Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Я кажу: правяралі і будзем правяраць!


Аляксандар Лукашэнка ў гандлёвым цэнтры «Экспабел», 2015 год

Аляксандар Лукашэнка ў гандлёвым цэнтры «Экспабел», 2015 год

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка заклікаў праваахоўныя органы не душыць прадпрымальнікаў.

На пасяджэньні калегіі Сьледчага камітэту ён заявіў:

«Празьмерным імпэтам мы тут ня толькі не дапаможам — можам зрабіць горш. Галоўнае — гэта эканоміка. Мы не павінны, каб дагадзіць нейкім паказчыкам і нават гучным справам, „удушыць“ прадпрымальнікаў, маю на ўвазе — і дзяржаўнай, і прыватнай формы ўласнасьці, якія кормяць краіну».

Аднак Лукашэнка падкрэсьліў, што ён супраць прыпыненьня праверак, паведамляе прэзыдэнцкая прэс-служба.

«Апошнім часам мяне часта схіляюць да таго, што трэба ледзь ня ўказ выдаць аб прыпыненьні праверак. Я кажу: правяралі і будзем правяраць!»

Паводле кіраўніка краіны, падобнае рашэньне створыць няроўныя ўмовы для функцыянаваньня розных суб’ектаў гаспадараньня:

«Мы ўжо прынялі ўсе меры для таго, каб інспэктар, ідучы па вуліцы, ня меў права зайсьці ў шапік і па сваёй волі там пачаць яго правяраць і вытрасаць усё навыварат. Гэта недапушчальна, немагчыма, пакуль начальнік ня дасьць прадпісаньня. Няма прадпісаньня — не пускай яго наагул на парог. Але калі начальнік даў прадпісаньне — ён за яго адкажа, гэта правяраецца. Калі ёсьць апэратыўная інфармацыя — ідзі, няма яе — не хадзі».

«Таму: што значыць забараніць? Ёсьць інфармацыя, што ты ўчора адкрыў сваю справу і дапусьціў правапарушэньне, — да цябе прыйдуць, цябе правераць.

Што значыць — тры гады пасьля адкрыцьця цябе не правяраюць? Ну, так у нас будуць фірмы 2,5 года працаваць, затым ліквідаваліся, пайшлі перарэгістраваліся — і зноў займаюцца чым хочуць. Можа быць і такое. Таму ўсе павінны быць у роўных умовах», — падкрэсьліў кіраўнік дзяржавы.

Ён адзначыў, што сёньня адным з асноўных пытаньняў як Сьледчага камітэту, так і праваахоўнага блёку ў цэлым павінна быць забесьпячэньне захаванасьці фінансавых і матэрыяльных рэсурсаў.

Гаворачы пра меры стрыманьня па справах аб эканамічных злачынствах, Лукашэнка адзначыў, што ў праваахоўнікаў дастаткова такіх мер, як заклад, хатні арышт, паручальніцтва.

«Не магу вам тут рэкамэндаваць, але старайцеся менш хапаць і саджаць, калі гэта магчыма. Але пры гэтым трэба мець на ўвазе, што ў нас часта бывае: сёньня пад хатні арышт ці падпіску аб нявыезьдзе — заўтра мы шукаем яго па ўсім сьвеце».

Лукашэнка падкрэсьліў, што па-ранейшаму пільная ўвага павінна аддавацца барацьбе з карупцыяй.

«Самая лепшая прафіляктыка — няўхільнасьць пакараньня карупцыянэраў, асабліва сярод чынавенства, вашага брата ў пагонах. Гэта самая дзейсная мера. Кайданкі — і на некалькі гадоў туды, потым ён будзе разумець».

Паводле Лукашэнкі, самае страшнае — калі чалавек, які змагаецца з карупцыяй, сам загруз у падобных злачынствах.

«Гэта здрада. Самая дрэнная якасьць чалавека».

Кіраўнік дзяржавы таксама сказаў, што эфэктыўнасьць працы праваахоўнікаў павінна ацэньвацца па рэакцыі насельніцтва, а не па статыстыцы:

«Нам не патрэбная паказуха».

Ён заклікаў праваахоўнікаў «проста быць народнымі людзьмі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG