Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія ўлады спазьніліся: кантрабандыстаў падкасіла беларуская дэвальвацыя


Увядзеньне новых правілаў літоўскім урадам для беларусаў пры перасячэньні мяжы з 1 траўня 2015 году наўрад ці істотным чынам адаб’ецца на беларускіх грамадзянах. Так лічаць жыхары памежных зь Літвой раёнаў Гарадзеншчыны. Розьніца ў коштах, якая рабіла прывабнымі дробны памежны гандаль і кантрабанду, амаль зьнікла ў выніку дэвальвацыі беларускага рубля.

З 1 траўня 2015 году паводле пастановы літоўскага ўраду падакцызныя тавары ў асабістым багажы або паліва ў баку асабістага аўта могуць бяспошлінна ўвозіцца ў Літву не часьцей як тры разы на месяц. Новаўвядзеньні тычацца беларускіх грамадзянаў.

На практыцы гэта будзе выглядаць такім чынам: калі супрацоўнік літоўскай мытні высьветліць, што тавары ці паліва ўвозяцца грамадзянінам чацьвёрты і больш разоў за месяц, той мусіць заплаціць падаткі і мытныя зборы.

Ёсьць і больш канкрэтныя тлумачэньні: калі ў баку вашага аўта пры ўезьдзе ў Літву ёсьць 10 літраў саляркі, то сума збору складзе 4 эўра, 20 літраў — каля 10 эўра і г.д. За 10 літраў бэнзіну сума збору складзе 6 эўра, 20 літраў — каля 13 эўра.

Важна ў гэтай сытуацыі тое, што калі вы тройчы заяжджалі ў Літву на аўтобусе або цягніку, а чацьвёрты — паехалі на асабістым аўта, зборы за паліва прыйдзецца ўсё роўна заплаціць.

Гарадзенец, які часта наведваўся ў Літву да новага году, кажа, што цяпер такія паездкі страцілі сэнс. На памежным пераходзе ў Прывалках мяжа зь Літвой практычна ўвесь час пустая, мала хто нават з памежных вёсак езьдзіць у Літву чатыры разы на месяц. Паводле спадара, у людзей цяпер няма эканамічнай цікавасьці, бо з падзеньнем беларускага рубля цэны шмат на што амаль зраўняліся:

«Калі ў нас у Беларусі такая тэндэнцыя, што паліва ўвесь час даражэе альбо, як цяпер, трымаецца на адным узроўні, то ў Літве нават здараецца, што таньнее. Выходзіць, што ўрад Літвы спазьніўся з увядзеньнем такіх захадаў, бо самы пік паездак усё ж прыпаў на мінулы год».

Жыхары Ашмяншчыны таксама да новага году часта карысталіся блізкасьцю мяжы і езьдзілі ў так званыя камэрцыйныя паездкі, каб папоўніць сямейны бюджэт. Цяпер, аднак, сытуацыя зьмянілася, і там таксама мяжа пустуе. Жыхарка Ашмянаў распавядае, што нават бязь зьменаў, якія прынялі літоўцы, пасьля арыштаў на Ашмянскай мытні і выступу Аляксандра Лукашэнкі з гэтае нагоды ніхто ня важыцца езьдзіць:

«Цяпер з гэтым складана. Вы ж бачылі, што адбылося на Ашмянскай мытні. Ашмяны цяпер на адмысловым кантролі, то цяпер і так ніхто не паедзе, бо будуць баяцца, занадта моцна засьвяціліся ў Менску. Цяпер там такая абстаноўка, што ніхто нікуды і ня рыпнецца».

А вось спадар з Ашмянаў дадае, што апошнім часам ня толькі мала хто езьдзіць на ўласным транспарце — нават аўтобусы на Вільню найчасьцей адпраўляюцца напаўпустыя. Больш за тое — як правіла, туды рэдка вязуць паліва зь Беларусі, хутчэй прывозяць харчы зь Літвы:

Ведаеце, цяпер едуць туды селядца купіць, рыбкі, гарэлачкі добрай у шопе. Але масава, як раней ехалі, — ужо такога няма

«Ведаеце, цяпер едуць туды селядца купіць, рыбкі, гарэлачкі добрай у шопе. Але масава, як раней ехалі, — ужо такога няма. Ёсьць, праўда, яшчэ такія адмыслоўцы, якія маюць на тым баку месца, дзе зьліваць паліва. Дык яны заехалі, па-хуткаму зьлілі і далей паехалі. Але такіх адзінкі. І бізнэсу ўжо з гэтага няма».

Сябры дэмакратычных арганізацыяў на Гарадзеншчыне сёлета працягваюць зьбіраць подпісы за адкрыцьцё малога памежнага руху, у тым ліку і зь Літвой. Актывіст БХД спадар Зьміцер лічыць, што новаўвядзеньне зь літоўскага боку — запозьненая рэакцыя на тыя патокі кантрабанды, якія нэгатыўна адбіваліся на эканоміцы Літвы. Але цяпер, паводле спадара, калі кантрабанды яўна паменела, такія крокі літоўскіх уладаў ня вельмі зразумелыя:

«Такія крокі не зусім зразумелыя з боку Літвы, бо яны фактычна пераймаюць тыя ж захады, якія робіць Беларусь у дачыненьні да сваіх грамадзян, абмяжоўваючы ім выезд. Літоўцы ратыфікавалі пагадненьне аб малым памежным руху і прасілі беларускі бок, каб хутчэй гэта зрабіць. Але, на жаль, усе выгоды малога памежнага руху скасоўваюцца такімі крокамі літоўскіх уладаў, паколькі большасьць тых, хто вымушаны зьменшыць колькасьць паездак, будуць жыхары менавіта памежных рэгіёнаў».

XS
SM
MD
LG