Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лукашэнка: Без прафсаюзаў ні туды і ні сюды, асабліва мне


Кіраўнік Беларусі Аляксандр Лукашэнка запатрабаваў, каб Фэдэрацыя прафсаюзаў Беларусі актывізавала працу.

Падчас сустрэчы са старшынёй ФПБ Міхаілам Ордам ён адзначыў, што арганізацыі ўдавалася ўтрымліваць нейкі балянс:

«Нягледзячы на станоўчую ролю, якую прафсаюзы гулялі і гуляюць, яны зазнавалі і будуць зазнаваць рознага кшталту нападкі — і зьлева, і справа будзе вельмі шмат незадаволеных, натуральна. Але нашы прафсаюзы заўсёды займалі жорсткую, канструктыўную і аб’ектыўную пазыцыю: вінаваты працадаўца — адказвай, вінаваты работнік — таксама. Таму што папулізм і падлашчваньне ні да чаго добрага не прыводзяць. Тым ня менш усё ж такі ёсьць нейкая адарванасьць прафсаюзных кіраўнікоў ад працоўных калектываў. У сучасных умовах без прафсаюзаў ні туды і ні сюды, асабліва мне, паколькі гэта мой народ, гэта мае выбаршчыкі, і я вымушаны шукаць тыя арганізацыі, якія будуць мне дапамагаць у гэтай сытуацыі, якая ў нас складваецца, абараняць інтарэсы і правы нашых людзей. Гэта без усялякіх ухмылак і намёкаў».

Лукашэнка чакае, што ФПБ дапаможа яму адсачыць, як будзе рэалізоўвацца дэкрэт аб адказнасьці кіраўнікоў, бо «выканальніцкая дысцыпліна дрэнная».

Таксама кіраўнік краіны загадаў завяршыць фармаваньне прафсаюзных арганізацый у прыватным сэктары, бо «ўсе роўныя: і дзяржаўныя, і прыватныя».

Лукашэнка адзначыў, што неабходна завяршыць абнаўленьне матэрыяльнай базы ФПБ:

«З гэтым мы пойдзем на зьезд прафсаюзаў. Гэта ваш экзамэн перад членамі прафсаюзаў, але збольшага і мой экзамэн, бо гэта пераважная большасьць маіх выбаршчыкаў».

Паводле прэзыдэнцкай прэс-службы, на сустрэчы абмеркаваныя таксама пытаньні заробкаў, сацыяльнай абароны і дапамогі маладым сем’ям.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG