Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Праваабаронца Наста Лойка: Мы былі б рады, каб прысуд Паліенку быў адменены


Наста Лойка
Наста Лойка

Праваабаронца Наста Лойка пракамэнтавала ў інтэрвію карэспандэнту Свабоды прысуд грамадзкаму актывісту Зьмітру Паліенку.

«Сам факт крымінальнага перасьледу і тое, што Паліенка ўтрымліваўся пад вартай больш за 5 месяцаў, мы адразу ў заяве Праваабарончага цэнтру „Вясна“ расцэньвалі як палітычна матываваны. Як перасьлед за яго грамадзкую актыўнасьць, за ўдзел у „Крытычнай масе“ 29 красавіка. Мы тады назіралі за гэтай акцыяй, і, па нашых ацэнках, яна была мірная. Якраз былі грубыя, непрапарцыйныя дзеяньні з боку супрацоўнікаў міліцыі, якія, замест таго каб выконваць свае абавязкі па стандартах мірных сходаў, наадварот, жорстка спынілі акцыю, ужылі фізычную сілу, затрымалі шэсьць удзельнікаў і па выніку яшчэ ўзбудзілі крымінальную справу, што відавочна было неадэкватнымі мерамі. Утрыманьне Зьмітра пад вартай мы адразу ўспрынялі як палітычна матываванае. І чакалі якраз суду і прысуду.

Тое, што на яго знайшлі кампрамэтацыйны ролік і дадалі яшчэ адзін артыкул за распаўсюд парнаграфічных матэрыялаў, — гэта была спроба перасьледу за грамадзкую актыўнасьць. І ўсе захады былі накіраваныя на тое, каб запужаць іншых людзей, абмежаваць іх актыўнасьць.

І па выніку прысуд сьведчыць пра тое, што гэтая мэта — абмежаваць актыўнасьць канкрэтна Зьмітра Паліенкі — у пэўнай меры будзе дасягнутая. Мы вітаем, што яго вызвалілі, не далі рэальны тэрмін пазбаўленьня волі. Але тое, што на яго наклалі два гады з адтэрміноўкай на два гады, азначае, што два гады ён будзе пад пільным наглядам. Ён абавязаны будзе працаваць, не парушаць нават фармальна нашы законы, то бок фактычна яму закрыты шлях на ўсе акцыі, на любую грамадзкую актыўнасьць. І, безумоўна, для яго як для чалавека з актыўным ладам жыцьця гэта будзе вельмі складана. І ён можа вярнуцца за краты, на жаль. Таму мы былі б рады, каб гэты прысуд быў адменены. Я спадзяюся, што сам Зьміцер захоча яго абскардзіць».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG