адзначыў, што летась гандлёва-эканамічныя адносіны Беларусі і Расеі былі не на найлепшым узроўні, і сёлета сытуацыя не палепшылася:

«Гэта нікуды ня варта. Мы заўсёды ганарымся тым, што вось таваразварот зьнізіўся, але ў натуральным выражэньні мы дадалі. Гэта сьведчыць пра тое, што мы пачалі пастаўляць у Расею вялікія абʼёмы, але па цэнах напалову ніжэйшых. Якая даходнасьць Беларусі ад гэтага? Практычна ніякай. Мы целяпаемся (інакш ня скажаш) і ўжо некалькі месяцаў ня можам дамовіцца па цане на газ. У сувязі з гэтым Расея зьнізіла пастаўкі нафты ў Беларусь. Мы гэта ўспрымаем як ціск на Беларусь, але ціску я не пацярплю, і беларусы таксама».

Мы цяпер вельмі ўважліва аналізуем наш удзел, перш за ўсё ў Эўразійскім эканамічным саюзе. Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў?

Аляксандар Лукашэнка дадаў, што пры пастаўках у Расею блякуюцца некаторыя беларускія тавары, асабліва прадукты харчаваньня:

«У Расеі яны чамусьці „няякасныя“. Але зразумела: калі мы пастаўляем якасны тавар і па прымальных цэнах у Расею, мы бʼём па кішэнях алігархаў ад сельскай гаспадаркі ў Расеі. Яны ціснуць на ўрад (там сувязі, вы ведаеце ня горш за мяне, якія), а ўрад дае каманду „фас“ рознага роду чыноўнікам — ад Рассельгаснагляду і гэтак далей. Яны ў нас тры прадпрыемствы адкрываюць для паставак — пяць закрываюць, пяць адкрываюць — шэсьць потым закрываюць. Ідзе непрыхаваны ціск. Я чаму адкрыта пра гэта кажу? Таму што ўжо надакучыла, гэта ўжо цераз край, далей так працягвацца ня можа. Яшчэ кажу гэта таму, каб вы разумелі, на якім фоне мы сёньня гаворым пра далейшае разьвіцьцё нашага саюзнага праекту. Тое, што я сказаў, ні ў якім разе не азначае, што мы будзем у нейкім пляне згортваць інтэграцыйныя праекты, але свой удзел у гэтых праектах мы будзем аптымізаваць. Я даў такое распараджэньне ўраду і Адміністрацыі прэзыдэнта. Мы цяпер вельмі ўважліва аналізуем наш удзел, перш за ўсё ў Эўразійскім эканамічным саюзе. Калі так будзе працягвацца — навошта нам там трымаць кучу чыноўнікаў? Там, па-мойму, ужо каля тысячы ў так званым урадзе ў ЭАЭС. І які вынік? Навошта плаціць грошы на ўтрыманьне ў Маскве высакаклясных спэцыялістаў? Мы найлепшых туды аддалі. Мы ім знойдзем працу тут, а тое, што там будуць прымацца рашэньні, мы зь імі пагодзімся, таму што іх практычна няма. Парушаецца ўсё, пра што дамовіліся».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG