Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Людзей да стэнду за рукаў падводзіш», — зьбіральнікі подпісаў пра цікавасьць магілёўцаў да выбараў


Магілёўскія выбарцы баяцца падпісвацца за апазыцыйных вылучэнцаў на дэпутацтва ў Палату прадстаўнікоў.

Пра гэта кажуць зьбіральнікі подпісаў. Першыя пікеты ў падтрымку прэтэндэнтаў ад апазыцыйных арганізацыяў зьявіліся ў абласным цэнтры на выходных. Перашкодаў у зборы подпісаў няма.

Сёньня, 11 ліпеня, на пешаходнай вуліцы Ленінскай пікеты выставілі прыхільнікі вылучэнцаў ад незарэгістраванай партыі «Беларуская хрысьціянская дэмакратыя» — Алега Аксёнава, і ад партыі «Справядлівы сьвет» — Яўгена Яцкоўскага.

За Аксёнава зьбіраюць подпісы пад партыйным бел-чырвона-белым сьцягам.

«Актыўнасьці няма, пасіўныя выбарцы. Здалёк разглядаюць пікет, але баяцца расьпісвацца», — кажа зьбіральнік подпісаў за Аксёнава.

«Як паказвае практыка, існуе ціск на людзей, якія маюць сваю думку і выступаюць за перамены, — тлумачыць паводзіны выбарцаў пікетовец. — Найбольш праяўляецца такая сытуацыя на дзяржаўных прадпрыемствах, на якіх працуе большасьць людзей. Апазыцыйных вылучэнцаў падаюць як, груба кажучы, тэрарыстаў. Яны нібыта выступаюць за разгойдваньне краіны».

Як кажа Алег Аксёнаў, за тры дні ў яго падтрымку сабрана больш за дзьвесьце подпісаў. Паводле вылучэнца, большая іх частка сабраная валянтэрамі, якія ходзяць па кватэрах выбарцаў. Пікеты ж выстаўляюцца збольшага дзеля інфармаваньня.

За вылучэнца Яўгена Яцкоўскага подпісы зьбіраюць на двух пікетах. Іх выставілі першы дзень. Пікетоўцы і тут адзначаюць невысокую актыўнасьць выбарцаў, але заўважаюць, што на пачатку выбарчай кампаніі іх пасіўныя паводзіны — звыклая рэч. Па меры таго як кампанія будзе набіраць абароты, актыўнасьць узрасьце, лічыць актывіст партыі «Справядлівы сьвет» Анатоль Заўялаў.

«У нас задача — прадэманстраваць на пікетах, што партыя „Справядлівы сьвет“ існуе. Людзі заўважаюць пікет, разглядаюць стэнд, чытаюць зьвесткі пра вылучэнца і праходзяць міма. Пакуль нас гэта задавальняе», — кажа ён.

«Народ жа ведае, што выбараў няма, — дадае партыец. — І цяперашнія дэпутаты Палаты прадстаўнікоў, і тыя, хто іх зьменіць, ведаюць: яны прызначаныя дэпутаты».

«Пакуль людзі праходзяць міма і асабліва не зьвяртаюць увагі на пікет. Некаторых, можна казаць, за рукаў падводзіш да стэнда, — характарызуе рэакцыю выбарцаў на пікет зьбіральніца подпісаў за Яцкоўскага, прафсаюзная актывістка Галіна Лісыцына.

«Складаецца ўражаньне, што бальшыня мінакоў проста ня ведае, што выбарчая кампанія пачалася, — працягвае яна. — Вы ж прайдзіце па горадзе ды паглядзіце: няма нідзе плякатаў з інфармацыяй пра выбары. Многія людзі баяцца падпісвацца, бо лічаць, што, падпісаўшыся, яны стануць апазыцыянэрамі».

У цэнтры гораду напраўду не відаць абвестак, што выбарчая кампанія пачалася. На плошчы Леніна разгорнутая расьцяжка пра выбары. Час ад часу паведамляюць пра этапы выбарчай кампаніі па радыё і тэлебачаньні.

XS
SM
MD
LG