Лінкі ўнівэрсальнага доступу

З 1 студзеня 2016 году, можа, і раней, беларусы змогуць скарыстацца хуткім мабільным інтэрнэтам праз LTE-сеткі. Свабода дасьледавала новыя магчымасьці.

Як заявіў на тэлеканале «Беларусь-1» першы намесьнік міністра сувязі Дзьмітрый Шадзько, сетка чацьвёртага пакаленьня (маецца на ўвазе тэхналёгія LTE Advanced) запрацуе ў Беларусі ад 1 студзеня 2016 году, а сёньня яна працуе ў тэставым рэжыме. Беларусь «хутка нагоніць» вядучыя краіны сьвету па разьвіцьці інфармацыйных тэхналёгій, абяцае ён.

Як сьцьвярджаюць на сайце «Маніторынг сотавых сетак у Беларусі», беларускія 4G-сеткі выйшлі з этапу тэставаньня і ўжо знаходзяцца ў рэжыме эксплюатацыі, і цяпер яе запуск для карыстальнікаў залежыць толькі ад ініцыятывы апэратараў. Паводле чутак, якія агучвалі розныя СМІ, публічны запуск сеткі LTE Advanced адбудзецца 17 ці 19 сьнежня. Па інфармацыі onliner.by, першым LTE сваім абанэнтам дасьць МТС. Тым часам Life:) абновіць тарыфныя пляны 17 сьнежня, а ў сваёй вонкавай рэкляме ўжо намякае на зьмену лічбы побач зь літарай G. Чутак і намёкаў адносна Velcom не было, хаця гэта ня значыць, што гэты апэратар праігнаруе 4G.

«Афіцыйна інфармацыі яшчэ не прадстаўлена, аб гэтым будзе напісана на сайце, мы гэта пакуль не афішуем, — распавялі карэспандэнту Свабоды ў сэрвісным цэнтры аднаго з апэратараў. — Але вы можаце ў сваім тэлефоне ў наладах абраць рэжым сеткі, калі тэлефон падтрымлівае LTE, можаце абраць LTE. Пакуль яшчэ яна ня будзе лавіцца, гэта пакуль не заяўляецца».

Чаму мы хочам 4G

4G — не канкрэтная тэхналёгія, а стандарт перадачы зьвестак, пад які трапляюць некалькі тэхналёгіяў, у тым ліку LTE Advanced — мабільная тэхналёгія, якую падтрымліваюць многія смартфоны, што прадаюцца ў Беларусі. Сеткі 4G даюць мабільны доступ у інтэрнэт на вельмі высокіх хуткасьцях. Калі праз звыклы сёньня 3G можна атрымліваць інфармацыю на хуткасьці да 42 Мбіт/с (на практыцы заўважна ніжэй), то праз LTE — хутчэй за 500 Мбіт/с.

На практыцы ў Беларусі праз LTE ўжо дасягаліся хуткасьці да 300 Мбіт/с — на выставе TIBO ў красавіку МТС даваў магчымасьць правесьці тэст сеткі ўсім ахвочым. Пры такой хуткасьці можна глядзець онлайн ня толькі HD-, але і FullHD-відэа, а то і яшчэ больш якаснае 4K-відэа, рабіць відэатэлефанаваньні ў звышвысокай якасьці. Сайты ў LTE-сетцы будуць грузіцца заўважна хутчэй, праграмы — абнаўляцца за імгненьне. Да таго ж, LTE-сеткі лепей спраўляюцца з прыёмам на высокіх хуткасьцях — напрыклад, у машынах.

Тэарэтычна, пры добрым пакрыцьці LTE-сеткі маюць нават эканоміць зарад баратэі ў параўнаньні з 3G, але, мяркуючы па водгуках на замежных інтэрнэт-форумах, нават у краінах, дзе такія сеткі працуюць даволі даўно, пакуль адбываецца хутчэй адваротнае. Таксама тэарэтычна, да адной базавай станцыі LTE можа падключацца больш абанэнтаў — то значыць, будзе менш праблемаў зь інтэрнэтам на канцэртах, футбольных матчах альбо мітынгах.

Опцыя з значкам LTE ўжо зьявілася ў сьпісе правайдэраў, аднак недаступная для рэгістрацыі

Опцыя з значкам LTE ўжо зьявілася ў сьпісе правайдэраў, аднак недаступная для рэгістрацыі

У Беларусі LTE-сетку будуе ня кожны апэратар паасобку, як то было з 2G і 3G. Ліцэнзію на LTE-частоты дзяржава выдала толькі кампаніі «Беларускія воблачныя тэхналёгіі», таксама вядомай як BeCloud (51% належыць дзяржаўнаму Нацыянальнаму цэнтру абмену трафікам, у кампанію нямала інвэставалі расейскія бізнэсоўцы). Апэратары разам «скідваюцца» на будаўніцтва LTE-сеткі, пасьля BeCloud разьмяркоўвае магчымасьці сеткі між імі. У тэорыі, праз гэта сетка мае будавацца хутчэй, чым калі б кожны апэратар будаваў сваю сетку.

LTE-сеткі ўжо дзейнічаюць амаль па ўсёй Эўропе і ў абедзьвюх Амэрыках, у Расеі, Літве, Латвіі і Польшчы, рыхтуецца раздаваць ліцэнзіі на 4G-частоты Ўкраіна. Пры гэтым міжнародны апэратар Tele2 увосень заявіў пра пакрыцьцё тэрыторыі, на якой пражывае 90% насельніцтва балтыйскіх краінаў.

Чаму мы ня хочам 4G

У 2011 годзе LTE-сетку ў Беларусі спрабавала запусьціць расейская Yota, але празь некалькі месяцаў па запуску сышла з краіны афіцыйна «ў сувязі са зьменай стратэгічных прыярытэтаў кампаніі», неафіцыйна — «праз адсутнасьць эканамічных пэрспэктыў». Беларусы не праяўлялі моцнай цікаўнасьці да яе паслугаў праз цэны: абанэнцкая плата складала 350 тысяч на месяц, а LTE-мадэм каштаваў 1,3 млн пры сярэдняй зарплаце ў 1,4–1,5 млн.

Што будзе з цэнамі на LTE-сувязь цяпер, невядома. Верагодна, апэратары наогул ня будуць браць дадатковую плату за 4G, як цяпер не бяруць даплат за 3G. За мяжой статыстыка кажа аб тым, што ўкараненьне 4G-сетак прыводзіць да росту трафіку (людзі самі хочуць сядзець у інтэрнэце больш і глядзець больш «цяжкія» рэчы), то значыць, апэратары змогуць атрымаць дадатковы прыбытак. Але ніхто не забараняе ім увесьці асобныя тарыфы для падключэньня да 4G. Калі прыйдзецца даплачваць, цікаўнасьць да LTE зноў можа аказацца невысокай.

У сувязі з тым, што апэратары не самастойна абіраюць, дзе будаваць сетку, могуць быць сюрпрызы з зонамі пакрыцьця, калі, напрыклад, 4G зьявіцца ў Шклове, але ня зьявіцца ў Бабруйску, дзе абанэнтаў значна больш, ці зьявіцца ў Драздах, але ня зьявіцца ў густа заселенай Малінаўцы, пытаць апэратара пра лёгіку ня будзе сэнсу. А ад правільнасьці месца разьмяшчэньня «антэны» (базавай станцыі) ў раёне будзе залежыць якасьць прыёму, а значыць і хуткасьць інтэрнэту ды расход батарэі тэлефонам.

Хуткасьць залежыць зноў жа не ад руплівасьці апэратараў. LTE дазваляе хутка прымаць трафік ад апэратара, але сам апэратар залежыць ад шырыні зьнешняга інтэрнэт-шлюзу, празь які інфармацыя паступае ў Беларусь з-за яе межаў. Гэты шлюз абмежаваны, за яго цалкам адказныя дзяржаўныя структуры. Можа атрымацца так, што праз LTE-сетку беларускія рэсурсы будуць грузіцца хутка, а замежныя — як выйдзе. Напрыклад, калі беларускі сайт апублікуе відэа на ўласным відэахостынгу, яно загрузіцца імгненна, а калі дасьць спасылку на Youtube, відэа будзе ледзь паўзьці.

Нарэшце, далёка ня ўсе апараты падтрымліваюць 4G. Мяркуючы па зьвестках інтэрнэт-каталёгаў, сёньня 4G падтрымліваюць толькі 24% тэлефонаў, што прадаюцца ў Беларусі (цэны практычна не адрозьніваюцца ад тых, што не падтрымліваюць). На руках у насельніцтва адсотак такіх тэлефонаў будзе заўважна меншым. Асобна давядзецца дакупаць зьнешнія LTE-мадэмы для ноўтбукаў і пляншэтаў, што самі ня ловяць LTE — яны абыдуцца ў 400-600 тысяч.

Так ці іначай, беларусы штогод спажываюць усё больш інтэрнэт-трафіку, і ўсё большая доля інтэрнэт-трафіку прыходзіцца на мабільныя прылады. За 2014 год спажываньне інтэрнэт-трафіку ў мабільных апэратараў вырасла ў каго на 23%, у каго на ўсе 40%, за гэты год таксама мусіць назірацца немалы рост. Ці захочам мы ня толькі больш трафіку, але і хутчэйшы мабільны інтэрнэт? На жаль ці на шчасьце, гэта залежыць ня толькі ад мабільных апэратараў, але і ад дзяржаўных чыноўнікаў.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG