Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Варта было чакаць, што сёлетняе пасланьне кіраўніка дзяржавы будзе асаблівым. Бо, па-першае, выбарчы год. Можна было меркаваць, што гэта будзе перадвыбарчая праграма кандыдата ў прэзыдэнты Аляксандра Лукашэнкі. Пра што ён, дарэчы, і спрабаваў казаць напачатку.

А па-другое, тыя новыя выклікі, якія паўсталі перад краінай, патрабавалі і новых адказаў. Беларусь уступіла ў пэрыяд эканамічнага крызісу. Упершыню за 20 гадоў валавы ўнутраны прадукт па выніках году можа зьменшыцца. Пачаўся заўважны рост беспрацоўя. За паўгода сярэдні заробак зьменшыўся на трэць.

Плюс — геапалітычная сытуацыя рэзка абвастрылася. Беларусь апынулася ў сярэдзіне вострага канфлікту паміж Захадам і Расеяй. Людзі чакалі адказу, як улада зьбіраецца вырашаць сацыяльна-эканамічныя праблемы, як плянуе пазьбегнуць уцягваньня ў вір «халоднай вайны». Электарат хацеў пачуць, убачыць надзею.

Але задавальняючага адказу насельніцтва не атрымала. Лукашэнка доўга тлумачыў, як не пацярпець ад новай замежнай палітыкі Расеі па кантролі над «русским миром» і ўрэшце заявіў, што ў выпадку ваеннай заварушкі Беларусь стане побач з Расеяй. Уцягнуць краіну ў чужую вайну — гэта і ёсьць вышэйшая дзяржаўная мудрасьць? А вось жа больш за год Лукашэнка ставіў сабе ў заслугу, што ў Беларусі, у адрозьненьне ад Украіны, няма вайны.

Што тычыцца выйсьця з эканамічнага крызісу, то пасланьне паказала, што ніякага рэальнага рашэньня праблемы ў Лукашэнкі няма. Фармальна нейкія прапановы былі. Названы зь дзясятак захадаў, якія зьбіраецца рабіць улада, каб палепшыць эканамічны стан Беларусі. Але там няма нечага новага. Патрабаваньні дывэрсыфікацыі экспарту, барацьбы з інфляцыяй, стварэньня спрыяльнага інвэстыцыйнага клімату і іншыя прапановы гучалі і раней. Улады колькі гадоў імкнуцца іх рэалізаваць. Але безвынікова. Дык чаму тое, што не працавала раней, не дало эфэкту, павінна запрацаваць цяпер?

Як звычайна, пасланьне поўнае супярэчнасьцяў. Яны ўзьнікаюць у шчыліне паміж прапагандысцкімі тэзамі і спробай зьвярнуць увагу на рэальныя праблемы. Бо адно абвяргае другое.

Вось Лукашэнка спрабуе давесьці, што эканамічныя праблемы краіны — гэта вынік неспрыяльных вонкавых умоваў. Маўляў, падзеньне ўсясьветных цэнаў на нафту, санкцыі Захаду супраць Расеі, дэвальвацыя расейскага рубля адмоўна паўплывалі на беларускую эканоміку.

І тут жа прызнаецца, што, зь іншага боку, вонкавыя ўмовы якраз нядрэнныя: «Чаго мы ныем, стогнем і плачам! У нас што, вайна сёньня ідзе? Я не хачу разьлікі прыводзіць, колькі мы эканомім толькі на прыродным газе ў сувязі з падзеньнем цаны на нафту!.. У нас нармальная сытуацыя і нармальныя ўмовы!»

Ці другі прыклад. Разважаючы пра працу МАЗа, Лукашэнка хваліцца: «Гэта наша шчасьце, што мы ў свой час не зламалі гэтае прадпрыемства, а яго мадэрнізавалі, стварылі нармальны аўтамабіль». І тут жа прызнаецца: «Мы з КамАЗам дзялілі Расею. КамАЗ сёньня абваліўся, і мы амаль спыніліся». Дык у чым жа шчасьце, які вынік мадэрнізацыі, калі завод амаль спыніўся?

То бок мы ўбачылі, што ў дзейнага рэжыму няма адказу на выклікі, праблемы і вострыя пытаньні, які паўсталі перад краінай. Няма духаўздымных ідэяў. Адбываецца руцінізацыя, дэканцэптуалізацыя, дэстратэгізацыя палітыкі, зьвядзеньне яе да дробных пытаньняў. Каб схаваць пустату, робіцца спроба адцягнуць ад гэтага ўвагу з дапамогай жартаў пра габрэяў і сьвятароў, якія ня хочуць мець дзяцей.

Мы пачулі банальнасьць і будзённасьць у момант, калі Беларусь апынулася ў пункце гістарычнай біфуркацыі. Але адсутнасьць адказаў — гэта таксама адказ.

  • 16x9 Image

    Валер Карбалевіч

    Нарадзіўся ў 1955 годзе. Скончыў гістфак БДУ, кандыдат гістарычных навук, дацэнт. Палітычны аглядальнік «Радыё Свабода».

     

     

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG