Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: расейцы прымяняюць бандыцкія мэтады


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прычына «гандлёвых войнаў» — сутыкненьне інтарэсаў беларускіх вытворцаў зь іхнімі расейскімі канкурэнтамі.

«Яны ня могуць з намі канкураваць ні па якасьці, ні па цане, ні па нашай арганізаванасьці. Таму ўжываюць такія адміністрацыйныя, часам бандыцкія мэтады», — сказаў кіраўнік краіны журналістам.

Ён адзначыў, што ў Беларусі да гэтага гатовыя:

«Мы людзі загартаваныя».

Паводле Лукашэнкі, у яго выйшла жорсткая, але гранічна дзелавая размова з прэзыдэнтам Расеі наконт паставак беларускіх харчоў у Расею.

«Гэта не чужы канфлікт. Гэта каля нашага парога»

Паводле Лукашэнкі, падчас візыту ва Ўкраіну ён абмяркоўваў з прэзыдэнтам Пятром Парашэнкам пытаньні разьвядзеньня бакоў канфлікту на Данбасе і пытаньні функцыянаваньня расейска-ўкраінскай мяжы.

«Ёсць судотык украінскай арміі і апалчэнцаў. Трэба іх разьвесьці мінімум на 30 кілямэтраў. І вось гэтую зону трэба пракантраляваць, каб не было гэтых сутыкненьняў, адвесьці цяжкія ўзбраеньні», — цытуе Інтэрфакс Лукашэнку.

Таксама абмяркоўвалася яшчэ адна праблема Ўкраіны — «закрыць мяжу з Расеяй»:

«Там велізарны недавер. Прэзыдэнт Парашэнка наўпрост сказаў: калі б беларусы нам у гэтым пляне хоць нечым змаглі дапамагчы, я быў бы ўдзячны».

Лукашэнка прапанаваў прэзыдэнту Ўкраіны вырашыць, чым і як Беларусь можа дапамагчы ў вырашэньні гэтых праблемаў.

Адносна вынікаў перамоваў па сытуацыі ва Ўкраіне, якія адбыліся 24 сьнежня ў Менску, Лукашэнка сказаў:

«Мала пра што дамовіліся, але па абмене палоннымі прынялі рашэньне. І гэты абмен, як мы бачым у СМІ, пачаўся. Я думаю, што не за гарамі наступнае пасяджэньне. Але рашэньне па ім не прынятае. Дзявацца няма куды — трэба сустракацца і дамаўляцца», — падкрэсьліў кіраўнік Беларусі.

Ён сказаў, што Беларусь ня можа заставацца абыякавай да сытуацыі ва Ўкраіне:

​«Гэта не чужы канфлікт. Гэта каля нашага парога. Мы павінны пастарацца зрабіць максымум для таго, каб прытушыць гэты канфлікт. А можа, яго ліквідаваць. Мы самі не напрошваемся, мы туды ня лезем і ніколі ня лезьлі. Папросяць — зробім, калі зможам. Не папросяць — вырашайце самі».

«Калі нашы вайскоўцы ў якасьці міратворцаў некуды паедуць, то я і мой сын паедзем»

Таксама Лукашэнка абверг чуткі пра намер выкарыстоўваць беларускіх вайскоўцаў у якасьці міратворцаў.

«Калі нашы вайскоўцы ў якасьці міратворцаў некуды паедуць, то я першы туды паеду, каб яны ведалі. І мой старэйшы сын, які сёньня займаецца гэтымі праблемамі, таксама там будзе. Я нікога не зьбіраўся нікуды накіроўваць, а мяне ўжо падвяргаюць нейкай крытыцы», — цытуе БЕЛТА Лукашэнку.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG