Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Літоўскія беларусы зь Вісагінаса хацелі працаваць на будоўлі Астравецкай АЭС


Шыльда з назвай беларускага культурнага цэнтру ў Вісагінасе
Шыльда з назвай беларускага культурнага цэнтру ў Вісагінасе

Як у літоўскім Вісагінасе зьніклі беларускія клясы і чаму беларускія ўлады адмовіліся ад спэцыялістаў з Ігналінскай АЭС — пра гэта ў інтэрвію Свабодзе распавёў кіраўнік Беларускага культурнага цэнтру «Крок» у літоўскім Вісагінасе Алег Давыдзюк.

Пра тое, што ў літоўскім Вісагінасе існуе беларускі цэнтар «Крок», мне сказалі жыхары гораду. І вось я ў гасьцях у землякоў. Беларуская атмасфэра адчуваецца, хоць людзі гавораць больш па-расейску. Надпісы паўсюль па-беларуску, але падкрэсьлена ў кожным пакоі прысутнічае чырвона-зялёны сьцяг. Кіраўнік Цэнтру Алег Давыдзюк трохі зьдзіўлены візытам, але задаволены гасьцямі і пагаджаецца на інтэрвію.

Алег Давыдзюк, кіраўнік Беларускага культурнага цэнтру ў Вісагінасе
Алег Давыдзюк, кіраўнік Беларускага культурнага цэнтру ў Вісагінасе

— Спадар Давыдзюк, распавядзіце пра ваш Цэнтар — як узьнік, колькі беларусаў у яго ўваходзяць, чым ён займаецца.

— Мы існуём ужо 23 гады. Памяшканьні, дзе вы знаходзіцеся, — нашы ўласныя. І ўтрымліваем мы іх самі. Тут хоць даволі сьціпла, але мы пачуваемся незалежнымі, і нас наагул ніхто не фундуе. Казаць пра колькасьць беларусаў, якія цяпер уваходзяць у наша абʼяднаньне, складана, бо людзі многія разьехаліся. Але яшчэ пару гадоў таму нас налічвалася каля двзьвюх тысяч. Да нас наведваюцца і палякі, якія прыехалі зь Беларусі, і расейцы. Для нас — хто зь Беларусі, той і наш.

На рэпэтыцыі беларускага калектыву «Сьвітанак» у Вісагінасе
На рэпэтыцыі беларускага калектыву «Сьвітанак» у Вісагінасе

— А калі ўсё ж спыніцца на вашай дзейнасьці...

— Мы распачалі сваю дзейнасьць у 1995 годзе, прычым так шырока крочылі, што нават самі ня здолелі ўтрымаць тэмп. Апрача таго, што ў нас былі ўтвораныя самадзейныя калектывы, мы нават рабілі свае тэлевізійныя праграмы па-беларуску, пускалі іх на мясцовым тэлебачаньні, і гэта на працягу пяці гадоў. Праўда, потым стаміліся людзі, бо рабілі гэта на грамадзкіх асновах. А яшчэ пачала тэхніка зьмяняцца з аналягавай на лічбавую, і ў нас усё спынілася.

— Пра што былі вашы перадачы?

— Пра наша жыцьцё, пра людзей. Мы рабілі і навіны пра нашы калектывы і выступленьні, і гэта цікавіла людзей. На той момант у нас было чатыры беларускія клясы ў школе, у якіх навучалася 50 вучняў, і пяць настаўніц, якія выкладалі па-беларуску. Дзеці прайшлі навучаньне па-беларуску ад першай да восьмай клясы.

У памяшканьні Беларускага культурнага цэнтру ў Вісагінасе
У памяшканьні Беларускага культурнага цэнтру ў Вісагінасе

— Наколькі я разумею, гэтыя клясы давялі да восьмай, і болей не было набору...

— Дзеткі былі, але потым ужо клясы набіраліся па 15–18 чалавек, і мясцовыя чыноўнікі загаварылі пра тое, што яны некамплектныя, а значыцца, ня могуць існаваць. І ніхто ў той сытуацыі за нас тады не заступіўся. Я зьвяртаўся па дапамогу ў Беларусь, зьвяртаўся па дапамогу ў Вільню — там ёсьць беларуская гімназія. Прасіў, каб узялі нашы клясы філіялам да сябе, і тады яны маглі б існаваць. Але ніхто клопатаў на сябе не хацеў браць.

Грамата ад Міністэрства культуры Беларусі
Грамата ад Міністэрства культуры Беларусі

— А што беларускія ўлады?

— Яны ставіліся да гэтага фармальна. Праўда, дзякуй, што падтрымлівалі падручнікамі. Хоць патрэбная была ў гэтай сытуацыі іншая падтрымка беларускай дзяржавы, але яе не было. Літоўскія ўлады гэта адчулі таксама і адпаведна паставіліся да нас. Праўда, пазьней прыяжджаў беларускі амбасадар сюды, нібыта размаўляў з мэрам гораду, але той, відаць, яго не паслухаў. Дый позна было ўжо за нас заступацца, калі новых клясаў не набіралі. І, такім чынам, з 2002 году ў Вісагінасе больш не існуе беларускамоўнай адукацыі. Мы дагэтуль так і не зразумелі такога стаўленьня да сябе і нашых дзяцей. Ну вось так...

— А ахвотныя тады яшчэ былі аддаваць дзетак у беларускія клясы?

— А чаму не? І каб людзі бачылі, што гэта падтрымліваецца, то аддавалі б дзяцей у беларускія клясы. Я, памятаю, адзін за два тыдні ўжо ў жніўні сабраў заявы з бацькоў у беларускія клясы, і не было ніякіх праблемаў. Потым сам жа знайшоў чатырох настаўнікаў, якія адразу ўзяліся за справу. І можна было б працаваць і да гэтага часу. Але ўжо як атрымалася, так атрымалася...

Удзельніцы ансамбля «Сьвітанак» Беларускага культурнага цэнтру ў Вісагінасе
Удзельніцы ансамбля «Сьвітанак» Беларускага культурнага цэнтру ў Вісагінасе

— А як складаўся потым лёс выпускнікоў беларускіх клясаў?

— Многія паехалі вучыцца ў Беларусь. Дарэчы, добра, што ў Беларусі з разуменьнем ставіліся да тых, хто з нашых школаў паступаў у беларускія ВНУ. Многія нашы выпускнікі зараз працуюць на Захадзе, некаторыя жывуць у Вільні і іншых літоўскіх гарадах.

— А на чым цяпер палягае дзейнасьць цэнтру «Крок»?

— У нас заўсёды хапае клопатаў, бо разам зьбіраемся на сьвяты. У нас арганізаваныя тры самадзейныя калектывы. Вось сёньня рэпэтыцыя ў ансамбля «Сьвітанак», рыхтуемся да канцэртаў, езьдзім з канцэртамі па ўсёй Эўропе. Хаця мушу сказаць, што пасьля таго, як зачынілі беларускія клясы, колькасьць тых, хто да нас прыходзіць, зьменшылася. Людзі адчулі сваю непатрэбнасьць, і многія мне пра гэта казалі.

— Спадар Алег, не магу не запытацца ў вас — у памяшканьнях прысутнічае толькі чырвона-зялёны сьцяг, а нацыянальнага гістарычнага бел-чырвона-белага сьцяга, герба «Пагоня» няма...

— У нашай дзейнасьці палітыкі няма. Затое ў нас у Вісагінасе няма расколу сярод беларусаў. Я асабіста быў практычна на ўсіх зьездах «Бацькаўшчыны» ў Беларусі, ведаю, як да яе ставяцца, і гісторыю нашу ведаю. На жаль, большасьць беларусаў, якія тут жывуць, ня ведаюць беларускай гісторыі. Можна нават пачуць ад іх, што бел-чырвона-белы сьцяг — гэта калябарацыянісцкі сымбаль паліцаяў падчас вайны. І людзі ня хочуць чытаць сваёй гісторыі. А таму мы тут нічога ня дзелім, паколькі разумеем, што можна ўсё разваліць. Да гэтага трэба разумна падыходзіць, шукаць шляхі да людзей, а ня проста так.

— І калі езьдзіце па ўсёй Эўропе з канцэртамі, то таксама бераце чырвона-зялёны сьцяг?

— Мы бяром з сабой літоўскі сьцяг, бо мы ўсё ж грамадзяне Літвы. Дарэчы, калі да нас прыяжджаюць з канцэртамі нейкія калектывы зь Беларусі, то заўсёды аншляг — усе беларусы імкнуцца прыйсьці.

— Спадар Алег, напэўна, калі вы жывяце ў горадзе атамшчыкаў, то мелі дачыненьне да атамнай станцыі...

— Так, безумоўна. Я аддаў атамнай энэргетыцы 38 гадоў свайго жыцьця. Прычым пачынаў на Ленінградзкай станцыі, затым прыехаў сюды і працаваў да самага закрыцьця Ігналінскай АЭС. Яе ня трэба было зачыняць, яна працавала як швайцарскі гадзіньнік. Таму і да зьяўленьня Астравецкай станцыі стаўлюся станоўча. Адзінае, каб працавалі там не дылетанты, а сапраўдныя адмыслоўцы.

— А адкуль цяпер Беларусі браць адмыслоўцаў?

— На жаль, у мяне цяпер няма тут той цэлай кіпы дакумэнтаў, якія я накіроўваў у Менск з прапановамі аб дзейнасьці Астравецкай атамнай станцыі. Найперш я прапаноўваў сваім калегам на крок інфармацыйна апярэджваць тых, хто супраць будаўніцтва станцыі. Чаму атрымліваецца, што людзі, якія супраць будаўніцтва, першымі выкладваюць інфармацыю пра тое, што адбылося здарэньне на станцыі? Калі нешта зрабілася, то раскажы адразу, каб у людзей узьнік давер. Гэта ня проста словы, гэта спраўджана вопытам. Але ў вашай сыстэме, як я зразумеў, ніхто адказнасьці за гэта на сябе ўзяць ня можа.

— Хутчэй усё робіцца наадварот.

Мае прапановы не ўспрымаліся толькі таму, што я грамадзянін Літвы і жыву ўжо ў Эўразьвязе. Канечне, мне ў вочы так не казалі, але потым дайшло

— Пачынаючы недзе з 2008 году я езьдзіў у Менск і пісаў туды, што на Ігналінскай станцыі працуе шмат беларусаў і іх вопыт можна выкарыстаць у Астраўцы. Напачатку да мяне ставіліся нібыта прыязна, але потым я зразумеў, што проста робяць выгляд. Мае прапановы не ўспрымаліся толькі таму, што я грамадзянін Літвы і жыву ўжо ў Эўразьвязе. Канечне, мне ў вочы так не казалі, але потым дайшло. Мне мясцовыя беларусы прынесьлі звыш 200 анкет, яны выказвалі жаданьне ехаць і працаваць спачатку на будоўлі станцыі, каб потым яе і абслугоўваць. Я гэтыя анкеты перадаваў у Менск, але адказу яны не дачакаліся. А каб іх прынялі, то пайшлі б і іншыя. А тут аказваецца, хоць ты і нарадзіўся ў Беларусі, але маеш грамадзянства Эўразьвязу, то даверу табе няма. Было вельмі крыўдна... І людзі тыя даўно разьехаліся па сьвеце шукаць працу, замест таго каб вярнуцца на гістарычную радзіму.

— І гэта ўсё так проста...

— Усё так проста, а ўявіце, колькі сродкаў на падрыхтоўку адмыслоўцаў беларуская дзяржава магла б зэканоміць. Гэта ж як лекара, трэба гадоў дзесяць адмыслоўца рыхтаваць. А нашым дастаткова было прайсьці перападрыхтоўку. У нас жа на станцыі вельмі высокая культура бясьпекі, людзі ўжо прасякнутыя ёю былі, бо ўжо прайшлі праз рознага кшталту аварыі і няштатныя сытуацыі... Я ў гэтым сэнсе да беларускай улады маю вялікае пытаньне. Людзі грукалі некалькі гадоў у іх дзьверы, а ім ніхто нават не адказаў. Прабачце, але больш нічога ня буду пра гэта казаць.

— Выходзіць, што літоўскія беларусы непатрэбныя ў самой Беларусі...

— Выходзіць, што так. І калі нехта ў гэтым сумняваецца, то магу паказаць усю перапіску зь беларускімі чыноўнікамі пачынаючы з 2008 году. Так, мы не патрэбныя, на жаль. А вельмі хацелася нешта вартае зрабіць і для Беларусі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG