Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ёсьць дзяржаўныя і недзяржаўныя, імянныя і брэндавыя, усеахопныя і вузкагаліновыя, грашовыя і сымбалічныя.

Падчас абмеркаваньня намінантаў на прэмію Гедройца ствараецца адчуваньне, нібыта ў краіне больш няма літаратурных прэміяў — і ні паэтам, ні драматургам, ні дзіцячым пісьменьнікам на прэміі разьлічваць не даводзіцца. Аднак, калі напружыцца, можна ўспомніць яшчэ пяць-шэсьць узнагарод, а калі адмыслова пашукаць, дык наогул ніякага топу на іх ня хопіць. Ёсьць дзяржаўныя і недзяржаўныя, імянныя і брэндавыя, усеахопныя і вузкагаліновыя, грашовыя і сымбалічныя, і калі пашчыраваць на літаратурнай ніве, то праз год можна сабраць неблагі прэміяльны ўраджай. Піша Паліна Масьлянкова.

Літаратурная прэмія імя Ежы Гедройца

Прэмія гэтая беларуска-польская, паколькі заснавана Беларускім ПЭН-цэнтрам і Саюзам беларускіх пісьменьнікаў супольна з Амбасадай Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь і Польскім Інстытутам у Менску ў гонар Ежы Гедройца, які нарадзіўся ў Менску ў сям’і старажытнага ліцвінскага роду Гедройцаў і стаў вядомым польскім палітыкам, публіцыстам, рэдактарам і выдаўцом (1906-2000).

Прэмія Гедройца, якая ўручаецца штогод з 2012 году за найлепшую кнігу прозы, напісаную па-беларуску, вельмі хутка стала найбольш прэстыжнай сярод літаратараў і папулярнай сярод чытачоў. І ўсё дзякуючы ня толькі значнай грашовай узнагародзе (што, вядома, стварае пэўны ажыятаж вакол прэміі), але і адкрытай інфармацыйнай кампаніі, якую праводзіць аргкамітэт.

Узнагарода: I месца — чэк на суму, якую кожны год вызначае «Ідэя Банк» (10 тысяч эўра ў эквіваленце); II месца — пераклад твора на польскую мову альбо творчая стыпэндыя ў Швэцыі; ІІІ месца — творчая стыпэндыя ў Латвіі.

Ляўрэаты: У 2012 годзе ляўрэатамі сталі Павал Касьцюкевіч (1 месца), Альгерд Бахарэвіч (2 месца), Андрэй Федарэнка (3 месца). У 2013 годзе былі ўганараваныя Ўладзімер Някляеў (1 месца), Альгерд Бахарэвіч (2 месца), Адам Глёбус (3 месца). У 2014 годзе прэмію атрымалі Ігар Бабкоў (1 месца), Артур Клінаў (2 месца), Вінцэсь Мудроў (3 месца).

Прэмія «Дэбют» імя Максіма Багдановіча

Прэмія «Дэбют» уручаецца з 2011 года за дэбютны твор па-беларуску ў трох намінацыях: «Проза», «Паэзія» і «Мастацкі пераклад» — жанрах, у якіх працаваў паэт, празаік і перакладчык Максім Багдановіч (1891-1917).

Атрымаць прэмію могуць толькі маладыя літаратары: аўтарам на момант вылучэньня мусіць быць не болей за 35 гадоў. Затое, стаўшы ляўрэатам, можна ўвайсьці ў склад журы побач са знанымі пісьменьнікамі і паэтамі, куды таксама ўваходзяць фундатар прэміі Павал Бераговіч і загадчыца музэю Максыма Багдановіча Марына Запартыка. Журы часта прымае нечаканыя рашэньні: напрыклад, можа ўганараваць аўтараў некалькіх кніг у адной намінацыі («Мастацкі пераклад», 2014) альбо, наадварот, не ўганараваць нікога («Мастацкі пераклад», 2015). Часам да асноўных намінацыяў далучаецца і спэцпрэмія: да прыкладу, у 2013 годзе ёю была адзначаная кніга Глеба Лабадзенкі «Дзіцячая Замова», якая сталася бэстсэлерам і сёлета зноў перавыдадзеная разам з працягам.

Узнагарода: І месца — сэртыфікаты на 30 мільёнаў рублёў пераможцам у трох намінацыях і памятныя статуэткі. ІІ месца і ІІІ месца — заахвочвальныя прызы і памятныя статуэткі.

Ляўрэаты: Ляўрэатамі прэміі «Дэбют» станавіліся паэты Віталь Рыжкоў (2011), Антон Францішак Брыль (2012), Андрэй Адамовіч (2013), Уладзь Лянкевіч (2014), Тацяна Нядбай (2015), празаікі Наталка Харытанюк (2011), Віктар Марціновіч (2012), Юлія Шарова (2013), Кацярына Оаро (2014), Аляксей Палачанскі (2015), перакладчыкі Наста Лабада (2011), калектыў часопіса "Прайдзісьвет«(2012), Ганна Янкута (2013), Кацярына Маціеўская (2014), Сяржук Мядзьведзеў (2014). Спэцпрэміямі былі адзначаныя кнігі Глеба Лабадзенкі (2013) і Дзьмітрыя Дзьмітрыева (2014).

Прэмія «Залатая літара»

«Залатая літара» — гэта асабістая прэмія, якую ў 2003 годзе заснаваў пісьменьнік і мастак Адам Глёбус і з тае пары штогод у сакавіку ўручае яе аўтарам за найлепшую, на ягоную думку, кнігу. Хаця Адам Глёбус, фундатар прэміі і адзіны сябра журы, праводзіць інтэрнэт-апытаньне, раіцца з сябрамі, на якія кнігі году варта зьвярнуць увагу, аднак рашэньне прымае сам, кіруючыся адзіным крытэрам — мастацкасьцю.

Узнагарода: 111 эўра.

Ляўрэаты: Прэмію ад Адама Глёбуса атрымалі Аксана Бязьлепкіна (2003), Анатоль Івашчанка, Ганна Кісьліцына, Андрэй Хадановіч (2004), Ігар Бабкоў (2005), Уладзімір Арлоў (2006), Севярын Квяткоўскі (2007), Сяргей Харэўскі (2007), Міраслаў Адамчык (2008), Андрэй Федарэнка (2009), Леанід Галубовіч (2010), Сяргей Харэўскі (2011), Валянцін Акудовіч (2012), Андрэй Хадановіч (2013), Альгерд Бахарэвіч (2014).

Прэмія «Гліняны Вялес»

«Гліняны Вялес» — літаратурная прэмія, заснаваная ў 1993 годзе сябрамі Таварыства Вольных Літаратараў, якая штогод прысуджаецца за найлепшую мастацкую кнігу году, напісаную па-беларуску.

12 сябраў журы вызначаюць ляўрэата прэміі, якім можна стаць толькі аднойчы ў жыцьці. Ляўрэат атрымлівае сымбалічную ўзнагароду — гліняную статуэтку паганскага бога Вялеса, які, апрача ўсяго, апекаваўся мастацтвам. Цікава, што «Гліняны Вялес» абвяшчае сваіх ляўрэатаў яшчэ да цырымоніі ўручэньня: сёлета ляўрэатам стаў Андрэй Федарэнка, аднак узнагароду ён атрымае толькі 7 траўня.

Узнагарода: Гліняны стод апекуна мастацтва.

Ляўрэаты: Уладальнікамі «Глінянага Вялеса» ўжо сталі Ігар Бабкоў (1993), Людміла Сільнова (1994), Алесь Разанаў (1995), Славамір Адамовіч (1996), Лявон Вашко (1997), Уладзімер Арлоў (1998), Мікола Папека (1999), Сяргей Астравец (2000), Віктар Сьлінко (2001), Альгерд Бахарэвіч (2002), Пятро Васючэнка (2003), Алена Брава (2004), Сяргей Дубавец (2005), Валянцін Акудовіч (2006), Алег Мінкін (2007), Барыс Пятровіч (2008), Віктар Казько (2009), Уладзімер Някляеў (2010), Аляксандар Лукашук (2011), Сяргей Рублеўскі (2012), Эдуард Акулін (2013), Андрэй Федарэнка (2014).

Прэмія імя Францішка Багушэвіча

Прэмія заснаваная ў 1994 годзе Беларусім ПЭН-цэнтрам і штогод уручаецца аўтарам кніг гістарычнай прозы, якія спрыяюць абуджэньню гістарычнай памяці і нацыянальнай самасьвядомасьці чытачоў.

Але часьцей ёю ганаруюцца аўтары не за гістарычныя раманы, а за навукова-папулярныя манаграфіі, да якіх зазвычай зьвяртаецца ўжо падрыхтаваны і сьвядомы чытач. Прэмія прысьвечана беларускаму паэту і публіцысту, заснавальніку новай беларускай літаратуры, а таксама юрысту і народнаму заступніку Францішку Багушэвічу (1840-1900).

Узнагарода: Дыплём і памятны мэдаль.

Ляўрэаты: За гістарычную прозу былі ўганараваныя Кастусь Акула (1995), Уладзімер Арлоў (1996), Лявон Баршчэўскі (1997), Аляксандар Лукашук (1997), Сяргей Ёрш (1998), Вячка Целеш (1999), Ніна Стужынская (2000), Алесь Белы (2001), Андрэй Катлярчук (2002), Захар Шыбека (2003), Аляксандар Надсан (2004), Леанід Маракоў (2006), Вольга Бабкова (2010), Зьміцер Санько (2011), Людміла Рублеўская (2011), Алесь Краўцэвіч (2012), Уладзімер Ляхоўскі (2012), Дзьмітры Матвейчык (2013), Анатоль Трафімчык (2014).

Прэмія імя Алеся Адамовіча

Каб ушанаваць памяць пісьменьніка, грамадзкага дзеяча і аднаго з заснавальнікаў ПЭН-цэнтру Алеся Адамовіча (1927 — 1994), праз год пасьля яго сьмерці Беларускі ПЭН-цэнтар і мас-мэдыя заснавалі прэмію ў галіне публіцыстыкі.

Першапачаткова прэмія ўручалася 3 верасьня, у дзень народзінаў Алеся Адамовіча, і мела чатыры намінацыі: 1) літаратурная публіцыстыка; 2) газэтная журналістыка; 3) кінажурналістыка; 4) радыёжурналістыка. Пазьней прэмія пачала ўручацца 26 студзеня — у дзень сьмерці пісьменьніка.

Узнагарода: Узнагарода: Дыплём, памятны знак і грашовы прыз (уручалі першым ляўрэатам) .

Ляўрэаты: Прэмію атрымалі Павал Шарамет (1995), Анатоль Казловіч (1995), Віталь Цыганкоў (1995), Валянцін Жданко (1995), Самсон Палякоў (1995), Анатоль Алай (1995), Віталь Тарас (1996), Людміла Паўлікава-Хейдарава (1996), Аляксандр Ступнікаў (1996), Рыгор Барадулін (1996), Сяргей Пятроўскі (1996), Герман Кірылаў (1997), Барыс Хамайда (1997), Сяргей Дубавец (1998), Жанна Літвіна (1998), Ігар Гермянчук (1999), Міхась Скобла (2000), Сяргей Шупа (2000), Валянцін Акудовіч (2001), Валеры Дранчук (2001), Ганна Соўсь (2002), Валянцін Аскоцкі (2002), Тэры Карлбом (2002), Х’ел Улаф Енсэн (2002), Генадзь Бураўкін (2004), Сяргей Навумчык (2006), Павал Севярынец (2007), Сяргей Шапран (2011), Аляксандар Тамковіч (2012), Мікалай Мельнікаў (2012), Валер Булгакаў (2013), Аляксандар Фядута (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Уладзімер Някляеў (2015).

Прэмія імя Францішка Аляхновіча

У 2013 годзе ПЭН-цэнтар і Радыё Свабода супольна заснавалі прэмію за творы, напісаныя ў зьняволеньні, і прысьвяцілі яе драматургу і рэжысэру Францішку Аляхновічу (1883 — 1944), чыя кніга «У кіпцюрох ГПУ» распавяла сьвету пра савецкія лягеры куды раней, чым «Адзін дзень Івана Дзянісавіча».

Цырымонія ўручэньня прэміі адбываецца штогод 10 сьнежня, у дзень правоў чалавека. Першую прэмію Францішка Аляхновіча атрымаў Ігар Аліневіч за кнігу «Еду в Магадан», а летась журы ўзнагародзіла адразу 6 ляўрэатаў і будзе ганараваць далей, пакуль у краіне не перавядуцца вязьні сумленьня. У сваіх прамовах ляўрэаты ня раз падкрэсьлілі, што за кратамі таемнае пісаньне і хаваньне рукапісаў — гэта адзіны шлях застацца чалавекам.

Узнагарода: Дыплём і падарункі.

Ляўрэаты: Прэміяй імя Францішка Аляхновіча ўганараваныя Ігар Аліневіч (2013), Алесь Бяляцкі (2014), Зьміцер Дашкевіч (2014), Фэлікс Пекер (2014), Павал Севярынец (2014), Аляксандар Фядута (2014), Ірына Халіп (2014).

Прэмія імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў

Прэмія за кнігу ў галіне непрыдуманай літаратуры была сёлета заснаваная з ініцыятывы Тамары Стагановіч-Кольбы, дачкі беларускіх эмігрантаў Аляксандра Стагановіча (1890-1988) і Марыі Стагановіч (1898-1995), якая пажадала ўшанаваць памяць пра бацькоў і падтрымаць непрыдуманую літаратуру ў Беларусі.

Сям’я Стагановічаў унікальная — усе сямейнікі пісалі мэмуары: бацькі Аляксандар і Марыя дажылі амаль да 100 гадоў і пакінулі па сабе ўспаміны, якія выйшлі ў выдавецтве «Лімарыюс» у сэрыі «Беларуская мэмуарная бібліятэка»; а мэмуары іх дзяцей Тамары і Льва яшчэ чакаюць публікацыі. На прэмію могуць быць вылучаны кнігі наступных жанраў нон-фікшн: мэмуары, успаміны, дзёньнікі, эпісталярная спадчына, біяграфіі, травэлогі (падарожныя нататкі), дакумэнтальная проза. У журы сёлета ўвайшлі дасьледчыкі гэтых жанраў, супрацоўнікі архіваў і музэяў, літаратуразнаўцы. На першую прэмію імя Аляксандра і Марыі Стагановічаў вылучаліся кнігі, апублікаваныя ў Беларусі на беларускай мове ў 2011-2014 гг.​ Пераможцы першай прэміі Стагановічаў былі абвешчаныя 22 красавіка.

Узнагарода: Дыплём, памятны знак і грашовы прыз.

Ляўрэаты: Сёлета прэмію атрымалі Сяргей Дубавец (1 месца), Генадзь Кісялёў (2 месца), Андрэй Федарэнка (3 месца).

Прэмія «Залаты апостраф»


Літаратурная прэмія «Залаты апостраф» заснаваная ў 2003 годзе рэдакцыяй часопіса «Дзеяслоў». Ганаруюцца ёю аўтары за найлепшыя публікацыі, што зьявіліся ў выданьні на працягу году.

За 12 гадоў існаваньня «Залатога апострафа» прэміяй былі адзначаныя каля 40 літаратараў у некалькіх намінацыях: «Проза», «Паэзія», «Дэбют», а таксама «За высокі ўнёсак у сучасную беларускую літаратуру». Некалькі гадоў запар да вызначэньня пераможцаў прэміі маглі спрычыніцца і чытачы «Дзеяслова» шляхам інтэрнэт-галасаваньня, аднак сёлета рэдакцыя адмовілася ад гэтага прынцыпу: відаць, меркаваньне чытачоў і сяброў пісьменьнікаў па сацыяльных сетках часта разыходзілася з меркаваньнем журы. Дасюль дзейнічала правіла, што пэўны аўтар можа атрымаць прэмію толькі аднойчы, але на сёлетняй цырымоніі ўручэньня арганізатары заявілі, што гатовы перагледзець статут, бо штогод у «Дзеяслове» зьяўляюцца вартыя творы ўжо ўганараваных аўтараў.
Узнагарода: Імянныя нататнікі і ганаровыя дыплёмы.

Ляўрэаты: «Залаты апостраф» атрымалі Васіль Быкаў (2003), Алесь Бадак (2003), Глеб Лабадзенка (2003), Людміла Рублеўская (2004), Усевалад Сьцебурака (2004), Алесь Пісьмянкоў (2004), Віктар Сьлінко (2005), Леанід Дранько-Майсюк (2005), Ганна Аўчыньнікава (2005), Вольга Іпатава (2006), Рыгор Сітніца (2006), Лізавета Дамініка Панамарова (2006), Андрэй Хадановіч (2007), Кастусь Тарасаў (2007), Ірына Бельская (2007), Уладзімер Някляеў (2008), Валянціна Аксак (2008), Віталь Рыжкоў (2008), Сяржук Сыс (2008), Валярына Кустава (2009), Міхась Андрасюк (2009), Віталь Быль (2009), Віктар Казько (2009), Вінцэсь Мудроў, (2010), Вольга Гапеева (2010), Франак Вячорка (2010), Анастасія Кухарэнка (2010), Анатоль Вярцінскі (2010), Ігар Бабкоў (2011), Віктар Жыбуль (2011), Алесь Плотка (2011), Кастусь Цьвірка (2011), Алесь Разанаў (2012), Алесь Паплаўскі (2012), Марына Яўсейчык (2012), Анатоль Кудравец (2012), Леанід Галубовіч (2013), Віктар Казько (2013), Алесь Бяляцкі (2013), Генадзь Бураўкін (2013), Сяргей Дубавец (2014), Людміла Сільнова (2014), Мікіта Найдзёнаў (2014), Ніл Гілевіч (2014).

Прэмія часопіса «ПрайдзіСьвет»

Літаратурная прэмія часопіса «ПрайдзіСьвет» уручаецца штогод з 2010 году за найлепшыя пераклады замежных твораў на беларускую мову. Журы вылучае найлепшых у трох намінацыях: «Проза», «Паэзія», «Публікацыя ў часопісе «ПрайдзіСьвет».

Перамагчы можа пераклад, апублікаваны як у электроннай, так і ў папяровай кнізе, як у онлайн-часопісе, так і офлайнавым пэрыядычным выданьні. Ляўрэаты прэміі атрымліваюць статуэткі з дрэва або тэкстыльныя лялькі, якія сымбалізуюць «ПрайдзіСьвета» — інтэлігента з вусамі і ў капелюшы, які ходзіць па сьвеце з кійком і кніжкай, літаратуру пачытвае, а там, глядзіш, то з ангельскае перакладзе, то з францускае, а то і з афрыкаанс.

Узнагарода: Дыплёмы і статуэткі ў выглядзе «ПрайдзіСьвета».

Ляўрэаты: Статуэткі «Прайдзісьвета» паставілі на паліцы Вера Бурлак (2009), Антон Францішак Брыль (2009), Ганна Янкута (2009), Вольга Калацкая (2010), Андрэй Хадановіч (2010), Сяргей Сматрычэнка (2010), Алеся Башарымава (2011), Марыя Мартысевіч (2011), Антон Францішак Брыль (2011), Сяргей Шупа (2012), Лявон Баршчэўскі (2012), Аляксей Жбанаў (2012), Вераніка Бяльковіч (2013), Андрэй Хадановіч (2013), Альгерд Бахарэвіч (2013).

Прэмія часопіса «Вясёлка» імя Васіля Віткі

У 2009 годзе рэдкалегія часопіса «Вясёлка» заснавала прэмію імя Васіля Віткі — дзіцячага пісьменьніка, першага рэдактара часопіса «Вясёлка» (1957-1974).

Ляўрэатам можа стаць аўтар верша, казкі, нарысу або малюнкаў, апублікаваных у «Вясёлцы» цягам году. У дзень прысуджэньня прэміі Васіля Віткі, якая адбываецца з размахам то ў Мастацкім музэі, то пад купалам цырку (сёлета, напрыклад, выступалі зоркі дзіцячага эўрабачаньня і мадэлькі з тэатральнай подыўм-школы), цяперашні рэдактар часопіса «Вясёлка» Уладзімер Ліпскі ўручае сваю імянную прэмію дзецям, чые творы пабачылі сьвет у «Вясёлцы». І выбар тут няпросты: летась, да прыкладу, у часопісе былі надрукаваныя першыя літаратурныя спробы 78 дзяцей.

Узнагарода: Мэдаль з партрэтам Васіля Віткі. Падзяка ад Уладзімера Ліпскага.

Ляўрэаты: Мэдаль з выявай Васіля Віткі маюць Мікола Чарняўскі (2010), Мікола Мятліцкі (2010), Павал Саковіч (2010), Анастасія Лебядзінская (2010), Расьціслаў Бэнзярук (2011), Раіса Баравікова (2011), Валянціна Чэпік (2011), Алена Масла (2012), Васіль Ткачоў (2012), Анатоль Клышка (2013), Алесь Карлюкевіч (2013), Віталь Дударэнка (2013), Людміла Захарэвіч (2013), Васіль Зуёнак (2014), Алесь Бадак (2014), Уладзімер Шулякоўскі (2014). Імянную прэмію Ўладзімера Ліпскага атрымалі Ангеліна Статкевіч (2010), Саша Бобрык (2010), Наташа Сакалянская (2011), Дзіма Быкаў (2011), Яніна Шавяленка (2014), Дзяніс Буторын (2014), Арына Карачун (2014).

Прэмія «Блакітны сьвін»

Антыглямурную прэмію «Блакітны сьвін» суполкі «Літаратурнае прадмесьце» можна атрымаць «за нонканфармізм і здольнасьць захаваць творчую самасьць».

Напрыклад, у 2010 годзе Пятро Васючэнка атрымаў прэмію «за стварэньне новае беларускае міталёгіі», а Віка Трэнас — «за прамоцыю беларускае літаратуры». Блакітны сьвін — гэта вясёлы пэрсанаж, вынік супольнае міталёгіі прадмесьцеўцаў, пра якога складаюць нятленкі, а потым зачытваюць і абмяркоўваюць на сустрэчах. Ляўрэат прэміі атрымлівае дыплём з пятачком і 100 чаго-небудзь, пры чым кожны год гэта нешта адметнае: 100 насовак, 100 алоўкаў, 100 сьвечак, 100 перапяліных яек. Здаецца, гэта адзіная беларуская прэмія з пачуцьцём гумару, гэткі беларускі «Шнобель». Дарэчы, на цырымоніі ўганараваньня ляўрэатаў у 2010 годзе сябры суполкі вырашылі заснаваць яшчэ адну прэмію — «Блакітнае карыта» — «за самы папсоідны твор ці ўчынак», аднак што з гэтага выйшла, гісторыя пакуль маўчыць. Відаць, адвечная беларуская памяркоўнасьць і дыпляматыя не дазволіла канчаткова рассварыць і так вельмі схільную да згрызотаў пісьменьніцкую супольнасьць.

Узнагарода: Дыплём + 100 чаго-небудзь.

Ляўрэаты: Ляўрэатамі ў розныя гады сталі Аксана Спрынчан (2006), Віктар Ываноў (2007), Мікола Кандратаў (2008), Маргарыта Аляшкевіч (2009), Віка Трэнас (2010), Пятро Васючэнка (2010), Натальля Кучмель (2011), Юлія Новік (2012).

Мядовая прэмія

Калярытная літаратурная прэмія існуе на Берасьцейшчыне. У 2001 годзе пружанскі паэт-пчаляр Мікола Папека супольна з Саюзам беларускіх пісьменьнікаў заснаваў смачную літаратурную прэмію, памер якой — пуд мёду. Гэтую прэмію быў бы рады атрымаць Віні Пух, аднак уручаецца яна толькі аўтарам, зьвязаным з Берасьцейшчынай. Раней цырымонія ўручэньня прэміі адбывалася ў Пружанах, а цяпер уганараваньне аўтараў усё часьцей праходзіць на іх радзіме.

Узнагарода: Пуд мёду.

Ляўрэаты: Гаршчок мёду атрымалі Алесь Каско (2001), Мікола Купрэеў (2002), Валер Грышкавец (2004), Валянціна Кукса (2005), Аляксей Філятаў (2006), Іван Мельнічук (2006), Леанід Галубовіч (2007), Кастусь Жмінько (2008), Лявон Валасюк (2008), Алесь Корнеў (2009), Алесь Зайка (2011), Васіль Дэбіш (2012), Ніна Горык (2013).

Абласныя літаратурныя прэміі

Абласныя літаратурныя прэміі ўручаюцца аблвыканкамамі літаратарам Віцебшчыны, Магілёўшчыны, Гарадзеншчыны, Берасьцейшчыны, Гомельшчыны і Міншчыны. Напрыклад, пісьменьнікі Гомельскай вобласьці могуць разьлічваць на прэмію імя Кірылы Тураўскага і на прэмію імя Аляксандра Капусьціна, праўда, асноўныя намінацыі прызначаныя толькі для сяброў праўладнага Саюзу пісьменьнікаў Беларусі. У Берасьці ўручаюць прэмію імя Ўладзімера Калесьніка, у Гародні — прэмію імя Цёткі. А ў Віцебску з 1999 году існуе прэмія імя Ўладзімера Караткевіча, якую па палітычных прычынах не прысуджалі з 2004 па 2008 год, пасьля аднавілі з пэрыядычнасьцю ў два гады, а з 2010 года вырашылі прысуджаць толькі раз на пяць гадоў — на юбілеі Караткевіча. Затое ў 2012 годзе ў Віцебску ўзьнікла новая літаратурная прэмія — імя Петруся Броўкі, штогадовая, як мае быць. У журы абласных прэміяў, як правіла, уваходзяць работнікі ўпраўленьняў адукацыі, культуры, ідэалягічнай працы аблвыканкама, а таксама прадстаўнікі грамадзкасьці. Наогул, усе дзяржаўныя прэміі асьвятляюцца ў СМІ надзвычай бедна.

Узнагарода: Памеры прэміяў вымяраюцца ў базавых велічынях і вагаюцца ад году да году і ад вобласьці да вобласьці.

Ляўрэаты: Лічыць — не пералічыць.

«Залаты купідон» і дзяржаўныя прэміі

Пра дзяржаўныя прэміі ў галіне літаратуры гучыць зусім мала, часта дзяржава проста не знаходзіць літаратурных дасягненьняў, вартых адзначэньня, і ўсе ляўры пажынаюць іншыя віды мастацтва. Працэс вылучэньня намінантаў, галасаваньне і ганараваньне ляўрэатаў застаецца выключна ў пастановах і не даходзяць да чытачоў, для якіх прэмія мусіць служыць знакам якасьці і арыентырам на літаратурным рынку. Можна згадаць прэміі імя Янкі Купалы (за творы паэзіі і драматургіі, не ўручаецца з 2000 году), Якуба Коласа (за творы прозы, літаратуразнаўства і крытыкі), Кастуся Каліноўскага (за працы ў мастацкай публіцыстыцы), Аркадзя Куляшова (за творы паэзіі і драматургіі), Івана Мележа(за творы прозы, мастацкай публіцыстыкі або літаратурна-мастацкай крытыкі), Янкі Маўра (за творы для дзяцей). Але дазнацца пра склад журы, кшталт узнагароды, сьпіс намінантаў і ляўрэатаў апошніх гадоў практычна немагчыма.
Выключэньне складае хіба «Залаты купідон», які з 2006 году штогод уручаецца на Дні беларускага пісьменства і нават мае старонку ў Вікіпэдыі. Прэмія ўручаецца аж у 11 намінацыях, ахоплены амаль усе роды і жанры літаратуры. Але гэта толькі прэтэнзія на ўсеахопнасьць, бо ляўрэатамі могуць стаць толькі сябры прадзяржаўнага саюзу пісьменьнікаў.
Сёлета на Дні беларускага пісьменства ў Шчучыне абяцаюць уручыць яшчэ адну прэмію — Нацыянальную. Яна будзе мець куды менш намінацыяў, што мусіць падкрэсьліць яе значнасьць. Але зноў ані згадкі пра працэдуру вылучэньня намінантаў, склад журы і мэханізм галасаваньня. Хто ў нас стане нацыянальным пісьменьнікам — невядома, але відавочна, сябрам якога пісьменьніцкага саюзу будзе шчасьліўчык.

Узнагарода: Ляўрэаты прэміі «Залаты купідон» атрымліваюць бронзавую статуэтку па эскізе Ўладзімера Жбанава, дыплём і грашовы прыз у памеры 15 базавых велічынь (памер прэміі можа вагацца з году ў год).

Кніга году

Так ці інакш, але ўсе літаратурныя прэміі, як бы яны ні імкнуліся аб’ектыўна ахапіць увесь літаратурны працэс, усё адно шмат у чым залежаць ад літаратурных густаў і палітычных поглядаў журы. Але сёлета Беларускім ПЭН-цэнтрам была абвешчаная новая літаратурная прэмія, якая прысуджаецца літаратарам самімі літаратарамі — самымі пільнымі іх чытачамі. У склад журы можа ўвайсьці любы сучасны аўтар, чыя кніга выйшла за апошнія пяць гадоў на любой мове, якой карыстаюцца беларусы. Сябры журы ня мусяць чытаць усе-усе кнігі, выдадзеныя за папярэдні год, — яны мусяць назваць толькі тры найлепшыя на іх погляд кнігі ў той намінацыі, якую яны судзяць. З названых кніг атрымаецца рэйтынг, з якога сябры журы зноў мусяць назваць сваіх трох фаварытаў. Лёс прэміі вызначаецца шляхам падсумаваньня балаў. Намінацыю «Проза» сёлета судзяць 32 празаікі, намінацыю «Паэзія» — 22 паэты, а намінацыю «Дзіцячая літаратура» — 8 дзіцячых пісьменьнікаў. У склад «малога» журы ўваходзяць аўтары, чые кнігі былі выдадзеныя ў 2014 годзе і тэарэтычна могуць стаць ляўрэатамі, іх галасы падсумоўваюцца асобна ад «вялікага», нэўтральнага журы. Якая кніга стане «Кнігай году», даведаемся ў красавіку.

Узнагарода: Прэмія мае сымбалічны характар.

Такім чынам, калі прагледзець сьпісы ляўрэатаў згаданых тут прэміяў, выглядае на тое, што найбольш уганараваныя ў нас Альгерд Бахарэвіч (5 узнагарод), Андрэй Хадановіч (5 узнагарод), Уладзімер Някляеў (4 узнагароды), Валянцін Акудовіч (3 узнагароды), Уладзімер Арлоў (3 узнагароды), Ігар Бабкоў (3 узнагароды), Антон Францішак Брыль (3 узнагароды), Сяргей Дубавец (3 узнагароды), Андрэй Федарэнка (3 узнагароды).

Паліна Масьлянкова для Радыё Свабода

Дзе беларусам добра. Мы не пытаемся, мы адказваем. Мы паказваем установы і арганізацыі, завітаўшы ў якія беларусы пачуваюцца, як дома. Дзе ўсё сваё – мова і кнігі, фільмы і стравы, напоі і ўборы, справы і забавы, героі і сьвятыя. Штотыдзень на нашым сайце чытайце і глядзіце пра беларускія гісторыі, мясьціны, сюжэты. Чакаем і вашых расповедаў.

Дасылайце вашыя гісторыі ў рубрыку «Дзе беларусу добра» на электронны адрас radiosvaboda@gmail.com

XS
SM
MD
LG