Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка падпісаў абяцаны прадпрымальнікам указ


Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прадпрымальнікамі 17 сакавіка

Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы з прадпрымальнікамі 17 сакавіка

Кіраўнік Беларусі 30 сакавіка падпісаў указ № 143, які падаўжае да 1 студзеня 2016 году пераходны пэрыяд, цягам якога індывідуальныя прадпрымальнікі могуць рэалізаваць рэшткі тавараў, увезеных без пацьвярджальных дакумэнтаў.

Пра гэта паведамілі ў прэзыдэнцкай прэс-службе.

Пры рэалізацыі тавараў без пацьвярджальных дакумэнтаў будзе прымяняцца павышальны каэфіцыент 2 пры вылічэньні адзінага падатку. А таксама будзе спаганяцца падатак на дададзеную вартасьць у фіксаванай суме зь яго павелічэньнем у чатыры этапы за кошт прымяненьня наступных павышальных каэфіцыентаў:

2 — за пэрыяд з 1 па 31 сакавіка 2015 г.;
2,5 — за пэрыяд з 1 красавіка па 30 чэрвеня 2015 г.;
3 — за пэрыяд з 1 ліпеня па 30 верасьня 2015 г.;
4 — за пэрыяд з 1 кастрычніка па 31 сьнежня 2015 г.

Дзеля таго каб прадпрымальнікі набывалі прадукцыю ў легальных вытворцаў і пастаўшчыкоў і мелі дакумэнты на ўсе тавары, указ дазваляе перайсьці на спрошчаную сыстэму падаткаабкладаньня або з 1 красавіка, або з 1 ліпеня, або з 1 кастрычніка 2015 году.

Ва ўказе выразна рэглямэнтуецца рэалізацыя тавараў фізычнымі асобамі Беларусі і замежнымі грамадзянамі.

Каб спыніць неарганізаваную рэалізацыю тавараў фізычнымі асобамі, забараняецца продаж тавараў на вуліцах, стадыёнах, у сквэрах, парках, грамадзкім транспарце ці ў іншых грамадзкіх месцах. Выключэньне — продаж тавараў у месцах, вызначаных мясцовымі ўладамі.

Сяргей Балыкін

Сяргей Балыкін

Паводле юрыста Сяргея Балыкіна, гэтым указам улады спрабуюць зьбіць пратэстныя настроі ў прадпрымальніцкім асяродзьдзі:

«Невыпадкова менавіта да 1 студзеня 2016 году працягнулі тэрмін рэалізацыі тавараў без суправаджальных дакумэнтаў. У лістападзе будуць выбары прэзыдэнта, і ўладам непатрэбны незадаволеныя грамадзяне. Вырашылі не абвастраць сытуацыю ў перадвыбарчы пэрыяд».

Карэспандэнт: «А ці вырашае гэты ўказ праблему?»

Балыкін: «Трэба казаць, што існуюць розныя катэгорыі прадпрымальнікаў. Адны плацяць адзіны падатак, іншыя яго ня плацяць. Тых, якія ня плацяць адзіны падатак, гэты ўказ ня тычыцца. А што да тых, хто плаціць адзіны падатак, то для іх гэта не вырашэньне праблемы, а нейкае адцягваньне іх канца.

А па-другое, гэта выцісканьне іх з рынку праз падвышэньне падаткаў. Ім будзе вельмі цяжка плаціць падвышаны падатак, бо ўзровень іх даходаў цяпер меншы, і гандлю амаль што няма, і эканамічная сытуацыя ня лепшая.

Але ўвогуле праблема гэтых дробных гандляроў ня вырашаная, бо ці зараз, ці празь дзевяць месяцаў яны ўсё роўна не атрымаюць таварасуправаджальных дакумэнтаў. Бо на расейскіх рынках, дзе закупляюць тавар беларускія прадпрымальнікі, гэтых дакумэнтаў наагул няма».

Сёньня раніцай лідар грамадзкага аб’яднаньня прадпрымальнікаў «Пэрспэктыва» Анатоль Шумчанка зьвярнуўся да кіраўніка краіны з заклікам «неадкладна» падпісаць указ:

«Калі ў вышэйшай улады яшчэ засталася кропля сумленьня, каб не трымаць людзей у няведаньні і марнаваць нэрвы народу і чыноўнікам на месцах і ў міністэрствах, заклікаю падпісаць указ аб прадпрымальніцкай дзейнасьці неадкладна, сёньня і цяпер».

У інтэрвію карэспандэнту Свабоды Анатоль Шумчанка заявіў, што Лукашэнка падмануў прадпрымальнікаў.

«Мы будзем змагацца і проста так не здамося. Усе гэтыя ўказы прымаюцца без уліку меркаваньня саміх прадпрымальнікаў. Мы ня супраць плаціць і вазіць тавар па дакумэнтах. Але мы за разумны і справядлівы падыход. Я хачу пабачыць колькі пасьля 1 красавіка ў Менску адчыніцца беларукіх крамаў у таго ж Чыжа. Чаму б яму ў сваіх гандлёвых сетках не адчыніць беларускія брэнды? Таму гэта зроблена так нахабна і цынічна. Я быў нядаўна ў намесьніка міністра эканомікі, пыталіся нашы гомельскія прадпрымальнікі ў намесьніка міністра падаткаў, і нідзе не прагучала, што ўказ рыхтуецца толькі на рэшткі тавараў. Гаворка ішла аб працы без дакумэнтаў да 1 студзеня 2016 году. Яны проста падманулі сваіх людзей.

Але ім гэта вылезе бокам. Яны думаюць, што з народам можа пазабаўляцца, як з кацянём. Яны глыбока памыляюцца. Яны робяць усё, каб прывесьці прадпрымальнікаў у сфэру гандлю з дакумэнтамі. То бок цяпер зробяць невыноснымі ўмовы працы па адзіным падатку і па рэштках. Цяпер трэба плаціць шалёныя падаткі на рэшткі тавараў і плаціць ужо ўвазны ПДВ з кожнай партыі па 20%. Канечне, ніхто гэтага не пацягне».

XS
SM
MD
LG