Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«У яго няма рук!? Які сэкс?! Чым?! Куды?! Ой!!» — людзі з інваліднасьцю распавялі пра свой сэкс


Тры мадэлі праекту «Камін-аўт» тлумачаць, як і навошта яны пагадзіліся на адкрытыя здымкі.

Фотапраект «Камін-аўт» са слоганам «Людзі з інваліднасьцю таксама кахаюцца» прыдумала мадэлька і студэнтка тэатральнай лябараторыі Fortinbras Дар’я Андрэянава. «Для мяне самае важнае — сказаць, што чалавек з інваліднасьцю — гэта проста чалавек, а інваліднасьць — гэта ня толькі пра пандусы», — кажа яна. Здымкі рабіў фатограф Мікалай Купрыч. Радыё Свабода пагаварыла з мадэлямі пра тое, як кахацца, калі ты не такі, як усе.

Ігар, 32 гады, здымаўся, бо «папрасілі сябры».

Мне спадабалася. Маштаб я не ўяўляў, а цяпер бачу, што ўсё нармальна. У здымках нічога цяжкага не было. Найбольш адцягвала шчоўканьне затвора. Паказаў пару фатаздымкаў сваім сябрам, яны кажуць «шыкоўна», «супэр», «сячы далей з пляча». Яны чакалі, што я магу такое зрабіць.

У эру інтэрнэту ўсе нагледзеліся голых целаў. У тым, што я зьняўся, няма нічога звышнатуральнага, і парнаграфічнага нічога там няма.

Праблема праекту ў чым? Адэкватная падача. Што такое сэксуальны чалавек з інваліднасьцю, які вобраз павінен быць? Што падыходзіць пад гэтае азначэньне? Як зрабіць так, каб нікога не пакрыўдзіць? Але ўсе, каму я паказваў фатаздымкі, сказалі «зашыбісь, прыкол, афігець, мне падабаецца, сэксуальна».

Складанасьцяў ніякіх са стасункамі ў мяне няма. У мяне ўсе вельмі добрыя сяброўкі. Я іх не адбіраю, яны мяне самі адбіраюць. Сяброўка мая з ДЦП выйшла замуж, сябар жаніўся — ну няма тут праблемы. Праблема толькі ў галовах.

Вадзім, адчувае сябе на 24, старшыня моладзевага грамадзкага аб’яднаньня «Розныя-Роўныя»

Калі б мне прапанавалі зьняцца ў сацыяльнай рэкляме, я б паслаў. А тут мне было цікава, бо я люблю праекты нестандартныя. Шмат людзей прыходзіць да мяне і кажуць, што хочуць зрабіць нейкі праект з інвалідамі, і пачынаецца — «бар’ернае асяродзьдзе, давайце пасадзім на вазкі, давайце па горадзе пройдзем»... Я ня ведаю, дзе яны гэта бяруць, гугляць ці што?

Здорава, калі ў чалавека з інваліднасьцю вобраз, да якога ўсе звыклі. Калі вазочнік, то ўсе прызвычаіліся, і ён ані ў кога не выклікае адтаргненьня. Я ў камэнтах чытаю «ой-ой, што здарылася з гэтым хлопчыкам, чаму ён у вазку, ён такі мілы»... Іншае пытаньне, калі ўзяць чалавека, які выклікае недавер, агіду — «ой, блін, як гэты чувак?! У яго няма рук! Што зь ім?! Як ён?! Які сэкс?! Чым?! Куды?! Ой!!»

Мне заўжды падабалася ўдзельнічаць у такіх працэсах, калі чалавек з інваліднасьцю — не аб’ект, а ўдзельнік. Я гэтую фатасэсію ўспрымаю як мастацтва. Таму было ня страшна зьняць штаны. Гэта мастацтва — і можна ўсё.

Загонаў на гэтую тэму хапае. Бацькі вельмі часта настройваюць сваіх дзяцей так, што калі ў цябе інваліднасьць, то табе ў сьвет здаровых шлях закрыты, ты мусіш сярод інвалідаў шукаць сабе пару, занятак. Каб табе было камфортна, каб ты быў роўны сярод роўных. Але ўсё гэта фігня.

Часта цяжка знайсьці партнэра не таму, што іх ніхто ня хоча, ці яны вельмі страшныя, ці не ўдаецца знайсьці кантакт. А таму, што ўсе разумеюць, што калі чалавек сам сябе не абслугоўвае, не мабільны, то «другой палове» давядзецца яго на сабе насіць. І ня ўсе да гэтага гатовыя. І нельга нікога асуджаць, бо каханьне каханьнем, жарсьць жарсьцю, а бытавуха забівае ўсялякія пачуцьці.

Бацькі вельмі часта не адпускаюць дзяцей, ня хочуць праблемаў. «І так жыцьцё цяжкае, а ён, ня дай Бог, яшчэ аднаго такога ў дом прывядзе. Гэта ж будзе капец. Тут за адным трэба глядзець, а тут яшчэ другі».

Я сам калісьці быў у Швэцыі на навучальных мерапрыемствах. Гэта было вельмі прыкольна. Паказвалі навучальны фільм, дзе інваліды займаліся сэксам, і здаровыя дзяўчаткі, якія былі са мной, яны так плакалі, так пакутавалі. У той момант я падумаў: «Божа мой, яны ж, напэўна, гэтаксама ўспрымаюць і мяне. Мне, напэўна, ні фіга ня сьвеціць».

Атрымліваецца, што людзі сэксам займаюцца, уступаюць у стасункі. Але калі казаць пра норму, то саюз людзей з інваліднасьцю будзе ўспрымацца агрэсіўна і насьцярожана, маўляў «ты непаўнавартасны, у цябе сяброўка непаўнавартасная, а як вы выгадуеце дзяцей?». Хоць я ведаю масу прыкладаў, вельмі розных, на жаль, калі ў людзей з інваліднасьцю растуць здаровыя дзеці.

Ёсьць прыклады, калі адзін чалавек здаровы, а другі з інваліднасьцю. І тут таксама ўсё складана, бо, вядома, бацькі здаровага чалавека абсалютна ня рады, нават блізка, які б клясны інвалід ні быў і што б ён там ні рабіў, ён «усё адно інвалід», «ад суседзяў нікуды ня дзецца, будуць глядзець», «а раптам ён заразны», «і каму гэта трэба»...

Усе думаюць, што людзі з інваліднасьцю — гэта героі. Мы пераадольваем, нягледзячы ні на што, мы трацім увесь свой час на тое, каб давесьці, якія мы клясныя. Але гэта няпраўда, ня ўсе інваліды клясныя. Ёсьць маса людзей зусім звычайных, якім зусім не цікава кожны дзень зьдзяйсьняць подзьвіг.

Людзі з інваліднасьцю могуць быць сэксуальныя, і гэта факт. Я гэта пацьвярджаю. Калі ты хочаш — ты ўсё зробіш як трэба. Іншае пытаньне, што гэта зрабіць больш складана, бо не заўжды цябе ўспрымаюць як годнага партнэра з-за стэрэатыпаў і забабонаў.

Я спадзяюся, што праз 50 год жанчына з атрафіяй мышцаў будзе сэксуальнай і яе будуць усе хацець.

Калі кажаш, што ў мяне ёсьць сябар з інваліднасьцю, усе адразу ўяўляюць сабе нябогу, які нічога ня хоча і нічога ня можа. Вельмі часта гэта так. Але часта і наадварот. І з сэксуальнасьцю такая ж сытуацыя. Хтосьці вельмі актыўны, хтосьці не актыўны. У кагосьці ёсьць сяброўка, у кагосьці сябар, хтосьці гей, і ўсім добра, а камусьці ня вельмі добра. А камусьці трэба проста памыцца, каб дзяўчаткі зь імі сталі кантактаваць.

Віктар, 25 год, жыве адзін.

Я раней праблемы ў стасунках ня бачыў, бо як для мяне, ёсьць больш сур’ёзныя — фінансавыя, са здароўем. Але такі праект новы для грамадзтва. Тое, што шмат у якія месцы не забрацца, не заехаць, грамадзтву ўжо ня вельмі цікава. А праз такую ідэю можна зьвярнуць увагу і на іншыя праблемы.

Стасункі важнейшыя, чым безбар’ернае асяродзьдзе. Калі ў цябе ёсьць мэта схадзіць кудысьці зь дзяўчынай, табе пофіг, ёсьць там безбар’ернае асяродзьдзе ці няма. Ты пачнеш прасіць нейкіх людзей, калі сам ня можаш заехаць, знойдзеш, як схадзіць. А калі няма дзеля чаго ісьці, то будзеш дома і сядзець.

Шанцы мець здаровага партнэра такія ж, як і ў здаровага чалавека. Ступень траўмы бывае розная. Калі шыйны ўзровень, то праблематычна, калі два чалавекі ў пары з такой траўмай. Яны цалкам не самастойныя, і лепш, калі ў «шыйніка» будзе здаровы партнэр. Гэта прасьцей і лягчэй. А ёсьць прыклады, калі пары з сур’ёзнымі парушэньнямі жывуць разам. Гэта залежыць ад людзей.

Шмат хто асуджае вазочнікаў, якія заводзяць сям’ю. Нават самі вазочнікі. Не таму, што гэта немагчыма фізычна. Першая праблема — фінансавая. Дзіцяці трэба шмат часу. А фінансаў у вазочнікаў ня так шмат, каб сябе забясьпечыць. А яшчэ трэба сям’ю і малое дзіця. Гэта складана. Калі ў чалавека траўма дазваляе завесьці дзіця і глядзець яго, то чаму не? Дзеці здаровыя родзяцца.

У мяне не было сур’ёзных асабістых стасункаў, каб жыць разам ці яшчэ нешта. Але не таму, што я не магу ці няма жаночай увагі. У мяне першыя праблемы былі фінансавыя. Самога сябе складана забясьпечыць, а яшчэ кагосьці ўтрымліваць — гэта цяжка. А проста стасункі ёсьць. Раней, калі я толькі зламаўся, быў бар’ер такі, што нібыта на цябе зьвяртаюць увагу з-за шкадобы. Сам сабе такія бар’еры выстаўляў, што мне такія стасункі ня трэба. А калі сам свае праблемы вырашыў, разумееш, што гэта ня так.

Сышло шмат часу на тое, каб самастойна вырашаць праблемы, зьвязаныя з траўмай. Не да стасункаў было. На рэабілітацыю хадзіў, і ўсё, зьвязанае з мэдыцынай. А цяпер я ўжо дзясяты год на вазку, навучыўся самастойна жыць, сур’ёзных праблемаў з тым, каб заводзіць стасункі, няма.

Зразумела, што дзяўчына будзе спачатку сама баяцца. Нават калі ў яе ёсьць жаданьне, яна ня ведае, як гэта, калі ў яе не было стасункаў з вазочнікам ці зь іншым чалавекам з інваліднасьцю. Трэба не баяцца патлумачыць, каб яна не баялася нейкіх асаблівасьцяў, якія ў цябе ёсьць. Проста заранёў, каб яе чымсьці такім не шакаваць. У мяне прасьцей, я магу ўсё рабіць сам. Момантаў, якія палохаюць, са мной няма. Дзяўчатам са мной цікава.

Мне нармальна самому жыць. Доўгіх стасункаў у мяне не было. Менавіта таму, што мне гэтага ня хочацца. Можа, гэта пакуль што, я ня ведаю.

Дар’я Андрэянава, якая каардынуе праект, сама здымалася ў ім як мадэлька. Кажа, што першыя здымкі вырашыла «паспрабаваць на сабе».

«На сабе і Віцю — мы зь ім на той час больш за ўсіх былі знаёмыя. Важна было праверыць, ці я ўсё правільна думаю, і пасьля таго, як паспрабуеш, ужо ведаеш, што іншым можна паказаць.

Няёмкія моманты былі: напрыклад, я баялася легчы Віцю на калені. Я важу 50 кіляграмаў — баялася яму нешта паламаць. Часу на тое, каб звыкнуцца, было мала, гэта ж незнаёмае цела — ня так проста, каб атрымалася жывое. Далей мы стараліся фатаграфаваць жывыя моманты, перасоўваньні, любыя прапановы, і проста калі людзі камунікавалі паміж сабой.

Што да сэксуальнасьці — ва ўсіх хлапцоў прыгожыя маладыя рэльефныя целы, яны ўсе дыхаюць.

Нейкіх уяўленьняў пра сэксуальнасьць у мяне няма, гэта ўсё вельмі рознае — мне ўсё цікава. Іншым разам каменьчык на каменьчыку вельмі сэксуальна ляжыць.

Вынікам я задаволеная, спадзяюся, ён пакуль не канчатковы. Людзі раскрываюцца, і гэта галоўнае.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG