Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

«Лукашэнка стараецца намацаць на целе Крамля балючыя кропкі», — Раманчук


Яраслаў Раманчук

Яраслаў Раманчук

Рашэньне Беларусі падпісаць ня сам Мытны кодэкс, а ўказ аб правядзеньні перамоваў па ім, — нармальная практыка. Пра гэта ў чацьвер на брыфінгу заявіў журналістам прэсавы сакратар МЗС Дзьмітры Мірончык.

Эканаміст Яраслаў Раманчук лічыць непадпісаньне Мытнага кодэксу своеасаблівым дэмаршам.

«Рэдакцыя пункту „аб правядзеньні перамоваў“ — нарматворчая фармулёўка, якая ўстаялася», — сказаў спадар Мірончык, удакладніўшы, што Аляксандар Лукашэнка не падпісаў Мытны кодэкс Эўразійскага эканамічнага саюзу, а толькі ўхваліў праект.

«Шэраг СМІ не зусім карэктна падалі гэтую навіну. Падпісаны ня Мытны кодэкс, а ўказ аб правядзеньні перамоваў», — сказаў прэсавы сакратар МЗС. Паводле ягоных слоў, «усе прынцыповыя пытаньні па праекце дамовы, як правіла, узгадняюцца загадзя, але да падпісаньня ў дакумэнт могуць уносіцца карэктывы».

Эканаміст Яраслаў Раманчук выказаў меркаваньне, што, праяўляючы такую прынцыповую пазыцыю, Аляксандар Лукашэнка спрабуе націснуць на балючыя кропкі Крамля.

Што да фармулёўкі афіцыйнага прадстаўніка беларускага МЗС наконт «сталай, нармальнай практыкі — падпісваць ня сам дакумэнт, а ўказ аб правядзеньні перамоваў», то спадар Раманчук выказаўся такім чынам:

«Хацелася б, каб прэсавы сакратар МЗС удакладніў, дзе і калі гэта ўсё „ўстаялася“. Калі ішоў працэс працы над Мытным кодэксам, былі праведзены дзясяткі паседжаньняў, навуковых, экспэртных канфэрэнцый, экспэртыз, былі транспартныя выдаткі — усё гэта грошы, і немалыя. І, безумоўна, рашэньне прыняць дакумэнт за аснову і праводзіць перамовы, калі праца над дакумэнтам ішла больш за год — гэта, я лічу, дэмарш. Прычым ён тычыцца ня толькі канкрэтнага дакумэнту, а і ўсяго Эўразійскага эканамічнага саюзу ў тым выглядзе, у якім ён працуе.

Калі Лукашэнка зразумеў, што Расея сур’ёзна, як да абавязковай міжнароднай дамовы, ставіцца да Мытнага кодэксу, ён вырашыў яго не падпісваць. Тым больш калі для Беларусі інтэграцыйны „грант“ Расеі зьнізіўся з 15% ВУП да 3%, калі Лукашэнка недаатрымаў амаль 6 мільёнаў тон нафты, не заплаціў за газ, ён стараецца „намацаць“ новыя, балючыя кропкі на целе Крамля, на якія можна націснуць.

Лукашэнка экспэрымэнтуе. Экспэрымэнтуе з Мытным кодэксам, магчыма, будзе экспэрымэнтаваць з праваслаўнай царквой. Думаю, ён будзе задзейнічаць і нейкі вайсковы элемэнт — усе тыя рэчы, якія сёньня для Крамля вельмі важныя. Гэта ня тое што шантаж, гэта такая перамоўная пазыцыя. Лукашэнку ў сьпіну дыхае эканамічны крызіс, і іншага адказу, акрамя такой жорсткай пазыцыі, у яго няма.

Будзе задзейнічаны і палітычны фактар Эўразьвязу — маўляў, „мы з палякамі будзем больш шчыльна супрацоўнічаць“. А для Расеі гэта як чырвоная ануча для быка.

Мінулы год завершаны канфліктам з Расеяй, і 2017 год будзе вельмі складаны для Лукашэнкі, які разьлічвае на старую мэтодыку перамоваў з Крамлём».

Ваша меркаваньне

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG