Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што Нацбанку і ўраду ня варта зьвяртаць увагу на крытыку адносна ручнога рэжыму кіраваньня эканомікай.

«Якое хочаце ўжывайце кіраваньне, абы ад гэтага быў вынік — сёньня не да жыру, — сказаў Лукашэнка, прымаючы старшыню праўленьня Нацбанку Паўла Калаўра. — У нас наперадзе, магчыма, яшчэ больш складаныя часы, і дай бог нам вось так прайсьці, як мы сёньня ідзем. Сытуацыя ў сьвеце ад нас не залежыць. Мы павінны да яе прыстасавацца, і мы гэта павінны разумець».

Ён адзначыў, што ў Беларусі адносна спакойная сытуацыя ва ўсіх сэгмэнтах эканомікі, у тым ліку ў валютнай сфэры, стабільная і прадказальная грашова-крэдытная палітыка:

«Гэта наша шчасьце. Вось гэты трэнд трэба захаваць».

Паводле Лукашэнкі, дзякуючы пераходу на плаваючы курс рубля ўдалося пераканаць насельніцтва, што зь ім ня будуць гуляць у гульні.

«Звычайныя людзі ў нас усё могуць купіць у Беларусі за беларускія рублі», — сказаў кіраўнік краіны.

Ён паабяцаў дэталёва азнаёміцца з цэнамі на спажывецкім рынку — ажно да раскладу па асобных таварах.

«Менш мяне — хай гэта непапулярна — хвалююць тыя людзі, якія па тры, па пяць тэлевізараў куплялі або купляюць, аўтамабілі могуць сабе купіць».

Лукашэнка нагадаў пра сваё даручэньне ўраду — уважліва адсочваць цэны на спажывецкім рынку, «каб мы неяк маглі і адміністрацыйна ўзьдзейнічаць на інфляцыю».

Паводле Паўла Калаўра, за сем месяцаў цэны ў Беларусі вырасьлі на 7,5%. Чакаецца, што за студзень-жнівень прырост складзе ня больш як 7,9%.

Таксама Лукашэнка заявіў, што прыватны бізнэс Беларусі павінен шырэй удзельнічаць у асваеньні кітайскіх крэдытаў у 7 млрд даляраў, якія даюцца Беларусі на выгадных умовах. Ён чарговы раз выказаў незадавальненьне тым, што значных праектаў прапануецца недастаткова.

Лукашэнка падкрэсьліў, што 7 млрд даляраў — гэта добры кавалак працы, і кітайскія партнэры гатовыя скараціць зьвязанасьць гэтага крэдыту. Маўляў, у Беларусі «ёсьць добрыя пункты, якія мы можам задзейнічаць і спакойна прайсьці пік сусьветнага крызісу, у які мы аказаліся ўцягнутымі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG