У Мюнхенскай лякарні ў суботу, 24 верасьня, ва ўзросьце 96 гадоў памёр былы вязень нацысцкіх канцлягераў пісьменьнік і мастак Макс Мангаймэр.
Амаль уся яго сям’я загінула ў Галакосьце. Канцлер Нямеччыны Ангела Мэркель высока ацаніла намаганьні Мангаймэра па захаваньні памяці пра Галакост і выказала смутак з нагоды яго скону.
У 1943 годзе, напярэдадні свайго 23-годзьдзя, Мангаймэр разам з сям’ёй і маладой жонкай быў арыштаваны і адпраўлены ў канцлягер Асьвенцім. Пазьней яго перавялі ў габрэйскае гета ў Варшаве, на пагрузку друзу, а неўзабаве ён стаў удзельнікам «маршу смерьці» у канцлягер Дахаў, пасьля чаго адбываў зьняволеньне яшчэ ў двух льгерах.
У красавіку 1945 гады цягнік са зьняволенымі, адпраўленымі ў чарговы канцлягер, быў спынены амэрыканскімі вайскоўцамі. Вязьні, сярод якіх знаходзіўся і Мангаймэр, былі вызваленыя. Шмат гадоў ён устрымліваўся ад расказаў пра перажытую трагедыю. Але ў сярэдзіне 1980-х гадоў вырашыў прысьвяціць рэшту жыцьця барацьбе з антысэмітызмам, чытаў лекцыі ў школах і унівэрсытэтах, выступаў супраць правага экстрэмізму.