Лінкі ўнівэрсальнага доступу

На Рыскім саміце няма нічога супраць Расеі, — Лінкявічус


Лінас Лінкявічус, архіўнае фота

Лінас Лінкявічус, архіўнае фота

Лінас Лінкявічус, міністар замежных спраў Літвы, адмовіўся ацэньваць блякаваньне Армэніяй і Беларусьсю палажэньняў з асуджэньнем Расеі за анэксію Крыма ў праекце Супольнай дэклярацыі Рыскага саміту «Ўсходняга партнэрства».

«Гэта пазыцыі дзяржаваў, мне некарэктнта было б іх камэнтаваць, зразумейце мяне правільна», — сказаў спадар Лінкявічус у інтэрвію Свабодзе перад пачаткам саміту ў Рызе.

А вось заяву МЗС Расеі пра тое, што Рыскі саміт зьяўляецца «антырасейскім» спадар Лінкявічус паркамэнтаваў:

«Саміт яшчэ не адбыўся, а яго так назвалі. Можа, яны ведаюць болей за нас. Тут няма нічога ні супраць Расеі, ні аб Расеі. Вядзецца якраз пра тыя дзяржавы, якія ўдзельнічаюць у праграме. Яны маюць нейкія амбіцыі, нейкія пляны, і мы зь імі размаўляем. Ніхто нічога не плянуе ні супарць Расеі, ні з Расеяй, на жаль, таму што такія працэсы цяпер адбываюцца...»

Паводле спадара Лінкявічуса, у Расеі могуць даведацца пра тое, што адбываецца, з паведамленьняў СМІ: «Усе ведаюць, каму цікава».

Тое, што на саміт у Рыгу прыбывае не прэзыдэнт Беларусі Аляксандар Лукашэнка, а міністар замежных спраў Уладзімер Макей, спадар Лінкявічус ацаніў наступным чынам:

«Гэта рашэньне прэзыдэнта, куды ехаць, куды ня ехаць. Мы запрасілі краіну на саміт, і яе праўстаўнік будзе. Я ведаю, што міністар замежных спраў прыедзе, так што мы будзем зь ім гутарыць».

Пра саму праграму «Ўсходняга парнэрства» спадар Лінкявічус заявіў:

«Гэты праект рухаецца наперад, нягледзячы на вельмі вялікія перашкоды: ваенныя дзеяньні ва Ўкраіне, анэксію часткі Грузіі, націск на Малдову, — зыходзячы зь іх вольнага выбару, нягледзячы на гэта, справы рухаюцца наперад. Думаю, што гэта пасьпяховы праект, які мае будучыню. Магчыма, ён рухаецца павольней, чым хацелася б, але я бачу пазытыў. Пры гэтым самім дзяржавам належыць вырашаць, яны маюць і іншы выбар, некаторыя зь іх зьяўляюцца сябрамі Мытнага саюзу, некаторыя рухаюцца ў гэтым кірунку. Гэта не зьяўляецца вялікай праблемай, мы гатовыя прымаць кожнага».

Спадар Лінкявічус зазначыў, што Эўразьвяз адкрыты і на дыялёг з Расеяй, але ён павінен будавацца на аснове павагі да міжнароднага права, каштоўнасьцяў і абавязацельстваў.

XS
SM
MD
LG