Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Львове расьсьледуюць крымінальную справу пра масавую бойку з удзелам беларусаў ВІДЭА


Будынак паліцыі ў Львове.
Будынак паліцыі ў Львове.

Уначы 23 лютага ў цэнтры Львова адбылася бойка паміж мясцовымі жыхарамі і грамадзянамі Беларусі.

Як паведамілі Радыё Свабода ў аддзеле камунікацыі паліцыі Львоўскай вобласьці, у бойцы ўдзельнічалі каля дзесяці чалавек. «Паміж львавянамі і гасьцямі гораду паўстаў слоўны канфлікт, які потым перарос у бойку», — адзначыў супрацоўнік паліцыі.

На месцы здарэньня працавалі супрацоўнікі патрульнай паліцыі і паліцыі аховы Львова, а таксама сьледча-апэратыўная група. У дачыненьні да аднаго з удзельнікаў бойкі, 31-гадовага львавяніна, які вёў сябе агрэсіўна ў дачыненьні да паліцэйскіх, праваахоўнікі склалі адміністрацыйны пратакол па артыкуле «дробнае хуліганства».

Трое грамадзян Беларусі зьвярнуліся па мэдычную дапамогу ў мясцовую бальніцу, дзе ім дыягнаставалі лёгкія цялесныя пашкоджаньні. Неабходнасьці ў шпіталізацыі не было.

Адзін з пацярпелых зьвярнуўся да паліцыі з заявай, паводле якой распачата крымінальная вытворчасьць у адпаведнасьці з Крымінальным кодэксам Украіны за наўмыснае лёгкае цялеснае пашкоджаньне, што прадугледжанае пакараньне 850 грыўняў штрафу (каля 30 даляраў), грамадзкія працы тэрмінам да двухсот гадзінаў або папраўчыя працы на тэрмін да аднаго году.

Паліцыянты высьвятляюць абставіны здарэньня і праводзяць дасудовае расьсьледаваньне.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG