Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка ў Самаркандзе: Гэты візыт не такім павінен быў быць


Па дарозе з Ісламабаду ў Менск кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка наведаў з працоўным візытам Узбэкістан.

Ён сустрэўся ў Самаркандзе з выканаўцам абавязкаў прэзыдэнта Ўзбэкістану, прэмʼер-міністрам краіны Шаўкатам Мірзіёевым.

«Мы трошкі адсталі ў адносінах, у эканоміцы. Упэўнены, што ў бліжэйшы час — год, два, тры — мы абавязкова адыдзем ад гэтага сьмешнага таваразвароту. У нас ёсьць вялікі патэнцыял. Мы маем патрэбу ў вас, вы маеце патрэбу ў нашай эканоміцы, — цытуе БелТА Аляксандра Лукашэнку. — Таму мы дамовімся і вызначым рамкі нашага афіцыйнага візыту, калі вы сфармуеце ўрад, праведзяце прэзыдэнцкія выбары».

Лукашэнка расказаў, што 6 кастрычніка павінен быў пачацца яго афіцыйны візыт ва Ўзбэкістан:

«Я загадзя ня думаў і не падбіраў гэты момант. Толькі сёньня ў самалёце адкрыў і паглядзеў: дык мы ж 6–8 кастрычніка зьбіраліся сустрэцца тут з Ісламам Абдуганіевічам і абмеркаваць нашы праблемы. Вядома, гэты візыт не такім павінен быў быць, але жыцьцё ідзе і працягваецца. Наша з вамі задача — зрабіць так, каб узбэцкі і беларускі народы мелі годныя ўзаемаадносіны. І мы гэта зробім. Гэта будзе добрай для яго памяцьцю».

У Самаркандзе Лукашэнка наведаў магілу першага прэзыдэнта Ўзбэкістану Іслама Карымава на могілках «Хазрат Хізр».

Таксама кіраўнік Беларусі пагутарыў з удавой нябожчыка Тацянай Карымавай і выказаў ёй свае спачуваньні.

Карымаў, які нязьменна кіраваў краінай 25 гадоў, памёр ад інсульту 2 верасьня ва ўзросьце 78 гадоў. Часовым выканаўцам абавязкаў кіраўніка Ўзбэкістану прызначаны прэмʼер-міністар Шаўкат Мірзіёеў. Выбары прэзыдэнта адбудуцца 4 сьнежня.

На пахаваньне Карымава паехаў не Аляксандар Лукашэнка, а прэмʼер Андрэй Кабякоў. Паводле экспэртаў, матывы, дзеля якіх Лукашэнка не паехаў на пахаваньне Карымава, — асабістыя кепскія адносіны, нежаданьне дражніць Маскву ўшанаваньнем памяці «архітэктара» незалежнай палітыкі Ўзбэкістану і слабыя эканамічныя сувязі з гэтай краінай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG