Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Лукашэнка быў бы ў нас добрым мiнiстрам» — расейскія вяскоўцы


Ад Дзегцяроўкі да Беларусі 8 кілямэтраў

Ад Дзегцяроўкі да Беларусі 8 кілямэтраў

У памежных зь Беларусьсю расейскіх вёсках засталіся пераважна пэнсіянэры. Моладзь у пошуках лепшага жыцьця падалася ў глыб Расеі. Хто ня выехаў, жывуць з уласнай гаспадаркі. Расейскія вяскоўцы нахвальваюць беларусаў і беларускі парадак. Аляксандра Лукашэнку таксама хваляць і кажуць, што ў Расеі ён быў бы добрым міністрам.

Расейская вёска Дзегцяроўка — за дзясятак кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. У жыхароў сталага веку гаворка беларуская, аднак беларусамі яны сябе ня лічаць. Нават пытаньняў пра тоеснасьць зь Беларусьсю не разумеюць.

Бальшыня тых, з кім удалося пагутарыць, ня ўтойвалі, што жывецца ім цяжка. Моладзь зь Дзегцяроўкі амаль уся перабралася ў вялікія гарады. Каму пашанцавала, аселі ў Маскве ці Санкт-Пецярбургу.

Дзегцяроўка
Дзегцяроўка

«Пэнсіянэрам тут яшчэ можна жыць, а вось моладзі — дык хоць крычы „ратуй“», — апавядае жанчына сталага веку, якая з двара заўважыла незнаёмца і наважылася зь ім пагаманіць.

«Мой сын працуе ў прыватніка. Заробак даюць, але што толку — цэны ж у нас падхапіліся страшэнна, а ў яго трое дзяцей. Многа адсюль людзей выехала. Некаторыя і ў Беларусь. Бачыце, адзін двор пустуе, другі пустуе...» — кажа старая.

Тэхніка, што засталася ад калгасу

Тэхніка, што засталася ад калгасу

Гаворачы пра беларусаў, жанчына заўважае, што яны гасьцінныя. Згадвае, як некалі прыяжджалі зь недалёкага Хоцімску артысты. «Канцэрт давалі, дык амаль усе зь Дзегцяроўкі хадзілі на яго, і я, старая, наведалася».

«Лукашэнка ж у вас столькі гадоў ужо кіруе, і дзякуй богу, жывуць людзі. Дысцыпліна ў вас, чысьціня. Неяк езьдзілі да вас на кані, дык вы не такія, як мы. Нашы як едуць, дык мяхі са сьмецьцем кідаюць на ўзбочыну. А ў вас чысьціня, — хваліць беларусаў жанчына. — Мы ў вас былі ўлетку, дык малайцы вашы людзі. Нават у старых каля дамоў палісаднікі пад вокнамі, усё дагледжана».

Пакінутая запраўка пры дарозе

Пакінутая запраўка пры дарозе

Пра Пуціна суразмоўніца кажа, што «ён цягне лямку», бо, паводле яе, «усё разваліў Гарбачоў» і «Пуціну цяпер няпроста ўсё адрадзіць».

У Дзегцяроўцы нямала кінутых хат з зарослымі дворышчамі. На ўезьдзе ў вёску забытая заправачная станцыя. Драўляны будынак школы таксама без гаспадара. Звонку відаць, што школа даўно не працуе. Непадалёк клюб. І ён без жыцьця.

«Раней і ў нас усё добра было. У Дзегцяроўцы прафілякторый быў, і майстэрні, і сталоўка», — згадвае наступная суразмоўніца.

«Цяпер жа нават у клюбе асьвятленьне і ацяпленьне адключылі. Глядзіш тэлевізар, а там Сырыю паказваюць ды Ўкраіну — навошта яны нам здаліся? Лепей бы тут дарогу адрамантавалі, бо хутка і рэйсавы аўтобус скасуюць. Школу ўжо зачынілі. Працы няма. Моладзь, якая засталася, на заробках. Пэнсіянэры жывуць на свае сем тысяч пэнсіі».

У нестарой яшчэ вяскоўкі заробак — шэсьць тысяч расейскіх рублёў (гэта каля 1,8 млн беларускімі). Каб адна была, кажа, дык не пражыла б.

«Муж працуе, дык разам выжываем неяк. Тут ад калгасу застаўся толькі фэрмэр. У яго гаспадарка, але ў ёй няшмат людзей занятыя».

Будынак вясковай адміністрацыі

Будынак вясковай адміністрацыі

«У нас кажуць, што ваш Лукашэнка трымае ўсіх у кулаку. Тыя, хто быў у вас, дык дужа нахвальвалі, што прыгожыя вашы вёскі пры дарогах, дый самі дарогі дагледжаныя. Але я ведаю, што і вашы вёскі занепадаюць. Многа беларусаў прыяжджае да нас на сураскі рынак парасят прадаваць, дык нашы на іх злуюцца, бо цэны зьбіваюць».

«Ня ўсе падтрымліваюць у нас, што мы Ўкраіне дапамагаем. Каб самі жылі добра, а то ў Данбас гуманітарную дапамогу прывозім, а яе там перапрадаюць. Пра гэта ж ужо па тэлевізары ў адкрытую кажуць. Дык навошта туды яе везьці? Нам самім сюды трэба гуманітарку слаць», — абураецца жыхарка Дзегцяроўкі.

Дзегцяроўская школа бяз вучняў

Дзегцяроўская школа бяз вучняў

Наступныя суразмоўцы — двое мужчын, якія працуюць у згаданага ўжо фэрмэра. На заробкі не наракаюць. Працы, кажуць, хапае. Выяжджаць з родных мясьцін не зьбіраюцца, бо няма на каго пакінуць сваю гаспадарку.

«У вас лепей, чым у нас. Вашы ўсё наракаюць на жыцьцё. Кажуць: у калгасах ня плацяць нічога, а сюды прыяжджаюць на іншамарках, — выказваецца адзін з мужчын. — Мне трэба гадоў дзесяць на гэтую машыну працаваць, а вашы ўсё плачуць, што грошай у іх няма. Хто хоча, той у вас знойдзе працу. А ў нас тут яе не адшукаеш. Моладзь ужо зьехала адсюль».

Жасткава
Жасткава

За пяць кілямэтраў ад Дзегцяроўкі — Жасткава. Тут заняпад адчуваецца яшчэ больш. Крама ўдзень зачыненая. На вуліцы ні душы. На ўезьдзе ў вёску піларама. Яе ўладальнік ад гутаркі з журналістам адмовіўся.

Крама ў Жасткаве на замку

Крама ў Жасткаве на замку

Паводле мясцовых жыхароў, пільняў у навакольлі нямала. Апрацоўка лесу і збор лому — прыбытковыя мясцовыя заняткі. Тутэйшыя лясныя масівы за апошнія колькі гадоў значна парадзелі. Беларускія паляўнічыя сьцьвярджаюць, што нават дзічына з Расеі ратуецца ў беларускіх лясах.

«Тут раней было шмат лесу, а цяпер яго амаль не засталося. Павысякалі, — са скрухаю адзначае жыхар Жасткава.

«Цяпер лес застаўся ля дарог паласою ў сто мэтраў, каб не было відаць, што ён высечаны, — удакладняе мужчына. — Апрацаваная драўніна разыходзіцца хутка. Вязуць у Маскву, нават у Чачню. На сьпілоўку ды апрацоўку ідуць капейкі, а як прадаюць, дык цана ўзьлятае ў дзясяткі, а то і больш разоў».

Характэрны пэйзаж з кінутымі хатамі ў Жасткаве

Характэрны пэйзаж з кінутымі хатамі ў Жасткаве

Па вёсцы час ад часу праяжджаюць наладаваныя ломам грузавікі. Уздоўж расейска-беларускай мяжы пунктаў збору яго параскідана нямала. Расейцы свой тутэйшы лом зь лясоў і вёсак амаль павыбіралі. Перайшлі на беларускі. Уладальнікі пунктаў збору лому журналісту зь Беларусі апавядаць пра свой бізнэс не пажадалі.

Аповеды пра жыцьцё ў Жасткаве мала чым адрозьнівалася ад дзегцяроўскіх. Жыхары наракалі на безграшоўе і беспрацоўе. Беларусаў хвалілі, але ня ўсе былі ў захапленьні ад жыцьця ў Беларусі.

Будынак пачатковай школы без вакон і гаспадара

Будынак пачатковай школы без вакон і гаспадара

«Часта прыяжджаюць да мяне родзічы зь Беларусі, каб пазычыць у мяне, бо не хапае ім грошай. Мая пэнсія — 19 тысяч рублёў (больш за 5,5 млн Br), а ў сястры, якая жыве ў Хоцімску, — два мільёны сто вашых беларускіх рублёў. Пляменьнік у вас таксама працуе, дык я ведаю, якія вашы заробкі», — заяўляе жыхарка Жасткава, якая нядаўна перабралася на ўскраек Расеі з Масквы.

«Пра Лукашэнку кажуць, што заціскае моцна. Што ў вас квартплата невыносная па вашых заробках. А наш нас задавальняе. Хто хоча працаваць, дык працуе і зарабляе. Няма на што наракаць. Парадку няма толькі на дарогах, але ў гэтым вінаватыя мясцовыя ўлады.

Жасткава дык паволі вымірае. Некалі тут было пад 200 дамоў, а цяпер можа сорак засталося. Я пераехала з Масквы, бо тут бацькоўская хата. І захацелася пры канцы жыцьця цішыні», — на разьвітаньне кажа жыхарка Жасткава.

Могілкі ў Жасткаве. Крыжы, як і ў памежных беларускіх вёсках, з «дахам»

Могілкі ў Жасткаве. Крыжы, як і ў памежных беларускіх вёсках, з «дахам»

Пра Дзень яднаньня народаў Беларусі і Расеі ў Жасткаве чулі, аднак на дзяржаўным узроўні, як сьцьвярджалі вяскоўцы, гэты дзень не адзначаецца. Некаторыя зьдзіўляліся, што такое сьвята існуе.

«Я пра такое сьвята і ня ведаю. Свайго клопату багата, — сказала адна зь вясковак. — Жывецца нам цяжка. Працы няма. Калгасу тут ужо даўно няма. Жывём са сваёй гаспадаркі. У Беларусь езьдзім па зерне, бо ў вас таньней. За Ўкраіну перажываю. Там сваякі. З Данецку па іх сэпаратысты страляюць...».

Грузавікі зьбіраюць мэталалом

Грузавікі зьбіраюць мэталалом

Аляксандар Лукашэнка для бальшыні жыхароў Жасткава застаецца аўтарытэтным кіраўніком, аднак прэзыдэнтам Расеі яго ня бачаць — толькі міністрам.

«Аляксандар Рыгоравіч добры гаспадарнік. Калі б такіх, як ён, зь дзясятак нам міністрамі, дык толк бы быў, — мяркуе адзін з жыхароў Жасткава. — А Пуцін цяпер добрую палітыку вядзе. Многіх задавальняе. Але і такіх, як Пуцін, зь дзясятак трэба. Вось тады б Расея была найлепшай краінай у сьвеце...»

«Не хапае Лукашэнак і Пуціных», каб засеяць палі вакол памежных зь Беларусьсю вёсках

«Не хапае Лукашэнак і Пуціных», каб засеяць палі вакол памежных зь Беларусьсю вёсках

Разьбітай дарогай вяртаемся ў Беларусь. Наўкола між парадзелага лесу зарастаюць пустазельлем даўно ня ўробленыя расейскія палі. На самай мяжы кінутая вёска Асінка. У ёй пункт прыёму мэталалому. Побач разбураныя хаты.

Нядоўгі век расейскай вёскі Асінка. Каля каменя расейскія памежнікі выяўляюць кантрабандыстаў

Нядоўгі век расейскай вёскі Асінка. Каля каменя расейскія памежнікі выяўляюць кантрабандыстаў

Час ад часу расейскія памежнікі разгортваюць свой перасоўны кантрольна-прапускны пункт, каб выявіць машыны з кантрабандай. Начамі кантрабандны трафік у гэтых мясьцінах ажывае...

Наперадзе Беларусь...

Наперадзе Беларусь...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG