Ізраільскага вайсковага мэдыка Эльёра Азарыю, які быў арыштаваны за забойства палестынца, асудзілі на 18 месяцаў турэмнага зьняволеньня.
Прысуд Эльёру Азарыю быў вынесены трыма судзьдзямі ў вайсковым судзе ў Тэль-Авіве. Абвінаваўцы патрабавалі пазбаўленьня волі на тэрмін ад трох да пяці гадоў, тым часам як сам Азарыя прасіў суд быць «міласэрным» і прысудзіць яму ўмоўны тэрмін. Забойства, якое адбылося 24 сакавіка летась, было запісанае на відэа і пашыранае ізраільскімі праваабаронцамі: запіс паказвае Азарыю, які забівае цяжкапараненага і нерухомага Абдула Фатха аш-Шарыфа.
Судзьдзя Мая Гэлер заявіла, што дзеяньні Азарыі нанесьлі сур’ёзную шкоду каштоўнасьцям ізраільскага грамадзтва ў цэлым, а таксама былі парушэньнем этычнага кодэксу ізраільскіх вайскоўцаў, які называюць «чыстая зброя».
Забойства, якое атрымала сусьветны рэзананс, адбылося пры нападзе з нажом двух палестынцаў на ізраільскіх салдатаў каля кантрольна-прапускнога пункту ў горадзе Хэўрон на Заходнім беразе. Адзін зь іх быў забіты на месцы, другі — Шарыф — паранены.