Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка зацьвердзіў тарыфы ў жыроўках: Галоўнае было — не панізіць


Кіраўнік краіны Аляксандар Лукашэнка зацьвердзіў тарыфы на асноўныя жыльлёва-камунальныя паслугі. Папярэдне ён запатрабаваў падрабязна распавесьці яму пра шляхі фармаваньня сабекошту кожнай з паслуг. Указ аб тарыфах будзе падпісаны бліжэйшым часам.

Пра гэта стала вядома 14 сакавіка на нарадзе па пытаньнях аплаты жыльлёва-камунальных паслуг, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Лукашэнка заявіў, што сёньняшняя нарада павінна быць апошняй у пляне выпрацоўкі «выразных, нармальных, празрыстых і сумленных, так, як гэта з жыцьця, тарыфаў на жыллёва-камунальныя паслугі».

Кіраўнік Беларусі заявіў пра неабходнасьць аб’ектыўных тарыфаў:

«Самае галоўнае для нас было — не панізіць тарыфы, як гэта ўсюды ў сродках масавай інфармацыі зараз падаецца, што вось прэзыдэнт там накруціў-навярцеў усім, зараз будзем паніжаць тарыфы. Так, дзе трэба, мы панізім, і панізілі тарыфы. Але пытаньне ня ў гэтым. Пытаньне ў тым, каб выпрацаваць тарыфы аб’ектыўныя, якія будзе ведаць усё насельніцтва, і зацьвердзіць іх у прэзыдэнта».

Лукашэнка прызнаў, што «гэтая жыроўка — чорт ногі зломіць, ня кожны эканаміст разьбярэцца!»

«Хачу публічна папярэдзіць тых спэцыялістаў, якія лічылі. Ня дай бог вы няўважліва да гэтага майго даручэньня паставіліся і потым выявіцца, што вы прапанавалі мне нерэальныя цэны на зацьвярджэньне. Вось тады ўжо прабачэньня ня будзе».

Таксама кіраўнік краіны пацікавіўся пакараньнем тых, хто займаўся прыпіскамі — «хто хімічыў на гэтым, хто крыўдзіў людзей і хто краў грошы зь бюджэту такім чынам».

Таксама ён адзначыў, што некалі насельніцтва будзе плаціць 100% за паслугі, аднак калі так стане, пакуль казаць рана. Маўляў, «гэта будзе залежаць ад таго, як людзі будуць жыць».

«У краіне недатыкальных няма, кожны павінен адказваць за сваё», — заявіў Лукашэнка.

Ён сказаў, што ў будучыні будзе таксама разгледжана фармаваньне цэн на паслугі па электраэнэргіі:

«Занадта ўжо шыкоўна энэргетыкі сябе паводзяць, жывуць, а ўсё гэта ідзе ў затраты, а потым кладзецца на прамысловасьць і на людзей».

Паводле міністра жыльлёва-камунальнай гаспадаркі Аляксандра Церахава, ёсьць магчымасьць зьніжэньня тарыфаў на водазабесьпячэньне — на 41,5%, водаадвядзеньне — на 55,1%, тэхабслугоўваньне ліфта — фактычна на 30%. Частка тарыфаў ня зьменіцца. Міністар таксама паабяцаў спрасьціць зьнешні выгляд жыроўкі.

XS
SM
MD
LG