Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусы «гэкаюць»:

І ўсё мілагучна для слыху майго: І звонкае «дзе», і густое «чаго».

Пімен Панчанка

Шчылінны (праточны, фрыкатыўны) гук [г], калі вібруе задняя частка языка — як у словах гэты, год, га! — адна з адметных рысаў беларускага маўленьня, нас дзякуючы ёй пазнаюць.

Падобны гук [г] — асноўны таксама ва ўкраінскай, у славацкай, чэскай, горнасэрбскай (верхнялужыцкай) мовах. (Яго вымаўленьне дваякае — або задняй часткай языка, або глыбейшае, фарынгальнае, глоткай. Украінскі гук [г] хутчэй фарынгальны, а ў беларускай мове бываюць абодва вымаўленьні.)

У польскай, паўднёваславянскіх, балцкіх мовах нашаму шчыліннаму [г] адпавядае выбухны гук, пакуль што абазначым яго [g]. Ён нарматыўны і ў расейскай літаратурнай мове. Але на поўдні цяперашняй афіцыйнай прасторы расейскае мовы, напрыклад, у Растоўскай вобласьці (зрэшты, можна казаць і пра ўкраінскі субстрат тых дыялектаў), бытуе шчылінны [г]. Там носьбітаў маскоўскага моўнага стандарту дражняць:

Гуси гогочут, город горит,

Каждая гадость на «гэ» говорит.

Або:

Гришка, гад, гони гребёнку: гниды голову грызут!

Беларускі год — не расейскі

Кірылічная азбука створаная ў ІХ ст. Канстанцінам (Кірылам) з Солуні для паўднёваславянскай мовы. Баўгары скажуць, што для старабаўгарскай, а македонцы — што для старамакедонскай. У кожным разе не для беларускай, хаця на той час славянскія мовы былі бліжэйшыя міжсобку, чым цяпер. У гэтым сэнсе і спачатку кірыліца, і пазьней лацінка прыйшлі да нас звонку й былі прыстасаваныя перадаваць адметныя беларускія гукі.

Літара Г кірыліцы стала абазначаць у розных мовах два розныя гукі. Словы год ці рог у беларускай і расейскай пішуцца аднолькава, але вымаўляюцца розна (як, напрыклад, і словы зь літарай Ч).

Уклад беларусаў ва ўдасканаленьне кірылічнай азбукі вельмі значны. Яшчэ ў XV ст. пісары ВКЛ стварылі адсутную ў пачатнай кірыліцы літару Э, пазьней — літару Й, якімі цяпер карыстаюцца і іншыя мовы з кірылічнай графікай. У межах кірыліцы фармаваліся іншыя патрэбныя беларускай мове графічныя сродкі.

Жыкгімонт на дрыкганце

Усе, хто спасьцігаў багацьце беларускае мовы з твораў Уладзімера Караткевіча, спыняліся на таямнічым слове дрыкганты:

...Гэта былі сапраўдныя палескія дрыкганты, парода, ад якой зараз нічога не засталося. Усе ў палосах і плямах, як рысі або леапарды, зь белымі ноздрамі і вачамі, якія адлівалі ўглыбіні чырвоным агнём. Я ведаў, што гэткая парода вызначаецца дзіўнай трывалай, машыстай інахадзьдзю і падчас намёту імчыць вялізнымі скачкамі, як алень. Ня дзіва, што ў тумане мне такімі вялізнымі здаваліся іхныя скачкі...

«Дзікае паляваньне караля Стаха»

Коньнік Рэчы Паспалітай. Гравюра Абрагама дэ Бройнa з кнігі „Diversarum gentium armatura equestris“. Кёльн, 1587

Коньнік Рэчы Паспалітай. Гравюра Абрагама дэ Бройнa з кнігі „Diversarum gentium armatura equestris“. Кёльн, 1587

Разгубленыя акторы, што запісвалі Караткевічавыя творы для радыёспэктакляў, імкнуліся вымавіць назву старадаўняй пароды коней палітарна — «дрык-ганты», але выходзіла ня надта пераканаўча. Але ўсё прасьцей. Калі старадаўняя беларуская мова пазычала зь іншых моваў — з балцкіх, зь нямецкай, з лаціны, з польскай — словы з выбухным гукам [g], то гэты гук нейкі час (або і надоўга) зьберагаўся, не пераходзіў у свойскі шчылінны [г]. Казалі Я[g]айла, [g]рунт, кале[g]а, дры[g]ант.

Нашыя продкі ў XIV–XVII ст. для перадачы ў кірыліцы выбухнога гуку [g] выкарыстоўвалі дзьве літары — К і Г. Ад першай бралася выбуховасьць, ад другой звонкасьць, і дзьве літары абазначалі адзін гук — звонкі выбухны [g]. Відавочна, Караткевіч вычытаў слова ў старых тэкстах менавіта ў такім выглядзе:

...дрикгант был под королем велми спрацованыs...

(Пераклад «Кройнікі» Мацея Стрыйкоўскага, XVII ст.).

Хаця пісалі і праз звычайнае Г:

...А коли жъ еще ляхъ какъ жеребецъ ржетъ коло дѣвокъ какъ дрыгантъ коло кобылъ...

(Прамова Мялешкі, 1-я палова XVII ст.).

Спачатку адпаведны гук перадавалі і праз кг, і праз гк (не без уплыву спалучэньня γκ грэцкай мовы для такога ж гуку), к:

Се я княгиня ωгльгкирдовая оульяния оуставила єсми брати на церковъ божию...

Укладная грамата княгіні Юльяніі, Альгердавай жонкі, царкве ў Азярышчах на права зьбіраць падаткі. 1377 год. З „Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі“ Вацлава Ластоўскага

Укладная грамата княгіні Юльяніі, Альгердавай жонкі, царкве ў Азярышчах на права зьбіраць падаткі. 1377 год. З „Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі“ Вацлава Ластоўскага

Але пасьля некалькі стагодзьдзяў беларускія пісары ўжывалі менавіта спалучэньне кг (як заўважае гісторык мовы Аляксандар Булыка, яно дазваляе лёгка адрозьніць тэксты, створаныя ў Вялікім Княстве Літоўскім, ад пісаных у Маскоўскай дзяржаве).

Статут Вялікага Княства Літоўскага. Ад найясьнейшага гаспадара караля яго міласьці Жыкгімонта Трэцяга на каранацыі ў Кракаве выданы року 1588

Статут Вялікага Княства Літоўскага. Ад найясьнейшага гаспадара караля яго міласьці Жыкгімонта Трэцяга на каранацыі ў Кракаве выданы року 1588

Як бачым, княскія імёны балцкага паходжаньня захоўвалі выбухное вымаўленьне [g].

33-я літара

Нарэшце ў беларускім і ўкраінскім пісьменстве (яны былі тады моцна ўзаемазьвязаныя) зьявілася адмысловая літара для выбухнога гуку [g]. Яе прыдумаў невядомы нам моўны рэфарматар.

На гэты момант адмысловая рукапісная літара ўпершыню фіксуецца ў Перасопніцкім эвангельлі, створаным на Валыні ў сярэдзіне XVI ст., а друкаваная — у «Адэлфатэс», грэцка-славянскай граматыцы, надрукаванай у Львове ў 1591 годзе. У XVII стагодзьдзі яна масава ўжываецца ў беларускіх рукапісах і друках. Літару ўзаконьвае мовазнаўца Мялеці Сматрыцкі ў «Граматыцы славенскай» (Еўе пад Вільняй, 1618-19).

Вертаград душэўны. Вільня, 1620. Літара Ґ — у словах «Тѵпоґрáфскимъ» і «Тѵпоґрáфïи». З «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага

Вертаград душэўны. Вільня, 1620. Літара Ґ — у словах «Тѵпоґрáфскимъ» і «Тѵпоґрáфïи». З «Гісторыі беларускай (крыўскай) кнігі» Вацлава Ластоўскага

Літара захавала пачатны закруглены кшталт у рукапісным варыянце, а ў друку паступова набыла цяперашняе аблічча — Ґґ.

Так гаворыць народ

З [ґ] пажадана вымаўляць словы, якія так і бытуюць у беларускай народна-дыялектнай мове. Гэта даўно асвоеныя пазычаньні зь іншых моваў (ґузік), словы-гукаперайманьні (ґаґаць — пра гусей), а таксама ўласнабеларускія словы словы з каранёвымі зьбегамі зычных зґ, жґ, дзґ, джґ (мазґі).

У 1987 годзе пад грыфам Акадэміі навук выйшаў «Слоўнік беларускай мовы». Натуральна, савецкім правапісам, але ў ім, хай непасьлядоўна, пазначаецца вымаўленьне, якое не супадае з напісаньнем — напрыклад, «свята [сьвя]». У гэтым слоўніку з пазнакай «[выбухн. г]» знаходзім словы:

[ґ]

газа, газьнічка, газоўка (маецца на ўвазе вадкасьць ґаза, якая па-расейску „керосин“); ганак; гонта, гантовы і гонтавы (пра драўлянае пакрыцьцё даху); гарсэт; гарнец і гарчык; гвалт, гвалтоўна; гергетаць; гзымс ‘карніз’; гіз, гізаваць (муха-крывасмок і рэакцыя жывёлы на яе ўкусы); гіль ‘сьнягір’; гільза; гіпс; гуз, гузак; гузік; джыга; джыгіт; джгаць ‘джаліць’ і ‘хутка ісьці’; завэдзгаць; мазгі; нягеглы; розга; рэзгіны ‘прыстасова насіць сена’; швагер; цэгла, цагельня, цагляны; цугляць (і каня, і некага ў пераносным значэньні);

аднакаранёвыя з названымі ды іншыя словы.

А ў беларускіх гаворках пачуем аґрэст, возґры ‘насавая сьлізь’, ґлюґа ‘вялікая дзюба’, ґмах, , ґлоґ (па-расейску «боярышник»), ґеґа ‘парода гусей’ (Койданава) і ґеґа ‘крэмень’ (Дзятлава, Масты); ґвэгня ‘багна’ (Вялейка); ґерґуны ‘тыя, хто гавораць па-літоўску ў суседніх вёсках’ (Жодзішкі), ґарґара ‘занадта вялікі прадмет, будынак’ і сотні іншых.

Ґарґара

Ґарґара

І, вядома, спалучэньні зґ і падобныя: сьлізґаць (па лёдзе), плявузґаць (абы-што), джґір ‘ёрш’. У дасьледаваньнях Пётры Садоўскага (калектыўная праца «Фанетыка слова ў беларускай мове», 1989) носьбіты літаратурнае мовы старэйшага пакаленьня гаварылі таксама ґазэта, ґуст, інтэліґенцыя.

Правільна ўжытыя ў народных словах г і ґ сьведчаць пра натуральнасьць беларускае мовы ў вуснах чалавека. Прыкладам, вакол слова ґузік абяртаецца сюжэт дзьвюх песень. Адна — з «Народнага альбому»:

Вось дык наступствы

Сустрэчы на лузе:

Ходзіць па вёсцы

Бяз ґузіка Юзік!

Аёй, аёй!.. «Бойка на лузе»

Сапраўды, аўтэнтычны Юзік можа быць толькі з [ґ]узікам!

Другая — «Гузік» гурту Нейра Дзюбель.

Варта павагі, што звычайна расейскамоўны сьпявак запісаў песьню па-беларуску. Але [h]узік выдае, што гэта толькі пачатак добрае справы, трэба дасканаліцца.

Бяз крайнасьцяў

Гукавое багацьце беларускае мовы натхняе. Часам тыя, хто даведваецца пра [ґ], пачынаюць ужываць яго вельмі шырока. Кажуць (і пішуць), напрыклад, «ґеаґрафія», «дыяґностыка». Аднак асноўным для нашае мовы гукам усё ж было і ёсьць [г] фрыкатыўнае, і ў шматлікіх адносна новых пазычаньнях, тэрміналёгіі наўрад ці трэба ўсюды захоўваць [ґ].

Украінцы маюць падобныя праблемы зь неапраўданым пашырэньнем вымаўленьня [ґ]. Аўтарытэтны мовазнаўца Аляксандар Панамарыў прапаноўвае зважаць на тое, што ў грэцкай мове выбухны [ґ] таксама перайшоў у шчылінны [г], а значыць, «дзіўна было б украінцам «ґэкаць» у грэцкіх словах, калі самыя грэкі «гэкаюць». І нам варта ўжываць такі падыход — да грэцкай з паходжаньня дыягностыкі.

Калі-нікалі [ґ] вымаўляюць, кіруючыся найлепшымі памкненьнямі, там, дзе яго няма і ў іншых мовах-крыніцах. У песьні «Народнага альбому» сантымэнтальная Аліцыя слухае маркотныя сьпевы жабаў і робіць менавіта такую памылку:

«...і чытала на памяць Ґорацыя».

Арыгінал лацінскага імя паэта — QVINTVS HORATIVS FLACCVS. Родавае імя Horatius пачынаецца з фрыкатыўнага гуку — вельмі блізкага да беларускага шчыліннага [г], не выбухнога.

Сеціва: лепш ґуґель, чым падонкі

У канцы слова зычныя аглушаюцца, і наш гук [г] пераходзіць у [х]: стог вымаўляецца [стох]. Нейкі час таму ў расейскамоўным інтэрнэце зьявілася мода пісаць з памылкамі («язык падонкаф»). Калі па-расейску напісаць мальчег, то прачытаецца гэта ўсё адно [мальчик], бо расейскае г аглушаецца ў [к]. Але нехта паспрабаваў перанесьці расейскае вычварэньне на беларускую глебу і напісаў «хлопчэг», атрымалася абы-што, бо вымавіць гэта можна хіба што [хлопчах], а зусім ня хлопчык.

Іншае ўзаемапранікненьне беларускае мовы зь сецівам яшчэ патрабуе дасьледзінаў. Ґуґіль або ґуґель у беларускіх гаворках мае і такія значэньні: 1. Бабка. Ґуґіль рабілі так: у драную бульбу грэцку муку дабаўлялі, як сьпячэш, яго кускамі рэжаш (в. Лісна В.-Дзьв. р-ну) 2. Вельмі густая страва. Не зацірка, а ґуґяль (в. Кіралі Шчуч. р-ну). І наагул выраб зь цеста (параўн. ням. і ідыш Gugel, kugel; літоўск. kugelis). Як вядома, у 1938 годзе малы Мілтан Сірата на просьбу свайго дзядзькі-матэматыка Эдварда Касьнера для абазначэньня ліку 10100 прыдумаў слова googol, ад якога пазьней пайшло найпапулярнейшае слова сьвету Google. Хай бы гісторыкі кампутарызацыі высьветлілі, ці не паўплывалі на хлопчыка ўспаміны пра кулінарныя вырабы ягоных усходнеэўрапейскіх продкаў ☺

Google сьвяткуе юбілей Янкі Купалы

Google сьвяткуе юбілей Янкі Купалы

Хай жывуць Ґётэ і «Ґёсэр»

Браніслаў Тарашкевіч выдаваў «Беларускую граматыку для школ» лацінкай і кірыліцай. У першай ёсьць літары H i G, у другой адпаведна Г і Г’. Пры гэтым мовазнаўца зазначыў, што выбухны гук «у беларускай мове сустракаецца рэдка». Ян Станкевіч папулярызаваў літару Ґ, яе ўжывалі некаторыя выданьні, найперш віленскія.

Ва ўкраінскай мове Ґ была паўнавартаснай літарай альфабэту, што ўплывала і на беларускую моўную практыку. Але з пачаткам русіфікатарскай рэакцыі ў БССР і УССР у 1930-я літару ґ цалкам выкаранілі як сьведчаньне адрознасьці гэтых моваў ад расейскай. Ва Ўкраіне літара Ґ аднавіла правы ў 1990 годзе як пятая літара альфабэту.

Варыянт рукапіснай літары Ґґ

Варыянт рукапіснай літары Ґґ

У цяперашніх правілах беларускага клясычнага правапісу літара Ґ (назва ґе) у альфабэце факультатыўная, пры расстаўляньні словаў у альфабэтным парадку яна роўная літары Г.

Беларускі альфабэт у падручніку Валянтыны Пашкевіч „Fundamental Byelorussian / Беларуская мова“, кн. 1. Таронта, 1974.

Беларускі альфабэт у падручніку Валянтыны Пашкевіч „Fundamental Byelorussian / Беларуская мова“, кн. 1. Таронта, 1974.

Рэкамэндуецца не пісаць яе ў агульнай лексыцы, а ўжываць толькі ў запісаных па-беларуску іншамоўных імёнах і назвах — для іх дакладнай перадачы. Напрыклад, у нямецкай мове прозьвішчы паэтаў Goеthe i Heine пачынаюцца зусім з розных гукаў, і ў беларускай мове мы можам гэта перадаць: Ґётэ, але Гайнэ. Ці мо каму бліжэйшая іншая сфэра — «Gösser» і «Holsten» будуць «Ґёсэр» і «Гольстэн».

А крычаць часам трэба менавіта ґвалтам, але пісаць так — неабавязкова.

  • 16x9 Image

    Вінцук Вячорка

    Нарадзіўся ў Берасьці ў 1961. Як мовазнаўца вывучаў мову выданьняў Заходняй Беларусі міжваеннага часу, ініцыяваў сучаснае ўпарадкаваньне беларускага клясычнага правапісу, укладаў беларускія праграмы і чытанкі для дашкольных установаў. Актыўны ўдзельнік нацыянальнага руху, пачынаючы з "Майстроўні" і "Талакі" 1980-х. Аўтар і ўкладальнік навукова-папулярных тэкстаў і кніг, у тым ліку пра нацыянальную сымболіку.

Яшчэ на гэтую тэму

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG