Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Гомсельмаш» выправіў у вымушаны адпачынак тысячы рабочых. «Гэта вынік эканамічнай палітыкі Лукашэнкі» — экспэрт


5 чэрвеня найбуйнейшы ў Беларусі вытворца сельскагаспадарчай тэхнікі — дзяржаўнае акцыянэрнае таварыства «Гомсельмаш» зноў выправіла ў вымушаны адпачынак тысячы сваіх рабочых. Паводле загаду генэральнага дырэктара Аляксандара Камко, сельмашаўцы будуць «на канікулах» усе працоўныя пятніцы — 5, 12, 19, 26, а таксама 27 чэрвеня.

Кіраўніцтва «Гомсельмаша» тлумачыць вымушаныя адпачынкі «зьніжэньнем аб’ёмаў вытворчасьці, паступленьня грашовых сродкаў, адсутнасьцю поўнага матэрыяльнага забесьпячэньня». Прынамсі, гэтак гаворыцца ў загадзе № 487, падпісаным генэральным дырэктарам кіроўнай холдынгавай кампаніі.

Мінулай зімою, калі сельмашаўскія прадпрыемствы таксама прастойвалі і ў пятніцы, і ў панядзелкі, кіраўнікі тлумачылі тое імкненьнем «эканоміць энэргарэсурсы». Цяпер і асьвятленьня асаблівага ня трэба, і ацяпленьня, аднак сытуацыя не мяняецца.

Рабочы галаўнога прадпрыемства «Гомсельмаша» так адгукаецца пра канікулы, якія зноў спасьціглі 10-тысячнае прадпрыемства:

«На ўвесь месяц чатырохдзёнка — працы як такой няма. Камплектуючых бракуе — то таго, то іншага няма. Шмат страчваем у заробку. Абяцаюць, што выйсьце знойдуць».

На прахадной заводу самаходных камбайнаў нават у абед пануе зацішша. Зрэдку выходзяць супрацоўнікі бухгальтэрыі, службаў забесьпячэньня. Рабочы ЗСК, які назваўся Алегам, кажа, што з-за вымушаных «летніх канікулаў» у многіх сельмашаўцаў заробак скурчыўся да памераў мінімальнага спажывецкага кошыка, бо людзей з участкаў адпраўляюць у вымушаныя адпачынкі і без агульнага загаду. Складзены сьпісы тых рабочых, без каго заводы могуць пакуль абыходзіцца, каго можна адправіць у адпачынак на дзьве траціны тарыфнай стаўкі.

Алег: «Дзьве траціны — гэта мільён 400 тысяч. А людзі крэдыты плацяць, камунальныя. Дый паесьці трэба штосьці купіць. Людзі выжываюць».

Галоўную прычыну цяперашняй цяжкой сытуацыі суразмоўца бачыць у адсутнасьці збыту вырабленай сельгастэхнікі. Няма збыту — няма грошай. За так цяпер ніхто нічога не дае — ні мэтал купіць, ні якія вузлы ці сыстэмы. Прэм’ер-міністры, колішні і цяперашні, нібыта толькі й робяць, што наведваюць прадпрыемства, а прыкметных зрухаў не назіраецца:

«Усё кепска. Чатырохдзёнка, працы бракуе. Прэм’ер-міністры езьдзяць, а толку нямашака. Камбайны стаяць — і ніхто іх не купляе.Трэба шукаць якога інвэстара, каб сюды прыйшоў. Тут наагул можна ўвесь завод прыбраць, абсталяваньне на ЗЛІН перавезьці, а на гэтым месцы горад будаваць».

Тут наагул можна ўвесь завод прыбраць, абсталяваньне на ЗЛІН перавезьці, а на гэтым месцы горад будаваць

Былы рабочы «Гомсельмаша», які летась пакінуў прадпрыемства з прычыны цяжкой на ім сытуацыі, лічыць, што прычыны крызіснага стану маюць зусім не лякальны характар:

«Яны ня могуць кіраваць дзяржавай — даўно кіраўніцтва трэба мяняць. Усе прадпрыемствы прастойваюць. У Гомелі Сельмаш стаіць, ЗЛІН стаіць, завод імя Кірава стаіць. Яны ня могуць кіраваць дзяржавай. Трэба гандляваць з Эўропай, а ня лезьці ў Паўднёвую Амэрыку».

Незалежны аналітык, кандыдат эканамічных навук Леанід Заіка лічыць, што ў беларускай прамысловасьці, на «Гомсельмашы» ў прыватнасьці, назіраецца клясычны крызіс перавытворчасьці, спароджаны дзейнай эканамічнай палітыкай:

«Гэты крызіс — гэта вынік эканамічнай палітыкі беларускіх уладаў і прэзыдэнта. Яна, палітыка, была сацыялістычная: пачакаем, калі скончацца ўсе цяжкасьці на постсавецкай прасторы, захаваем нашы заводы — трактарны, аўтамабільны, „Гомсельмаш“ — і выйдзем пасьля ў беленькіх гарнітурыках: у нас усё ёсьць, мы ўсё захавалі. Гэта была памылка, сур’ёзная памылка. Трэба было рабіць рэструктурызацыю, мяняць эканамічную сыстэму — акуратна, граматна. Цяпер маем крызіс клясычны, які яшчэ Маркс апісваў — крызіс адноснай перавытворчасьці. Беларусь вырабляе больш тавараў, чым можа спажыць рынак».

Як мяркуе незалежны эканаміст, цяпер Беларусь са сваімі «сацыялістычнымі прадпрыемствамі» пажынае плады дваццацігадовай бязьдзейнасьці:

«На зьнешніх рынках кошты ўпалі на 28 адсоткаў. Калі б мы маглі кошты зьнізіць на гэтыя дваццаць восем адсоткаў, наша прадукцыя туды пайшла б. Мы ня можам, не атрымліваецца, бо ў нас высокія і працоўныя, і капітальныя выдаткі. Таму цяпер мы ў цалкам лягічнай сытуацыі, калі і Лукашэнка, і ўрад пажынаюць плады таго, чаго яны не рабілі. Крызіс ад бязьдзейнасьці — дваццаць гадоў проста страцілі».

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG