Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: прадпрыемствы цягнуць уніз беларускую эканоміку


Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заявіў, што прамысловыя прадпрыемствы Беларусі апошнім часам «сур’ёзна адстаюць і цягнуць уніз усю беларускую эканоміку».

Сваю занепакоенасьць гэтай сытуацыяй ён выказаў 6 сакавіка падчас дакладу міністра прамысловасьці.

Паводле Лукашэнкі, з усіх галінаў, у якіх склалася неспрыяльная сытуацыя, яго найбольш турбуюць прадпрыемствы Міністэрства прамысловасьці. Яны складаюць пятую частку ўсёй прамысловай вытворчасьці Беларусі, і больш за палову іхняй прадукцыі ідзе на экспарт.

«Яшчэ раз хачу падкрэсьліць: у гэтым годзе я не патрабую ад ураду, каб быў забясьпечаны прарыў, быў дзікі прырост прадукцыі. Проста, зразумела было сказана: не пагоршыць сытуацыю. Тым ня менш па выніках студзеня яна не палепшылася», — адзначыў Лукашэнка.

Сытуацыя ў прамысловасьці абмяркоўвалася з удзелам дырэктараў найбуйнейшых прадпрыемстваў Беларусі, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Кіраўнік дзяржавы чарговы раз папярэдзіў пра недапушчальнасьць нарошчваньня дэбіторскай запазычанасьці. Прадпрыемствам даручана палепшыць мэханізмы рэалізацыі прадукцыі беларускай вытворчасьці, дывэрсыфікаваць экспарт, скараціць складзкія запасы, павысіць якасьць тавараў.

Чаму калісьці запушчаныя Лукашэнкам прадпрыемствы «цягнуць эканоміку ўніз»?

Леанід Заіка

Леанід Заіка

Кіраўнік аналітычнага цэнтру «Стратэгія» Леанід Заіка мяркуе:

«Гэта зьвязана з тым, што курс эканамічнай палітыкі, мэтады і тэхналёгіі былі савецкімі. І з гэтага савецкага лімона выціскалі цягам гэтага 21 году ўсё, што было можна. Таму трэба прызнаць памылковасьць тых мэтадаў эканамічнай палітыкі, якія прымяняў прэзыдэнт і прызначаны ім урад. Тут ня трэба зьдзіўляцца. Ступень канкурэнтнасьці прадпрыемстваў нізкая, яны ўвесь час датаваліся, там залішняя занятасьць працоўнай сілы. Гэта ж сьмешна — у краіне недзе больш за 20 тысяч беспрацоўных. І недзе каля 800 тысяч працуе за мяжой. Таму гэта зьвязана з тым, што разьвіаліся няправільна, не ў патрэбным накірунку.

Пытаньне ў тым, што рабіць далей. І самае сьмешнае, што ўрад прыйшоў да прэыздэнта і кажа, што ўсе мэтады нашай эканамічнай палітыкі павінны зыходзіць з таго, што нафта будзе каштаваць столькі даляраў, а расейскі рубель столькі. Гэта ж пэйзаж поўнай некампэтэнтнасьці. І цяпер прэзыдэнт альбо павінен выгнаць урад, альбо сказаць, што ўсе гэтыя гады памыляўся. Ён жа сам прызначае дырэктараў 80 буйных прадпрыемстваў. Значыць, ня тых прызначыў. А што цяпер будзе далей? Могуць узяць яшчэ даўгі. Але ўжо не дадуць. Другі спосаб — прадаваць усё, што ёсьць. То бок як як у звычайнай сям’і алькаголікаў — нешта прадаць, каб яшчэ пажыць. У нас урад каштуе беларусам 4 мільярды даляраў у год. Яны набяруць грошай, каб іх не адправілі ў адстаўку, а народу за гэта трэба плаціць. Вельмі дарагі ўрад».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG