Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Лячэньне алькагалізму галаданьнем: у магілёўскім ЛПП пацыентам бракуе ежы


Некалі калёнія сустракала наведнікаў грознымі вышкамі
Некалі калёнія сустракала наведнікаў грознымі вышкамі

Зьявіліся скаргі, што ў магілёўскім лячэбна-працоўным прафілякторыі № 7 «пацыентам» не хапае харчоў.

Для большасьці нявольнікаў ЛПП, як сьцьвярджае адзін зь іх, няма працы, а значыць, папоўніць асартымэнт ежы ў іх няма за што. Сталоўка задаволіць патрэбы «пацыентаў» ня можа.

Зьняволены ў ЛПП мужчына, які прасіў не называць свайго імя, зьвярнуўся ў Магілёўскі праваабарончы цэнтар і расказаў пра ўмовы ўтрыманьня, настойвае, што яго зьмясьцілі ў ЛПП незаконна і ён просіць абараніць ягоныя правы.

Паводле яго, падобная сытуацыі і ў іншых ЛПП Беларусі. Многія «пацыенты» такіх устаноў, кажа ён, апынуліся там супраць сваёй волі, але абараніцца ня могуць.

Спраўдзіць зьвесткі, агучаныя «пацыентам» магілёўскага ЛПП, у адміністрацыі ўстановы не ўдалося. Праваабаронцы ж заяўляюць, што будуць дамагацца допуску на тэрыторыю «прафілякторыю», каб на ўласныя вочы пабачыць умовы ўтрыманьня яго пацыентаў.

Магілёўскі лячэбна-працоўны прафілякторый № 7 арганізавалі пасьля ліквідацыі папраўчай калёніі № 19 дзеля аптымізацыі пэнітэнцыярнай сыстэмы. ЛПП разьлічаны на 600 ложка-месцаў. Вядома, што на Магілёўшчыне за год амаль тысячы мужчын і жанчын суд прызначае такую рэабілітацыю. У лячэбна-працоўным прафілякторыі ўтрымліваюцца асобы, хворыя на таксыкаманію, алькагалізм ды наркаманію. Ад залежнасьці гэтых людзей адвучваюць цягам году.

Выпадкі, калі «пацыенты» ЛПП абскарджваюць накіраваньне туды, нярэдкія. За 2011 год, напрыклад, больш за 100 жыхароў Магілёўшчыны накіравалі ў суд касацыйныя скаргі. Колькі з іх было задаволена, высьветліць не ўдалося.

ЛПП на беразе тарфянога кар’еру
ЛПП на беразе тарфянога кар’еру

Лячэбна-працоўны прафілякторый — арганізацыя, створаная для прымусовай ізаляцыі і мэдыка-сацыяльнай рэабілітацыі з абавязковым прыцягненьнем да працы грамадзян, хворых на алькагалізм, наркаманію ды таксыкаманію. У такую ўстанову могуць накіраваць людзей, абавязаных пакрываць расходы дзяржавы на ўтрыманьне дзяцей, якія знаходзяцца на дзяржаўным забесьпячэньні або парушаюць працоўную дысцыпліну з прычыны ўжываньня алькаголю, наркатычных сродкаў, псыхатропных і таксычных рэчываў.

«Пацыенты» ЛПП маюць быць забясьпечаныя штодзённым трохразовым харчаваньнем.

Паводле праваабаронцаў, накіраваньне ў ЛПП мала чым адрозьніваецца ад пазбаўленьня волі, а ўмовы ўтрыманьня часам расцэньваюцца як бесчалавечныя. Многія з тых, хто прайшоў лячэбна-працоўныя прафілякторыі, сьцьвярджаюць, што ніякага лячэньня там няма, а за прымусовую працу плацяць мізер.

Аб рэакцыі адміністрацыі ЛПП № 7 і Дэпартамэнту выкананьня пакараньняў МУС Беларусі на скаргу пацыента чытайце пазьней на нашым сайце.

«Асноўнае лекаваньне — праца і рамонкавая гарбата»: The Guardian пра беларускія ЛПП

Што такое лячэбна-працоўныя прафілакторыі ў Беларусі — праваабарончы цэнтар «Вясна»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG