Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Людзі ў Літве вельмі напалоханы расейскай пагрозай, — Вадзім Вілейта


Ініцыятыва кіраўніцтва Літвы аб вяртаньні абавязковай вайсковай службы адпавядае настроям літоўскага грамадзтва, якое вельмі сур’ёзна ставіцца да магчымасьці вайны з Расеяй.

Такую думку ў інтэрвію Радыё Свабода выказаў літоўска-беларускі палітоляг Вадзім Вілейта.

Учора на пасяджэньні Дзяржаўнай рады па абароне Літвы было прынята рашэньне ініцыяваць вяртаньне абавязковай вайсковай службы. Прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце сказала, што вярнуць абавязковую вайсковую службу хочуць з прычыны зьмены геапалітычнай сытуацыі. Адпаведная прапанова будзе ўнесена ў літоўскі парлямэнт.

Палітоляг Вадзім Вілейта адзначае, што першая рэакцыя прадстаўнікоў парлямэнцкіх партыяў Літвы на прапанову кіраўніцтва краіны была досыць асьцярожная.

«Найбольш за гэтую ідэю выступаюць прадстаўнікі кансэрватыўных палітычных сіл — яны кажуць, што сам пераход да прафэсійнай вайсковай службы ў Літве быў памылкай, і кансэрватары ўжо ня раз заклікалі вярнуцца да абавязковага прызыву ў войска. Лібэральныя сілы ставяцца больш насьцярожана да гэтай ідэі — яны думаюць, што, можа, варта ўсё ж такі паспрабаваць неяк матываваць людзей, каб яны ішлі на службу прафэсійную, магчыма, шляхам павышэньня заробкаў для вайскоўцаў, але не вяртацца да абавязковага прызыву. Але ў цэлым не прагучала ад ніводнай моцнай палітычнай партыі адназначнага супраціву гэтай ідэі. Таму магчыма, што яна сапраўды будзе рэалізаваная», — адзначае ён.

Што тычыцца стаўленьня насельніцтва да гэтай прапановы, то ніякіх аб’ектыўных сацыялягічных дадзеных пра гэта няма. Між тым палітоляг узгадаў апытаньне на адным з найбуйнейшых літоўскіх парталаў Delfi.lt, у рамках якога большасьць чытачоў выступіла супраць такой прапановы.

Але ў цэлым адчуваньне расейскай пагрозы ў літоўскім грамадзтве сапраўды прысутнічае, у тым ліку ў сувязі з сумным гістарычны досьведам літоўцаў.

Людзі казалі, што мы ўжо павінны рыхтавацца да вайны, павінны ісьці ў валянтэры, павінны літаральна рыхтавацца да расейскай агрэсіі

«Складаецца такое ўражаньне, што сапраўды людзі ў Літве вельмі напалоханыя тым, што адбываецца. Асабліва на пачатку ўсіх гэтых падзеяў ва Ўкраіне назіралася ледзьве ня паніка ў грамадзтве. Назіраўся ўздым такіх патрыятычных настрояў — людзі казалі, што мы ўжо павінны рыхтавацца да вайны, павінны ісьці ў валянтэры, павінны літаральна рыхтавацца да расейскай агрэсіі. Шмат гутарак было на гэтую тэму — як у СМІ, так і сярод звычайных людзей у нефармальнай абстаноўцы. Таму гэтая прапанова ў цэлым адлюстроўвае настроі ў грамадзтве — што сапраўды існуе пэўная пагроза з боку Расеі. Людзі вельмі сур’ёзна да гэтага ставяцца», — тлумачыць Вілейта.

Літоўскія вайскоўцы на вучэньнях, архіўнае фота

Літоўскія вайскоўцы на вучэньнях, архіўнае фота

Пры гэтым нельга сказаць, што з боку літоўскай дзяржавы ў сувязі з гэтым робяцца нейкія канкрэтныя крокі ў адносінах да Расеі або расейскамоўнага насельніцтва. Хутчэй, рэакцыя ідзе на ўзроўні грамадзка-інфармацыйным, кажа палітоляг.

«Вельмі вялікі ўплыў робяць менавіта сродкі масавай інфармацыі. Вядома, адчуваецца ў грамадзтве напружанасьць. Часткова, на мой погляд, яна разьдзімаецца і эскалюецца некаторымі СМІ, якія пастаянна трансьлююць сюжэты на ваенныя тэмы, пастаянна ўздымаюць пытаньне расейскай агрэсіі ў тым кантэксьце, што ў Літве магчымы такі ж самы сцэнар. З боку некаторых аглядальнікаў і журналістаў пачынаюцца пошукі магчымых „пятых калён“ у Літве. Дарэчы, пэўныя намёкі на гэта існавалі, што, магчыма, у Клайпедзкім краі хто-небудзь можа паспрыяць прыходу туды расейскіх войскаў або „зялёных чалавечкаў“. Выказваліся меркаваньні, што горад Вісагінас — практычна цалкам расейскамоўны горад на мяжы зь Беларусьсю — можа стаць „літоўскім Крымам“. Але ўсё ж такі гэта больш спэкуляцыі на ўзроўні СМІ, асобных журналістаў і аглядальнікаў. Казаць, што літоўская дзяржава якімсьці чынам спрыяе антырасейскім настроям у грамадзтве, я не магу. У цэлым дзяржаўныя органы займаюць даволі ўзважаную і спакойную пазыцыю», — падкрэсьлівае Вілейта.

Выказваліся меркаваньні, што горад Вісагінас — практычна цалкам расейскамоўны горад на мяжы зь Беларусьсю — можа стаць „літоўскім Крымам“

Старшыня Віленскага беларускага таварыства палітычных вязьняў і ссыльных Валянцін Стэх у інтэрвію Радыё Свабода адзначае, што насьцярожанасьць у літоўскім грамадзтве насамрэч існуе. Але перабольшваць ваенныя чаканьні ня трэба: «Я б не сказаў, што гэтыя настроі вельмі пашыраныя, але людзі паміж сабой часам абмяркоўваюць такое разьвіцьцё падзей».

Што тычыцца расейскамоўнага насельніцтва, то, на думку Стэха, нягледзячы ні на што, большасьць асьцерагаецца актыўнасьці Расеі ў рэгіёне.

«Безумоўна, ёсьць розныя людзі. Ёсьць і тыя, хто падтрымлівае Расею. Але, з майго пункту гледжаньня, пераважная большасьць усё ж гэтага пабойваецца і асьцерагаецца», — кажа ён.

Беларускі літаратар Андрэй Антонаў, які жыве ў Літве, лічыць, што, нягледзячы на ўсе размовы, літоўцы ў вайну з Расеяй асабліва ня вераць і разглядаюць такую магчымасьць толькі гіпатэтычна.

А што тычыцца стаўленьня да ўкраінскіх падзеяў, то тут, безумоўна, большасьць на баку Ўкраіны.

«Вядома, грамадзтва рознае. Я думаю, што там можна назьбіраць поўны спэктар поглядаў на ўкраінскую сытуацыю, прычым сярод усіх нацыянальных суполак. Але найбольш актыўна артыкуляваная пазыцыя — гэта поўная падтрымка Ўкраіны, яе тэрытарыяльнай цэласнасьці», — адзначыў ён.

XS
SM
MD
LG