Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Падпісаны дэкрэт пра дармаедаў. Экспэрт: «Гэтым эканоміку не паднімеш»

абноўлена

Кіраўнік Беларусі 2 красавіка падпісаў дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства». Ён уступае ў сілу пасьля афіцыйнай публікацыі і будзе тычыцца тых, хто не працуе з 1 студзеня гэтага году.

Дэкрэт мае на мэце стымуляваць працаздольных грамадзянаў да працоўнай дзейнасьці. А таксама забясьпечыць выкананьне імі канстытуцыйнага абавязку па ўдзелу ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

Калі не працуеш паўгода, то заплаціш 3,6 мільёна рублёў

Паводле дэкрэту, грамадзяне Рэспублікі Беларусь, замежныя грамадзяне, якія стала пражываюць у Беларусі, і асобы без грамадзянства, якія ня ўдзельнічалі ў фінансаваньні дзяржвыдаткаў або ўдзельнічалі ў такім фінансаваньні менш за 183 каляндарныя дні ў мінулым годзе, абавязаныя выплаціць збор у 20 базавых велічынь (адна базавая — 180 тысяч рублёў).

Вызваляюцца ад выплаты збору грамадзяне, якія 183 каляндарныя дні і больш цягам году займаюцца працоўнай і іншай дзейнасьцю. Паводле дэкрэту, да такіх відаў дзейнасьці адносяцца прадпрымальніцкая, рамесная, творчая, адвакацкая або натарыяльная дзейнасьць, аказаньне паслуг у сфэры аграэкатурызму, выкананьне працаў па грамадзянска-прававых дамовах, навучаньне на дзённай форме і г.д.

Да ўдзелу ў фінансаваньні дзяржаўных выдаткаў адносяцца таксама пэрыяды выхаваньня дзіцяці ва ўзросьце да 7 гадоў, дзіцяці-інваліда ва ўзросьце да 18 гадоў, траіх і больш непаўналетніх дзяцей.

Дэкрэт таксама вызначае вычарпальны пералік катэгорыяў грамадзянаў, якія вызваляюцца ад выплаты збору.

Сярод іх — недзеяздольныя грамадзяне, інваліды, асобы маладзейшыя за 18 гадоў, жанчыны, якія дасягнулі ўзросту 55 гадоў, мужчыны — 60 гадоў.

Сума збору зьмяншаецца на сумы падаткаў, выплачаных у мінулым падатковым пэрыядзе.

Збор павінен выплачвацца не пазьней за 15 лістапада году, наступнага за мінулым падатковым пэрыядам, на падставе паведамленьня падатковага органа. Суму збору могуць зьменшыць на 10%, калі платнік у вызначаны тэрмін прадставіць у падатковы орган адпаведнае апавяшчэньне. У гэтым выпадку збор падлягае выплаце не пазьней за 1 ліпеня году, наступнага за мінулым падатковым пэрыядам.

Пакараньні дармаедаў — штрафы, арышты і грамадзка-карысныя працы

Нявыплата або няпоўная выплата збору будзе карацца штрафам ад 2 да 4 базавых велічынь. А таксама адміністрацыйным арыштам з абавязковым прыцягненьнем да выкананьня грамадзка-карысных працаў.

Леанід Злотнікаў
Леанід Злотнікаў

Эканаміст Леанід Злотнікаў лічыць, што дэкрэт істотна мяняе ролю дзяржавы ў жыцьці грамадзянаў:

«Адбылося нешта значнае, што мяняе асновы нашага існаваньня. Нават цяжка зразумець, што адбываецца. Дзяржава прад’явіла сваё права дыктаваць чалавеку, як жыць, што рабіць. Гэта нагадвае жахлівыя ўтопіі, якія малявалі пра сацыялістаў і камуністаў.

Канстытуцыя дае права прэзыдэнту прымаць любыя ўказы. Заўтра ён можа прыняць указ, што беларусам трэба некуды зьявіцца са сваёй вяроўкай і са сваім мылам. Дык што, ён мае права і на такія ўказы?

Гэта ж тычыцца самога жыцьця людзей, якія нічога не парушаюць у гэтай дзяржаве. То бок гаворка ідзе пра замах на асновы жыцьця людзей. Калі прымаецца такі дакумэнт? Калі насьпявае масавае беспрацоўе. Калі ты павінен быць зарэгістраваны і хадзіць на грамадзкія працы. Эканоміка развальваецца, і масы людзей трэба будзе пасылаць на ўсялякія працы, каб ім не прыйшло ў галаву страйкаваць і бунтаваць. Гэта наогул выходзіць за межы нармальных чалавечых адносінаў».

Віктар Цярэшчанка
Віктар Цярэшчанка

Кандыдат эканамічных навук Віктар Цярэшчанка сказаў карэспандэнту Свабоды, што такім дэкрэтам падняць эканоміку ня ўдасца:

«Гэта ніяк не дае магчымасьці напоўніць бюджэт. Гэта нічога не вырашае. Але гэта дасьць нагрузку на бюджэт у сувязі з тым, што людзі вымушаныя будуць зафіксаваць адсутнасьць працы, зьвяртаючыся ў бюро па працаўладкаваньні. Альбо яны вымушаныя будуць ісьці на абы-якую працу. У цэлым гэты дэкрэт нічога ня вырашыць і не абавяжа грамадзяніна Беларусі бегчы і знайсьці працу.

Бегчы можна, але працу знайсьці немагчыма.

І людзі будуць прыкрывацца даведкамі, што яны працуюць ці ў Казахстане, ці ў Армэніі альбо ў Расеі. І гэтага дастаткова, каб пазьбегнуць нейкіх адміністрацыйных захадаў.

А людзей, якія пакінулі адно месца працы і ня могуць знайсьці іншае, іх жа даволі многа. Тут прычынаў шмат. Напрыклад, адміністрацыя вырашыла не працягнуць кантракт.

Я не разумею неабходнасьці выданьня такога дэкрэту, бо людзей, якія не працуюць, у нас вельмі мала. Дармаедзтва для беларусаў не характэрнае. Ну, рэжа вока чыноўнікам, што людзі працуюць за мяжой. Але гэта іх права ў Мытным саюзе. І такіх многа.

Але многа людзей, якія жывуць у Нямеччыне, Польшчы, маюць від на жыхарства і ім усё роўна, што тут будзе прынятае. Яны прышлюць у амбасаду свае пашпарты і стануць грамадзянамі іншай краіны. То бок як дастаць і аштрафаваць такога чалавека? А ніяк. У нас што, ёсьць адпаведныя дамовы з ФРГ ці Польшчай? І такіх людзей нямала.

Наогул, гэтым эканоміку не паднімеш. Прыцягненьне ў працоўныя адносны людзей ня дасьць росту эканоміцы. Ад мазгоў гэта залежыць. А ва ўрадзе іх, на жаль, няма».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG