Прэзыдэнт Расеі Ўладзімір Пуцін па выніках перагавораў у Душанбэ з кіраўніком Таджыкістану Эмамалі Рахмонам паабяцаў, што Расея і Таджыкістан «вырашаць праблему», зьвязаную з забаронай на ўезд у РФ высланых грамадзян гэтай краіны.
«Мы гэта абмяркоўвалі. У цэлым рашэньне знойдзена, і мы будзем працаваць у адпаведнасьці з дамоўленасьцю з прэзыдэнтам Таджыкістану», — сказаў Пуцін. Паводле яго слоў, пытаньне аб амністыі узьняў Рахмон.
Першы віцэ-прэм’ер Ігар Шувалаў растлумачыў, што гаворка ідзе пра мігрантаў, якія своечасова ня выехалі з Расеі і тым самым парушылі правілы знаходжаньня ў Расеі, альбо зрабілі адміністрацыйныя правапарушэньні (у асноўным гэта тычыцца тых, хто жыў без рэгістрацыі). Паводле Шувалава, «амністыя» можа закрануць больш чым 200 тысяч чалавек.
Паводле інфармацыі праваабаронцаў, за апошнія тры гады з Расеі выслалі больш за паўмільёна мігрантаў.