Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літва ніколі не будзе купляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС, — прэм’ер Буткявічус


Будаўніцтва АЭС пад Астраўцом

Будаўніцтва АЭС пад Астраўцом

Літва не плянуе купляць электраэнэргію з Астравецкай АЭС, якая будуецца ў Беларусі, заявіў літоўскі прэм’ер-міністар Альгірдас Буткявічус.

Паводле Буткявічуса, Літва ня мае намеру адаптаваць свае электрасеткі для таго, каб набываць электраэнэргію з гэтай станцыі.

«Мы не зьбіраемся адаптаваць ніякую інфраструктуру для гэтай атамнай станцыі і не зьбіраемся закупляць электраэнэргію з гэтай атамнай станцыі. У нас не было ніякіх кантактаў з Беларусьсю па гэтым пытаньні», — заявіў 12 лістапада ў Сэйме літоўскі прэм’ер-міністар у адказ на пытаньне лідэра апазыцыі Андруса Кубілюса.

Паводле DELFI, Літва і Беларусь ўваходзяць у адно энэргетычнае кальцо пяці краін: Беларусі, Расеі, Эстоніі, Латвіі, Літвы — БРЭЛЛ. Літва і іншыя балтыйскія краіны маюць намер пакінуць БРЭЛЛ і сынхранізаваць сыстэму з кантынэнтальнай Эўропай, аднак гэты працэс пачнецца толькі тады, калі разам з Польшчай Эўракамісія вызначыць тэхнічныя парамэтры.

Літоўскія экспэрты сумняюцца ў бясьпецы Астравецкай АЭС. Міністар замежных спраў Літвы Лінас Лінкявічус, якi сустрэўся ў чацьвер у Менску зь беларускім калегам, запрасіў экспэртаў гэтай краіны прыбыць у Літву і абмеркаваць прэтэнзіі міжнародных арганізацый, зьвязаных з будаўніцтвам Астравецкай АЭС.

XS
SM
MD
LG