Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка сустрэнецца з Пуціным у Сочы


Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Уладзімер Пуцін і Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

18 верасьня ў Сочы Аляксандар Лукашэнка і Ўладзімер Пуцін сустрэнуцца ў рамках форуму рэгіёнаў Расеі і Беларусі, дзе будзе абмяркоўвацца палітыка «саюзнай дзяржавы», а таксама агульныя падыходы і рэгіянальныя аспэкты ў гэтым кірунку.

Пра гэта паведаміў журналістам памочнік прэзыдэнта РФ Юры Ўшакоў. Ён адзначыў, што сустрэча Пуціна і Лукашэнкі будзе мець «важнае значэньне з пункту гледжаньня маючых адбыцца прэзыдэнцкіх выбараў у Беларусі». Падчас форуму плянуецца падпісаць шэраг дакумэнтаў аб супрацоўніцтве паміж рэгіёнамі РФ і Беларусьсю, паведамляе «РИА Новости».

Лукашэнка 17–18 верасьня накіруецца з працоўным візытам у Расею, дзе возьме ўдзел у форуме рэгіёнаў у Сочы, паведамляе прэс-служба беларускага прэзыдэнта.

Перад гэтым 15 верасьня Лукашэнка возьме ўдзел у сэсіі Рады калектыўнай бясьпекі Арганізацыі Дамовы аб калектыўнай бясьпецы. Сэсія пройдзе ў Душанбэ.

Парадак дня пасяджэньня ў Душанбэ налічвае больш за паўтара дзясятка пытаньняў. У прыватнасьці, размова пойдзе аб праверцы гатоўнасьці вайсковых кантынгентаў калектыўных сіл апэратыўнага рэагаваньня АДКБ, аб арганізацыі кіраваньня войскамі АДКБ, аб складзе і базаваньні калектыўных авіяцыйных сіл.

На разгляд кіраўнікоў дзяржаў, між іншым, вынесены праект пагадненьня аб супрацоўніцтве дзяржаў АДКБ у галіне перавозак вайсковых і іншых фармаваньняў, іх рухомай маёмасьці, а таксама прадукцыі вайсковага прызначэньня.

XS
SM
MD
LG