Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь у ліку 10 краінаў, у якіх палепшыліся ўмовы для бізнэсу

абноўлена

Апублікаваны штогадовы даклад Сусьветнага банку ў справе лёгкасьці ўмоваў вядзеньня бізнэсу, у якім прааналізаваная сытуацыя ў 137 краінах сьвету.

На першым месцы — Новая Зэляндыя, затым ідзе Сынгапур, на трэцім месцы — Данія. У дзясятку лідэраў увайшлі таксама Ганконг, Кітай, Паўдзённая Карэя, Нарвэгія, Вялікая Брытанія, ЗША, Швэцыя і Македонія.

Беларусь знаходзіцца на 37-ым месцы (Грузія — на 16-ым, Расея — на 40-ым, Украіна — на 80-ым). Аднак Беларусь увайшла ў дзясятку краінаў, дзе ў выніку рэформаў умовы для вядзеньня бізнэсу істотна палепшыліся. Сьпіс лідэраў выглядае наступным чынам: Брунэй-Дарусалам, Казахстан, Кенія, Беларусь, Інданэзія, Сэрбія, Грузія, Пакістан, Аб’яднаныя Арабскія Эміраты і Бахрэйн.

Сярод дасягненьняў Беларусі ў дакладзе адзначаецца спрошчаны працэс падлучэньня спажыўцоў да электраэнэргіі, створанае «адзінае вакно» , якое выконвае увесь комплекс паслугаў, зьвязаных з падлучэньнем. Акрамя таго, гаворыцца ў дакладзе, Беларусь палепшыла бізнэс-клімат у выніку стварэньня электроннай картаграфічнай сыстэмы ўласнасьці, прадстаўленьня банкамі крэдытаў і рэгуляваньня фінансавых інстытутаў. Таксама, адзначаецца ўвядзеньне крэдытных балаў, што спрыяе паляпшэньню крэдытнай справаздачнасьці

«Паляпшэньне ў Беларусі адбываецца таму, што раней умовы былі вельмі кепскія»

Старшыня Асацыяцыі малога і сярэдняга прадпрымальніцтва Сяргей Балыкін у інтэрвію карэспандэнту Свабоды сказаў, што асабліва радавацца прасоўваньню Беларусі ў рэйтынгу ня варта.

Сяргей Балыкін
Сяргей Балыкін

«Насамрэч можна казаць, што ў Беларусі ўмовы для вядзеньня бізнэсу палепшыліся і паляпшаюцца. Бо становіцца менш нейкіх барʼераў, нейкіх перашкодаў. І пра гэта трэба казаць.

Аднак гэтае паляпшэньне адбываецца таму, што раней умовы былі вельмі кепскія. І, здымаючы пэўныя барʼеры, мы можам дабіцца нейкіх істотных паляпшэньняў.

Па-другое, усе гэтыя рэйтынгі вельмі субʼектыўныя і грунтуюцца на экспэртных ацэнках. Гэтыя рэйтынгі ня ўлічваюць такія абʼектыўныя перашкоды для бізнэсу, якія існуюць, але якія не зафіксаваныя афіцыйна.

Напрыклад, практыка зьмяняць падатковае заканадаўства, прычым у апошнія дні фінансавага году, не даючы магчымасьці бізнэсу падрыхтавацца да гэтых зьменаў. Фармальна нельга сказаць, што гэта пагаршае ўмовы для бізнэсу, бо такога патрабаваньня няма. Але насамрэч, калі вы вымушаныя пастаянна прызвычайвацца да зьмяненьня падатковага заканадаўства і гэтыя зьмены адбываюцца нечакана, гэта вельмі кепска для вашага бізнэсу.

Таксама беларускае бізнэс-заканадаўства застаецца супярэчлівым, найперш у галіне кантрольнай дзейнасьці. І бізнэсу таксама цяжка прыстасавацца да тлумачэньняў заканадаўства падаткоўцамі ці іншымі кантралёрамі.

Таму — добра, так, насамрэч паляпшаецца. Але асабліва радавацца прасоўваньню нашай краіны ў рэйтынгу ня варта».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG