Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Школа без «галавы»: лінейка ў гімназіі, дзе дырэктара затрымалі па падазрэньні ў атрыманьні хабару


Як і іншыя школьныя ўстановы, чарговы навучальны сэзон менская беларуская гімназія № 4 распачала чарадой урачыстых лінеек і кляснымі сходамі з удзелам бацькоў. З той толькі розьніцай, што якраз напярэдадні навучальнага маратону калектыў застаўся без «галавы» — шматгадовага дырэктара Юрыя Бандарэнку затрымалі пры спробе атрыманьня хабару.

Крымінальная гісторыя спадара Бандарэнкі — заслужанага настаўніка Беларусі, выдатніка адукацыі СССР, РСФСР і БССР, уладальніка мэдаля Францішка Скарыны, кіраўніка адной зь нешматлікіх беларускамоўных гімназіяў краіны — атрымала шырокі розгалас. Вельмі жыва абмяркоўвалі яе на разнастайных інтэрнэт-форумах.

Падручнікі сэзону 2016/2017

Падручнікі сэзону 2016/2017

Удзень 18 жніўня ў гімназію наведаліся супрацоўнікі Камітэту дзяржбясьпекі з падразьдзяленьня па барацьбе з эканамічнымі злачынствамі. На некалькі гадзін усе ўваходы-выхады ў будынку былі перакрытыя, за ператрусам у кабінэце № 1 назіралі панятыя. Бандарэнку інкрымінаваўся хабар у памеры 500 даляраў за спрыяньне ў пераводзе дзіцяці з пачатковай школы ў гімназічны кляс. Грошы, як выявілася, былі «мечаныя», апэрацыя, адпаведна, сплянаваная. І хоць пра закулісныя справы дырэктара гаварылі даўно, падставы адправіць за краты 68-гадовага пэнсіянэра зьявіліся толькі цяпер.

Тут быў Юры Міхайлавіч

Тут быў Юры Міхайлавіч

Чарговы навучальны год гімназія № 4 пачынае пад кіраўніцтвам Галіны Мікалайчык — намесьніца Юрыя Бандарэнкі цяпер выконвае абавязкі дырэктара. Зрэшты, бліскучая таблічка з прозьвішчам старога кіраўніка на дзьвярах прыёмнай пакуль застаецца — ягоны статус павінна вызначыць сьледзтва і пры неабходнасьці суд. На сваіх падначаленых Юры Міхайлавіч пакуль яшчэ ганарова глядзіць са шматлікіх фатаздымкаў з падсьветкай, разьвешаных па сьценах.

Дырэктарская фотагалерэя

Дырэктарская фотагалерэя

Жалобы па адсутным кіраўніку ў настаўніцкім калектыве не адчуваецца. «Выносіць сьмецьце з хаты» адміністрацыя не рэкамэндуе, але ў прыватных гутарках некаторыя выкладчыкі кажуць, што атмасфэра стала нашмат больш здаровай. Зьнікла адчуваньне прыгнечанасьці і няўпэўненасьці — кадравая палітыка апошнім часам наўпрост залежала ад настрою дырэктара. Пэдагагічная нарада ўпершыню за шмат гадоў прайшла ў атмасфэры разьняволенасьці:

Намесьніца дырэктара Вольга Лукʼянчук

Намесьніца дырэктара Вольга Лукʼянчук

«Магу запэўніць, што ўсё ў нас добра, — кажа намесьніца дырэктара па вучэбнай працы Вольга Лукʼянчук. — Атмасфэра сьвяточная, нашы пэдагогі — высокія прафэсіяналы. Сёлета далучыліся новыя людзі зь першай, з вышэйшай катэгорыяй. Напрыклад, Вольга Пашкевіч, вельмі добры, вялікай духоўнасьці чалавек. Алена Пісарчык прыйшла пасьля дэкрэтнага адпачынку з 23-й гімназіі, у яе дыплём з адзнакай Лінгвістычнага ўнівэрсытэту, магістратура. Сёмаму „Г“ проста пашчасьціла. Але самае галоўнае, усе нашы настаўнікі — добрыя, таленавітыя людзі, якія хочуць, умеюць і будуць працаваць з нашымі дзеткамі. Таму мы цалкам падрыхтаваныя да навучальнага году, і заўтра ў 8:30 празьвініць першы ў гэтым сэзоне званок на першы ўрок».

Алена Пісарчык знаёміцца з 7-м «Г»

Алена Пісарчык знаёміцца з 7-м «Г»

Гімназія № 4 — адна зь пяці беларускамоўных у Менску і адзіная такая ў Фрунзэнскім раёне. У мікрараёне Кунцаўшчына яе шчыльна атачаюць расейскамоўныя школы. Невыразная моўная палітыка, супраць якой гадамі змагаецца бацька гімназістаў, вядомы скульптар Гэнік Лойка, не спрыяла ажыятажнаму попыту на навучаньне пад яе дахам. Зноў жа, шмат каго насьцярожваў імідж дырэктара і паступленьне «выключна па прапісцы».

Адна са старэйшых выкладчыц Людміла Ліпень з вучаніцай

Адна са старэйшых выкладчыц Людміла Ліпень з вучаніцай

Сёлета, як кажа Вольга Лукʼянчук, ніякіх абмежаваньняў няма, і лік ахвотных бʼе рэкорды — перадусім гэта тычыцца пяціклясьнікаў, якія пасьля пераходных іспытаў атрымліваюць гімназічны статус:

«У нас чатыры 5-я клясы, у кожным па 25–26 чалавек. Так што наборы вялікія, і сёлета на паступленьне ў 5-ю клясу нават быў конкурс».

Што, уласна кажучы, і саслужыла дрэнную службу Юрыю Бандарэнку: паўтысячы даляраў у якасьці «прэміяльных» павінны былі паспрыяць пераводу абʼектыўна слабога дзіцяці ў 5-ю клясу.

Кляса для самых маленькіх

Кляса для самых маленькіх

Як бы там ні было, кажа намесьніца па вучэбнай працы гімназіі № 4 Вольга Лукʼянчук, зацікаўленасьць бацькоў і дзяцей у беларускамоўным навучаньні можна толькі вітаць:

«Сёньня бачыла, што прыходзілі ўжо са сваімі дзеткамі нашы выпускнікі — 1996-га, 2000-га, іншых гадоў. Гэта асэнсаванае жаданьне людзей, каб іх дачка ці сын навучаліся менавіта ў беларускамоўнай гімназіі. Да таго ж многія жывуць недалёка ад гімназіі, бачаць, якія імпрэзы ладзяцца ў нас у нацыянальным кірунку. Таму гэта, як я бачу, таксама і ўнутранае пакліканьне — вучыць дзяцей менавіта тут».

Куток беларускіх клясыкаў

Куток беларускіх клясыкаў

За часы свайго амаль 20-гадовага дырэктарства Юры Бандарэнка вывеў школьную ўстанову ў лік перадавых калі ня ў моўным пытаньні, дык у пляне ўзорнага антуражу то напэўна. Бацькі пад ціскам рашэньняў апякунскай рады спраўна рамантавалі падлогу, мянялі вокны, набывалі ў кабінэты корпусную і мяккую мэблю, скідваліся на навамодную апаратуру і кампутары, азелянялі навакольную прастору.

Як любіць казаць моўны руплівец і часты госьць гімназіі Гэнік Лойка, цяпер толькі засталося абярнуць камфортныя ўмовы на карысьць беларускай справы. «А пакуль ня будзе сапраўднай беларускамоўнай школы — ні на якія рамонты грошы здаваць ня буду», — яшчэ летась заявіў ён дырэктару Бандарэнку.

Падараваны гімназіі бюст Караткевіча аўтарства Лойкі

Падараваны гімназіі бюст Караткевіча аўтарства Лойкі

І хоць сам Лойка некалькі гадоў таму адседзеў 5 сутак за несанкцыянаваны пікет пад вокнамі гімназіі, прымеркаваны да Міжнароднага дня роднай мовы, затрыманаму дырэктару спачувае — цяпер ужо як «таварышу па няшчасьці».

Згадаць запаветы Скарыны

Згадаць запаветы Скарыны

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG