Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: «Мы працуем як у савецкія часы»


Аляксандар Лукашэнка гаворыць да Натальлі Качанавай і Максіма Рыжанкова
Аляксандар Лукашэнка гаворыць да Натальлі Качанавай і Максіма Рыжанкова

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка даручыў правесьці рэфармаваньне і абнаўленьне ў дзейнасьці адміністрацыі прэзыдэнта.

21 сьнежня Лукашэнка прызначыў кіраўніком адміністрацыі прэзыдэнта Натальлю Качанаву, першым намесьнікам — Максіма Рыжанкова. А таксама звольніў з пасады намесьніка Ігара Бузоўскага — «у сувязі зь пераходам на іншую працу».

Паводле Лукашэнкі, для яго важна, што Натальля Качанава — гэта «чалавек, які прыйшоў зьнізу», а ў адміністрацыі патрэбен тонкі і гнуткі арганізатар.

«Працуючы ва ўрадзе, вы ўжо ўбачылі тое, што трэба рабіць і чаго рабіць ні ў якім разе нельга», — сказаў ён, зьвяртаючыся да Натальлі Качанавай.

Кіраўнік дзяржавы таксама адзначыў арганізатарскія здольнасьці Максіма Рыжанкова, нягледзячы на некаторыя правалы ў спорце.

Лукашэнка зьвярнуў увагу на важнасьць ідэалягічнага складніку ў працы адміністрацыі, «а культура, спорт, ды і ахова здароўя — гэта галоўная аснова нашай ідэалёгіі».

«Мы павінны паказваць прыклад самой адміністрацыі. І нам трэба яе рэфармаваць у тым пляне, што гэта ўсё ж такі галоўны штаб прэзыдэнта. Яшчэ раз падкрэсьліваю: дэбюракратызацыя — гэта галоўны клопат адміністрацыі прэзыдэнта», — дадаў кіраўнік дзяржавы.

Ён назваў слабым пытаньнем адміністрацыі працу са зваротамі грамадзянаў.

«Мы працуем як у савецкія часы. Зразумела, што адміністрацыя перагружаная гэтымі зваротамі — людзі зьвяртаюцца сюды як у апошнюю інстанцыю. І як мы працуем: мы ў асноўным адпраўляем, як у савецкія часы, заявы грамадзянаў тым, на каго яны часам скардзяцца. Калі чалавек зьвяртаецца ў нейкіх пытаньнях да нас, і толькі мы павінны і можам вырашыць гэтае пытаньне, адфутболіць нельга. Надайце гэтаму кірунку сурʼёзную ўвагу. Калі трэба, памяняйце ўвесь склад, які займаецца гэтай бюракратычнай працай».

Паводле Лукашэнкі, адміністрацыю прэзыдэнта трэба рэфармаваць спакойна і разумна. Сутнасьць таго, што адбываецца, ён назваў пачаткам абнаўленьня.

«Мы нікуды не падзенемся ад гэтага абнаўленьня. Застануцца працаваць толькі тыя, хто будзе прафэсійны, адукаваны, хто хоча працаваць і варушыцца. Няма вынікаў — няма вялікіх пасадаў. Гэтае абнаўленьне павінна скончыцца адпаведным статусам дзяржаўнага службоўца. Мы павінны падняць яго на небывалую дагэтуль вышыню».

Паводле Лукашэнкі, дзяржаўных службоўцаў павінна быць столькі, колькі трэба.

«Таму што мы ўжо занадта разьдзьмулі гэты інстытут. Дзяржаўныя службоўцы, якія застануцца, як і вайсковыя людзі, павінны атрымаць найвышэйшы статус. Але гэта павінен быць аптымальны мінімум у краіне. Лішніх людзей у дзяржаўным апараце быць не павінна.

Мы плянавалі 50% скараціць. Вельмі цяжка будзе на першым этапе. Урад прапануе, і я накіраваў вам гэтыя дакумэнты сёньня — прыкладна 30% атрымліваецца, нават 33-35%. Гэта добры крок на гэтым этапе».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG