Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка на Радзе Бясьпекі: пагроза гібрыдных войн і незадаволенасьць Расеяй


Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

Аляксандар Лукашэнка, архіўнае фота

На сёньняшнім паседжаньні Рады бясьпекі Аляксандр Лукашэнка зрабіў некалькі рашучых заяваў.

Пра пагрозу гібрыдных войнаў

«Мабыць, ніколі яшчэ ў сучаснай гісторыі погляды на ваенную справу не мяняліся гэтак радыкальна і хутка. І ніколі яшчэ канфлікты ня ўспыхвалі і не разьвіваліся так непрадказальна і імкліва. Гэта, на жаль, наша рэальнасьць, у якой мы жывём і на якую мы ня проста павінны рэагаваць, а рабіць адпаведныя высновы і практычныя крокі».

Паводле слоў Аляксандра Лукашэнкі, усё часьцей даводзіцца сутыкацца з сытуацыямі, якія раней ня мелі аналягаў.

«Узьнікаюць так званыя гібрыдныя пагрозы, размываецца паняцьце тэрытарыяльнай цэласнасьці дзяржавы. Шырокае распаўсюджваньне атрымлівае распрацаваная заходнімі экспэртамі стратэгія непрамых дзеяньняў, у якой асаблівая роля ў дасягненьні мэтаў прадстаўляецца няўрадавым арганізацыям радыкальнай скіраванасьці і іншым падобным арганізацыям. Пры гэтым актыўна задзейнічаецца патэнцыял прыватных ваенных кампаніяў, а потым ваенная моц арміі. Велізарнае значэньне набываюць інфармацыйныя войны, актывізацыя так званых „пятых калёнаў“ і фармаваньне нэгатыўнай грамадзкай думкі з дапамогай сродкаў масавай інфармацыі і інтэрнэту».

Лукашэнка пра сытуацыю ва Ўкраіне

«Супярэчнасьці ўнутры яе палітычнага ладу, карупцыя і разлажэньне ўлады, слабасьць сыстэмы забесьпячэньня бясьпекі дзяржавы прывялі да Майдану і грамадзянскай вайны — да тысяч загінулых, хаосу ў эканоміцы. Краіна разадраная на часткі, пакутуюць нявінныя людзі. І ў той жа час там назапашваецца патэнцыял нянавісьці і экспарту „каляровай рэвалюцыі“».

«Мы ня можам быць абыякавыя да гэтага канфлікту. Наша пазыцыя ў гэтых адносінах заяўлена дакладна і пэўна. Пакуль няма неабходнасьці мяняць нашу пазыцыю, час даказаў правільнасьць нашых учынкаў».

Галоўны вораг Лукашэнкі — старая эканамічная мадэль у Беларусі

«Тое, што Аляксандар Лукашэнка разумее, што галоўная пагроза нашай краіне — у дрэнным стане яе эканомікі, — гэта мяне вельмі ўсьцешвае», — гаворыць Свабодзе экспэрт Лібэральнага клюбу Антон Болтачка.

«Падзеі ў Расеі вельмі моцна паўплываюць на тое, што будзе ў Беларусі. І калі Лукашэнка кажа, што не апазыцыя альбо структуры кіраваньня паўплываюць на становішча ў Беларусі, а менавіта эканоміка, — гэта адэкватныя думкі.

Гэта толькі здаецца, што цяпер у Беларусі ўсё спакойна, усё стабільна. Уплыў расейскай эканомікі на нашу краіну вельмі моцны. Нават пры цяперашнім курсе расейскага рубля беларускі рубель таксама абавязаны дэвальвавацца.

А толькі адна дэвальвацыя можа загубіць шмат з тых пачынаньняў, якія зьявіліся ў беларускай эканоміцы яшчэ з 2012 году. І ўсё гэта пасыплецца, як было ў тым жа 2011 годзе. Занепакоенасьць Лукашэнкі апраўданая. Яго галоўны вораг — старая сацыяльна-эканамічная мадэль, якая і сёньня выкарыстоўваецца ў Беларусі», — кажа Антон Болтачка.

Лукашэнку насьцярожваюць паводзіны Расеі

«Сёньняшнія паводзіны нашага ўсходняга роднага брата ня могуць не насьцярожваць. Але мы пакуль ня робім з гэтага нейкіх высноў, я ў тым ліку, да размовы з прэзыдэнтам Расеі», — цытуе Лукашэнку БЕЛТА.

Мы ня хочам хадзіць пад бізуном, і каб намі папіхалі з дня ў дзень

«Я хачу ўсё-такі высьветліць: навошта патрэбна такая палітыка Расейскай Фэдэрацыі ў дачыненьні да Беларусі. Але ня ўлічваць гэта, вядома ж, нельга. Мы не драматызуем сытуацыю, яшчэ раз падкрэсьліваю. Мы проста хочам яснасьці».

«Усе павінны разумець, што нікому ня будзе дазволена размаўляць з нашай краінай з пазыцыі сілы. Мы не гіганцкая дзяржава, ня маем моцнай ядзернай зброі, але наша армія дастаткова баяздольная, каб адказаць на любую пагрозу. І ня толькі армія. Увесь народ», — сказаў Лукашэнка.

«Мы ня хочам хадзіць пад бізуном, і каб намі папіхалі з дня ў дзень, з гадзіны ў гадзіну. Таму мы будзем берагчы свой кавалак зямлі, сваю дзяржаўнасьць і сваю незалежнасьць».

Фёдараў: "Беларусь можа стаць ахвярай "маленькай пераможнай вайны"

Андрэй Фёдараў

Андрэй Фёдараў

​Падобна, што нешта моцна зьмянілася вакол нашай краіны. Але што адбылося канкрэтна – ведаюць, верагодна, адзінкі. Толькі гэтым можна тлумачыць сёньняшнія выказваньні Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што "нікому ня будзе дазволена размаўляць з нашай краінай з пазыцыі сілы", і што супраць ворага выступіць ня толькі армія, але і ўвесь народ, – так лічыць беларускі палітоляг Андрэй Фёдараў.

"З боку Захаду ніякіх істотных зьмяненьняў, імкненьняў падпарадкаваць сабе Беларусь я ня бачу. Застаецца, мабыць, Усход. І я, шчыра кажучы, не выключаю сытуацыі, што ў Расеі стан эканомікі яшчэ больш істотна пагоршыцца. А гэта пацягне за сабою падзеньне рэйтынгу Пуціна. І тады Крэмль можа захацець аднавіць яго шляхам "маленькай пераможнай вайны".

І ў гэтым сэнсе, мне падаецца, Беларусь можа быць адной з мэтаў такой вайны. Я думаю, што і ў беларускім кіраўніцтве гэта разумеюць", – кажа Андрэй Фёдараў

«Лукашэнка хоча, каб у Беларусі стала менш людзей з прарасейскімі поглядамі», — Андрэй Елісееў

Лукашэнку, канечне, хвалююць і непакояць пагрозы з боку Расеі. Прыклад Украіны надзвычай відавочны, адзначае аналітык Беларускага інстытуту стратэгічных дасьледаваньняў Андрэй Елісееў, камэнтуючы Свабодзе сёньняшнія заявы кіраўніка беларускай дзяржавы:

Андрэй Елісееў

Андрэй Елісееў

«Яны скіраваныя найперш на ўнутраную публіку. Я думаю, што цяпер Лукашэнку непакоіць тая колькасьць беларусаў, якая мае слабую нацыянальную ідэнтычнасьць і прарасейскія погляды. Ягоныя выказваньні апошніх тыдняў, зьвязаныя з гандлёвай вайной з Расеяй, як і сёньняшнія заявы, разьлічаныя на тое, каб паўплываць на беларускі электарат.

Лукашэнку важна паглядзець праз сацыялягічныя дасьледаваньні, як будзе зьмяняцца настрой у грамадзтве. То бок ён сёньня зацікаўлены ў тым, каб у беларускім грамадзтве зьмяншалася колькасьць людзей, якія займаюць прарасейскія пазыцыі.

Я думаю, менавіта гэтым тлумачыцца тое, што ўжо даволі працяглы час Лукашэнка мэтанакіравана крытыкуе Расею. І крытыкуе даволі сурова.

Бо калі ўзяць гэтую гандлёвую вайну, то, на добры лад, Лукашэнка ж абяцаў і даваў гарантыі Пуціну (пра што сам казаў) не дапусьціць транзыту і рээкспарту празь Беларусь забароненых Расеяй прадуктаў. Але ён фактычна ня здолеў гэтага зрабіць. Расейскі бок пераканаўча прадэманстраваў, што такія выпадкі ёсьць у даволі вялікіх аб’ёмах.

Тым ня менш, Лукашэнка не прызнаў сваю віну і ўсклаў усю адказнасьць на Расею. Гэта можа звонку выглядаць даволі дзіўна. Але насамрэч гэта робіцца для таго, каб у любой сытуацыі крытыкаваць Расею і тым самым паменшыць колькасьць жыхароў Беларусі, якія стаяць на прарасейскіх пазыцыях».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG