Сырыйскія ўрадавыя войскі за апошнія тры тыдні ўзялі пад кантроль каля 60 працэнтаў тэрыторыі гораду Алепа, якая раней была пад кантролем узброенай апазыцыі. Пра гэта ў суботу паведаміў Сырыйскі цэнтар маніторынгу парушэньняў правоў чалавека.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, у пятніцу сілы прэзыдэнта Сырыі Башара Асада выбілі паўстанцаў з квартала Тарык аль-Баб, атрымаўшы доступ да дарогі, якая злучае заходнія раёны з аэрапортам. На гэтым тыдні ўрадавыя сілы занялі адразу некалькіх буйных раёнаў горада.
На працягу грамадзянскай вайны ў Сырыі горад Алепа быў падзелены на зоны: захад, заняты урадавай арміяй, і ўсход пад кантролем сырыйскай апазыцыі. Поўны кантроль над другім па велічыні сырыйскім горадам — адна з ключавых мэтаў прэзыдэнта Асада.